Мы, ужо колькi гадоў як ня генii, але яшчэ й не «бескрыдлатыя паэты», скончылi размову тым, што лiчбы сьвецяць выключна нам, i выйшлi на вулiцу. Сканчаўся ўсяго толькi трэцi дзень перадапошняга году другога тысячагодзьдзя. I гэты мiзэрны факт ня мог не напаўняць нашыя зьлёгку захмялелыя мазгi ўпэўненасьцю, што ўжо менавiта нас там будзе каму ўзгадаць. Раптам, зiрнуўшы на супрацьлеглы дом, я зрабiў маленькае адкрыцьцё. Мяне й раней зьдзiўляў прыгожы фасад будынка канца мiнулага стагодзьдзя, недарэчна зацiснуты дваром гасьцiнiцы «Мiнск». I толькi зараз нарэшце да мяне дайшло, што я стаю на самай сапраўднай Захараўскай вулiцы. I гатэльны двор — гэта яе былая праезная частка. Далiбог, толькi фантастычны горад Менск i здольны падносiць такiя сюрпрызы. Мэтамарфоза была настолькi нечаканаю, што я ня здолеў адмовiць сабе ў задавальненьнi пастаяць на Захараўскай хоць колькi хвiлiн. Не заўважаючы нi фасадаў Сталiнскага праспэкту, нi тых шчасьлiвых трох дзявятак.
Яшчэ нават у плянах не нарадзiлася «Наша Нiва», яшчэ не напiсаныя «Пагоня» i «Дзьве душы», яшчэ няма бел-чырвона-белага сьцяга. «Ах, да. Некий господин из Вильно, как его там, простите, Бурачок, что-то такое выдал на местном наречии». Шаноўная публiка яшчэ не здагадваецца, у якой краiне яна насамрэч жыве. Але паветра гэтае краiны ўжо напаўняецца спрадвечным зьместам. I вельмi хутка знойдуцца тыя, хто, ап'янёны грандыёзнасьцю задумы, будзе гатовы ахвяраваць ёй ня толькi iмёны, а ўласныя жыцьцi. Быць першымi — як гэта пераможна гучыць! Тым больш, што хутка пачнецца новы век.
«Чаго гэта ты застыў як слуп?» — глядзеў на мяне прыяцель, зьбянтэжаны маёй прастрацыяй. «Ды так, нiчога. Нахлынулi ўспамiны... Што, баiсься ў новую эру iсьцi? А ты ня бойся, я ўнукам раскажу, якi ты быў таленавiты». Сказаў яму я i сыйшоў з Захараўскай на Валадарскага.
Немец
Калiсьцi ў сваiм пiянэрскiм дзяцiнстве мы любiлi гуляць у немцаў i рускiх. Колькi сябе памятаю, мне заўсёды хацелася быць немцам. Рускiм я ўжо быў. Таму, яшчэ й гуляць у яго падавалася ня надта цiкавым. Не спакушала нават гарантаваная перамога. Наадварот, роля невядомага заваёўнiка-чужынца вабiла незвычайна. I, не асаблiва разумеючы сэнсу словаў, я па-геройску выкрыкваў "Хай Гiтлер", падкошаны ўяўнай куляю. З тае пары "немец" стаў для мяне сынонiмам пагрозы й моцы. Пакуль я ня ўбачыў аднаго з нашчадкаў няспраўджаных гаспадароў Эўропы.
Напачатку дзевяностых да маёй знаёмай мусiў завiтаць яе дзелавы партнэр зь Нямеччыны. Яна папрасiла, каб я сустрэў яго на вакзале. На менскi пэрон няўпэўненай хадою сыйшоў зусiм ня зьверскага выгляду пузаценькi чалавечак зь перапалоханым тварам. У маiм лексыконе не знайшлося нiводнага слова, вядомага нам абодвум. Акрамя, можа, кiношнага "хандэхох". Чым я яго й прывiтаў. Але немец не ацанiў майго бяскрыўднага жарту. Адно з вымучанай усьмешкай азiрнуўся па бакох. Прабiраючыся за мною ў мярзотнай лiстападаўскай гразюцы ўздоўж руiнаў старога вакзалу, адкуль выбег перапалоханы пацук, паўз убогiя жалезныя шапiкi зь беляшамi, цi ня з тых пацукоў зробленымi, скрозь мiлыя, заўжды гасьцiнныя твары нашага бамжатнiку, мой арыец раптам разгаварыўся. Прычым дзьве фразы паўтаралiся асаблiва часта, каб я iх мог запомнiць. "Das ist Ihre Schuld", i "Das alles haben wir gemacht". "Ага, — думаў я, — у цiхiм гандляры нарэшце прачынаецца волат-крыжак". Я паглядзеў на яго з павагаю. Ён нарэшце прыняў для мяне нармальны, згодны з маiмi стэрэатыпамi, выгляд. А то якi ж немец ня марыць вярнуцца ў бацькоўскiя акопы!
Я папрасiў сваю знаёмую перакласьцi тыя ваяўнiчыя фразы, якiя немец, як апантаны, працягваў гаварыць. I высьветлiлася, што мой заваёўнiк тлумачыў мне ўсю дарогу наступнае: "Гэта нашая вiна" i "Гэта ўсё зрабiлi мы". Ён ад самага цягнiка першаму сустрэчанаму беларусу, гэта значыць мне, прыносiў прабачэньнi за ўсё, што нарабiлi тут ягоныя дзяды, i за разбомблены вакзал у прыватнасьцi. Такога павароту ў сюжэце я не чакаў. Мы з сяброўкаю як маглi супакойвалi нашага заходняга госьця, тлумачыўшы яму, што стогадовы вакзал не загiнуў пад нямецкай авiябомбай, што страшныя людзi на плошчы ня ёсьць сьледзтвам згвалтаваньня эсэсаўцамi славянскiх жанчынаў, i што бруд на вулiцах пакiнулi ня боты жаўнераў Вэрмахту. Але ён нам верыў не да канца.
Мы пасьля наладзiлi яму азнаямляльную эксурсiю па сталiцы. Па зруйнаванай Нямiзе, па скалечаным Верхнiм горадзе, па тых кварталах, што пакорлiва й сумна чакалi свайго зьнiшчэньня, i сквэрах, пераробленых са шматлiкiх могiлак. Пры гэтым мы паўтаралi яму: "Das alles haben wir gemacht" — "Гэта ўсё зрабiлi мы". Але дзеля чаго ўсё гэта, ён зразумець ня змог. "Можа, дзеля таго, каб за нас каялiся нашыя дзецi", — прыдумаў я апраўданьне гэтай вайне.
А дзецi гулялi ў вайну. На аскепках Замкавай вулiцы добра гуляць у гэтую гульню. "Яны гуляюць у немацаў?" — запытаўся госьць. "На шчасьце, не. Але, на жаль, i не ў беларусаў".
Суцяшала адно — усе хацелi быць пераможцамi.
Матор-шоў