Тая, што маладзейшая ды папрыгажэйшая, наблiзiлася да нас i сказала адну толькi фразу. З двух словаў. Сказала так, нiбы жадала падзялiцца глыбокай асабiстай радасьцю зь першымi сустрэчнымi. Сказала так, што недапiтая бутэлька iмгненна перайшла ў яе брудныя рукi. Сказала так, што нашыя затарможаныя мазгi на пару сэкундаў далi пачутаму веры.
«Лукашэнка памёр».
На трэцяй сэкундзе да нас дайшло, што нас падманулi. Што хiтрая бамжыха дакладна разьлiчыла, чым можна «ўзяць» двух беларускамоўных пахмельнiкаў. Але ж асабіста ў мяне радасьцi якраз i не было. Той радасьці, зь якой, здавалася, сустрэну гэтую вестку. I смутку не было таксама. Была кароткая асалода ад моманту такога гарманiчнага пераходу казкi ў рэальнасьць, ночы ў дзень. З новымi надзеямi, з новымi праблемамi, з новымi жанчынамi.
Кальварыя
Ідучы днямі паўз Кальварыю з нацыянальнай беларускай хваробай мэлянхоліяй у душы, і з дамаю пад ручку, я ня мог здрадзіць сваёй звычцы — зайсьці. Што праўда, ідэя завітаць на могілкі ня выклікала ў маёй спадарожніцы ніякага энтузіязму. У сваю чаргу, мяне зусім не зьдзівіла, што юная лэдзі, народжаная ў сталіцы, ніколі не была на самым старым сталічным нэкропалі. "А што там можна рабіць?" Тым больш цяпер. Але імклівы наступ шарае гадзіны, абрыс касьцёла за векавымі дрэвамі ды павольны калядны сьнегапад пераконвалі мяне, што зайсьці туды трэба менавіта зараз. Паненцы я сказаў, што яна ўбачыць нешта незвычайнае. І сапраўды, праз пару крокаў убачылі. У прысадах, што вядуць да брамы, стаяў прыстойна апрануты, цьвярозы з выгляду мужчына ў дублёнцы, з "дыпляматам". І засяроджана спраўляў сваю малую патрэбу. Мая спадарожніца цярпліва пайшла за мною на Галгофу.
Усякі раз, калі заходжу за могілкавую браму, перастаю адчуваць свой узрост. Вось толькі арытметыка адыманьня гадоў нараджэньня ад гадоў сьмерці ўжо ня так абнадзейвае, як у дзяцінстве. Ня кажучы ўжо пра прозьвішчы на надмагільлях — старых, шляхецкіх помніках з дарагога граніту й мармуру, на якія даўно ўжо не ўскладаюцца кветкі. Ваньковічы, Луцкевічы, Міцкевічы, Манюшкі, Чачоты... Савецкая эпоха не рашылася чапаць гэтыя магілы, і дзякуй Богу. Яны стаяць, нібы доказы таго, што тут была іншая Беларусь. Не падобная на тую, што ляскае тралейбусамі з-за дрэваў. Cтарыя арыстакратычныя могілкі — гэта найлепшае месца для восеньскае дэпрэсіі. Я магу доўга блукаць па кальварыйскіх прысадах, чытаючы гэтыя прозьвішчы. З адчуваньнем прысутнасьці на руінах рымскага Форуму. На аскепках прыгожай і велічнай краіны, якая, на жаль, не пакінула нам нашчадкаў. Але падаравала кволую надзею. Зь цяжкасьцю разьбіраючы ў прыцемках лацінскія літары эпітафіяў, я падумаў, а ці не занадта ідэалізуем мы той час, калі ў нас была арыстакратыя? І ці не занадта недаацэньваем часы ўласнага жыцьця перад тымі, якія настануць за нашымі магіламі?.. Як бы там ні было, сузіраньне гэтых датаў пазамінулага стагодзьдзя — добрыя лекі ад любой дэпрэсіі.
"Ну што, натхніўся, пісьменьнік? Можа, пойдзем?" — нэрвавалася мая лэдзі... Свае блуканьні па Кальварыі я звычайна сканчаю ля помніка беларускага паэта. Бо лічу ягоную магілу галоўнаю для сябе. Бяз гэтай магілы Кальварыя ня мела б таго сэнсу. Сьціплая пліта зь беларускімі літарамі ля касьцёла грае большую ролю ў менскай сталічнасьці за ўвесь мільён сёньняшніх жыхароў. Бо, магчыма, менскі шляхціц Ян Неслухоўскі стаў першым, хто жыве тут "не як усе".
Дайшоўшы да сваёй мэты, я аслупянеў ад сымбалічнасьці карціны. Магіла Лучыны зьнікла. Сьнег пакрыў і грудок, і пліту. Ані знаку. "Тут пад сьнегам магіла", — патлумачыў я дзяўчыне. "Твайго сябра?" — пасьміхнулася яна. "Калегі, — адказваў я, прабіраючыся па калена ў сьнезе да схаванай пліты. — Ён быў чыгуначным чыноўнікам з амбіцыямі літаратара. Друкаваў свае польскія вершы ў Варшаве. Але ня мог не пісаць на мове ўласнага народу. Ці думаў ён пра літаратурную кар'еру, пішучы беларускія вершы? Наўрад ці. — Я сунуў руку пад сьнег і намацаў граніт Лучынавай пліты. — Але застаўся, як беларускі паэт Янка Лучына". "І даўно ён памёр?" — удала цікавасьць спадарожніца? "Ды не, — няўпэўнена адказаў я, — напрыканцы пазамінулага стагодзьдзя". І тут яе прарвала. "Ды вы ж усе нейкія нэкрафілы. Носіцеся з вашай мёртвай моваю. Газэткі выдаяце, якіх ніхто не чытае. Вершыкі пішаце, якія толькі на могілках і дэклямаваць. Ды паглядзі на сябе. Сам стаіш, як манумэнт. Зрэшты, хоць жыві тут. А я пайшла".