Ранейшы тэмп гэтай шалёнай гонкі быў канчаткова страчаны, каторую гадзіну яны валакліся ў завеі, як сонныя мухі, і лейтэнант клапаціўся толькі пра тое, каб не згубіць напрамку. Раз за разам ён спыняўся, трэба было сарыентаваць компас і пачакаць валакушу з Хакімавым. Краснакуцкі і Півавараў выбіваліся з сілы, ды і сам ён хістаўся ад знямогі, у галаве п’яна круцілася ад ветру, важка адцягвала плечы зброя, усё больш балела нага. Але ён па-ранейшаму ішоў наперадзе і, на дзіва, ад яго ні на крок не адставаў Суднік. Баец быў нагружаны звыш меры: апроч сваіх бутэлек з КС, нёс яшчэ дзве кілаграмовыя гранаты Хакімава, яго вінтоўку, якую яны не кінулі, і яго рэчмяшок.
У цемры ім неяк трапіўся завеяны снегам стажок, згледзеўшы які, лейтэнант збочыў з прамой і праз хвіліну знясілена ткнуўся плячом у прысыпанае снегам, але па-ранейшаму поўнае летняга водару сена. Ногі яго на лыжах неяк слізка паехалі ўбок, і ён мякка споўз целам у затрэсеную сенам гурбіну. Некалькі секунд ціха ляжаў у салодкай знямозе, закрыўшы вочы і адчуваючы, як усё пад ім закружылася ў нейкім сонным бяздумным карагодзе. Спалохаўшыся, што засынае, ён вялізным намаганнем волі прымусіў сябе падняцца. Не, здаецца, ніхто не заўважыў гэтае яго хвіліннай слабасці, ад якой ён сумеўся ў тую хвіліну болей, чым ад чаго-небудзь іншага. Тым часам прыйшоў да стажка Суднік, прыцягнулі палатачную валакушу з Хакімавым. Апошні, таксама знямогла, выпаўз са змроку Лукашоў. Усе моўчкі пападалі пад стажком.
— Многа яшчэ? — натужліва выдыхнуў замыкаючы.
— Нямнога, нямнога,— з ненатуральнай бадзёрасцю адказаў лейтэнант.— Але трэба налегчы. Там шаша, яе мы павінны перайсці да світання. Удзень нічога не выйдзе.
— Так, усё ясна,— сказаў Лукашоў.— Тады патопалі.
— Ну, трэба ісці,— згадзіўся лейтэнант, аднак не знаходзячы ў сабе сілы адразу адарвацца ад мяккага боку стажка.
— Ну, узялі саначкі. Раз, два! — закамандаваў Лукашоў, і лейтэнант не першы ўжо раз адзначыў у думках, што гэты сержант усё болей упэўнена стаў камандваць у групе. Ён і ў шляху ўсё пакрыкваў на астатніх, падганяў, указваў. Заняты дарогай, Іваноўскі дагэтуль проста не думаў, добра гэта ці не. Зрэшты, у якасці замыкаючага сержант задавальняў яго цалкам. Замыкаючы з яго быў выдатны, у такога напэўна ніхто не адстане.
— Так, устаць. Устаць! — нягучна, са звыклай настойлівасцю камандаваў Лукашоў, які сам ужо стаў на лыжы і гатовы быў рушыць у шлях. 3 відавочным намаганнем падняўся Краснакуцкі, закінуў за плечы раменную лямку ад валакушы. Адзін Півавараў застаўся сядзець, прыхінуўшыся бокам да сена, і не кратаўся.
— Ну а ты што? Асобнага запрашэння чакаеш? Півавараў!
Півавараў слаба паварушыўся і не ўстаў.
— Што гэта з вамі? — запытаўся лейтэнант.
— Я не магу,— з дзіўнай у іх становішчы адкрытасцю сказаў баец.
— Як гэта — не магу?
— Не магу. Пакіньце мяне...
— Вось гэта нумар! — здзівіўся Іваноўскі.— Ты што, жартуеш?
— Дурыць ён, а не жартуе! —· зазлаваў Лукашоў і прыкрыкнуў: — Ану ўстаць!
Тонкі слабасільны Півавараў, мабыць, не разлічваў на такую дарогу і ўжо дайшоў да мяжы ў сваіх і без таго не дужа вялікіх магчымасцях. Наўрад ці ад яго можна было чаго дабіцца, але і пакідаць яго пад гэтым стажком таксама было немагчыма.
— Ану ўставайце! — строга скамандаваў Іваноўскі.— Сержант Лукашоў, падніміце байца!
Ён не мог болей нічога іншага, апроч як ва ўсёй строгасці выкарыстаць сваю ўладу — толькі яна магла тут падзейнічаць. Лейтэнант, вядома, разумеў усю бессардэчнасць свайго далёка не таварыскага патрабавання, разумеў, што гэты ўвогуле паслухмяны і старанны баец заслугоўваў лепшага з ім абыходжання. Але ў гэтым шляху Іваноўскі перакрэсліў у сабе ўсякую сяброўскую сардэчнасць, пакінуўшы адну толькі халодную камандзірскую патрабавальнасць.
Лукашову, відаць, не трэба было загадваць двойчы, ён ступіў да байца і вырваў са снегу палку.
— Чуў? Устаць!
Півавараў расслаблена заварушыўся, пачаў уставаць, нібы аб чымсь разважаючы і ледзьве перамагаючы ў сабе знямогу. I Лукашсў ускіпеў:
— Канчай прыдурвацца! Устаць!
Дужым рыўком за каўнер сержант паспрабаваў падняць байца на ногі, але Півавараў толькі заваліўся на спіну, ускінуўшы нагу з лыжай. Лукашоў ірвануў яшчэ — баец шэрым бяссільным комам скурчыўся ў паднятай ім снежнай віхуры.
Не адолеўшы ў сабе дзіўнага, не ў лад з ягоным жаданнем пачуцця, лейтэнант рэзка перакінуў на разварот здаровую з лыжай нагу.
— Адставіць, Лукашоў!
— Што там адставіць! Нянькацца з ім...
— Так, ціха! Ён не прыкідваецца. Півавараў, ану... Пару глыткоў.
Ён зняў з дзягі пляшку, усю дарогу ашчаджаную ім на пасля, на заўтрашні дзень, які, мяркуючы па ўсім, прыйдзецца праседзець у снезе, ды на дарогу назад, якая, зусім магчыма, будзе цяжэй, чым гэта. Нават напэўна будзе. Прынамсі, іх цяпер не праследавалі, іх проста яшчэ не бачылі, ноч і завея надзейна хавала іх след. А што будзе заўтра? Можа так здарыцца, што заўтра яны будуць з зайздрасцю ўспамінаць гэтую ўвогуле ціхую ноч. Але як бы там ні было сёння, а калі яны не дойдуць да месца, дык проста не атрымаюць магчымасці на гэта іх заўтра.