Іваноўскі падаўся было за байцом, як у ракетным святле над полем убачыў некалькі недалёкіх ценяў, якія беглі ад дарогі ўздоўж драцяной агароджы базы. Спалохаўшыся, што яны перахопяць Фартучнага, ён таропка выпусціў па іх апошнюю сваю чаргу, і калі апусцелы канец металічнай стужкі выскачыў у снег, кінуў непатрэбны цяпер яму кулямёт і выхапіў з кабуры ТТ. Але ён ужо ўбачыў сваіх — двое разведчыкаў, прыгнуўшыся, за рукі і ногі валаклі камандзіра.
— Жывы? — запытаўся ён, падбегшы да іх.
— Дзе там! Забіты! — крыкнуў Фартучны.— Пракляты вартавы! Трэба ж...
Адстрэльваючыся, яны змянілі напрамак, доўга беглі ў кустоўі і толькі калі адышліся кіламетры на два, у нейкім ляску перавялі дыханне. Капітан быў забіты ва ўпор, несці яго далей не мела сэнсу, да таго ж недзе паблізу трашчалі матацыклы — здаецца, немцы паслалі пагоню. Спяшаючыся, яны як-колечы разрыхлілі мокрую, з лісцем, зямлю, выграблі неглыбокую ямку і прысыпалі ў ёй камандзіра. Прапаў таксама і адзін з разведчыкаў, што пайшоў з Волахам, было невядома, ці ён забіты, ці, можа, адбіўся куды ў другі бок. Але чакаць яны не маглі, з кожнай хвілінай паблізу маглі паявіцца немцы, уцячы ад якіх з параненым Фіхам было б нялёгка.
Праклінаючы тую халерную базу і сваю няўдачу, Іваноўскі павёў маленькую групу на поўнач — далей ад сасонніку, над якім усё смылелі ўначы ракеты, і водсветы ад іх доўга суправаджалі байцоў. На душы ў лейтэнанта было пагана, то яго ўзвінчвала злосць, то апаноўвала роспач. Увесь час хацелася лаяцца. Але ён не асуджаў капітана — напэўна, сам на яго месцы зрабіў бы так сама. Было крыўдна да слёз, што недарэчны сляпы выпадак так здорава дапамог немцам. Не наткнуўся б Волах на вартавога — напэўна, усё было б добра, яны б узарвалі базу, і тады не спатрэбілася б і гэтая іх вылазка з яе непазбежнымі ахвярамі.
Значыць, трэба асцярожней. Трэба ў сто разоў асцярожней, прадбачлівей, тым больш яму, Іваноўскаму, які цяпер быў адказны не толькі перад самім сабой...
Раздзел чацвёрты
Мінуўшы лес, лейтэнант вывеў групу на раўнінны прырэчны прасцяг, і лыжнікі доўга зморана ішлі па прамой. Тут ужо не было ні пад’ёмаў, ні спускаў, лыжня ішла роўна, па глыбокім снезе, Іваноўскі ўвесь час з прыкметным высілкам налягаў на палкі. Лыжы ў пульхным снезе правальваліся глыбей, чым трэба было для хуткай хады, і амаль не слізгалі. Увесь час пракладваючы лыжню, камандзір браў на сябе найбольшую ў гэтым шляху нагрузку і недзе каля поўначы адчуў, што стаў выдыхацца. На ім ужо ўсё было мокрае, бялізна не высыхала ад поту, гарачае дыханне распірала грудзі, пачала дапякаць смага. Але ён не хацеў есці снег, ведаў: вада абернецца лішнім потам, а гэта толькі зменшыць яго трываласць і не надасць сілы, якой яму спатрэбіцца яшчэ многа.
Хутка бег час, а Дзюбін не даганяў групу, і лейтэнант усё ламаў галаву: што з ім здарылася? Але, мабыць, трэба перастаць пра яго і думаць — калі не дагнаў раней, дык цяпер не дагоніць: яны адмахалі палавіну шляху, калі не больш. У лейтэнанта кожны раз сціскалася сэрца ад думкі, што іх усё менела. Яшчэ не дайшлі да месца, а ўжо чацвярых не стала. Але ён не мог, проста не меў права траціць дарагі час на пошукі або чаканне.
Іваноўскі знарок як мага радзей пазіраў на гадзіннік, ён пачаў ужо баяцца няспыннае хады часу і ўсе свае сілы ўкладваў у бег, стараючыся не надта думаць пра іншае. Напэўна, па гэтай прычыне ён не адразу заўважыў, што значна пабольшаў вецер, у доле закруціла завея, здаецца, пачаў ісці снег. Некалькі моцных парываў ветру так секанулі снежнай крупой па твары, што лейтэнант задыхнуўся. Вакол стала глуха і цёмна. I без таго вузкі начны прасцяг яшчэ павузеў, амаль знік у шэрым непагодным змроку. Начных плямаў навокал значна ўбавілася. А вецер і яшчэ ўдарыў снегам у твар,— здаецца-такі, пачалася завея. «Не ў час»,— трывожна падумаў лейтэнант, мацней налягаючы на палкі. Лыжы яго ўжо зусім танулі ў снезе, выстаўляючы на паверхню толькі самыя кончыкі наскоў. Стараючыся вытрымаць напрамак, Іваноўскі цяпер амаль не пазіраў пад ногі, трэба было як мага далей бачыць у цемры, у гэтым быў галоўны яго абавязак. Іншыя назіралі ўбакі, замыкаючы Лукашоў адказваў за бяспеку з тылу. Ведама, у гэтай цемры лёгка было налезці на немцаў, але болей за нечаканую сустрэчу з імі ён баяўся спазніцца. У завею ці ў добрае надвор’е, а да ранку яны павінны дабрацца да месца.
Але, мабыць, рака зноў павярнула ўбок, наперадзе зацьмела штосьці вялікае, няроўным змрочным бугром праступіла ў цемры. Завея ваўсю гуляла над полем, і праз яе немагчыма было ўбачыць, што гэта такое. Тым не менш гэта грувасткае было якраз на шляху групы, Іваноўскі зразумеў гэта адразу і прыпыніў крок. Ён цяпер часцей, чым дагэтуль, прыкладваўся да компаса, вывяраючы маршрут. Ззаду не адставаў Суднік, блізка трымаліся і астатнія.