Іх ніхто не праводзіў тут, уся таропкая падрыхтоўка да пераходу была закончана загадзя. Гадзіну назад на КП камандзіра стралковага батальёна яны дамовіліся, што батальён будзе маўчаць, каб не насцярожваць немцаў, і яны пастараюцца прашмыгнуць незаўважанымі ў шэрым паўзмроку. Зрэшты, калі б і патрабавалася дапамога, то чым ім мог памагчы батальён, які толькі зваўся батальёнам, а на справе складаўся са стралковае роты — не больш, якім, дарэчы, і камандаваў нядаўні ротны, старшы лейтэнант, кулямётчык. У крайнім выпадку ён абяцаў прыкрыць іх агнём, хоць гэта і было вымушанае абяцанне, паколькі таго патрабаваў капітан з разведаддзела штарма, каторы прысутнічаў тут. Але капітан пабудзе ды пойдзе, а батальёну ваяваць далей, боепрыпасаў жа ў яго не густа, і начальства патрабуе берагчы іх для болей важнага выпадку.
Праўда, капітан зусім не настойваў, каб ён пераходзіў менавіта тут і цяпер. Гледзячы, як стаў заціхаць снегапад і перад імі дужа адкрыта і пустэльна раскінуўся гэты рачны прасцяг з крывулястай паласой кустоўя пасярэдзіне, прадстаўнік штаба сказаў:
— Сапраўды, як на пустой талерцы. Але рашай сам, лейтэнант. Табе відней.
— Пайду,— проста сказаў Іваноўскі.
— Што ж, твая справа. Можа яно і лепш: сунуцца туды, дзе не чакаюць.
«Чорт іх ведае, дзе яны не чакаюць. Не запытаеш»,— заклапочана падумаў лейтэнант. Але ён не мог больш адкладваць — у той справе, дзеля якой яны адпраўляліся, прамаруджанне сапраўды было падобна на смерць. А ён і так ужо прамарудзіў звыш меры, хаця, канечне, і не па сваёй волі.
Грузнучы па костачкі, а дзе і па калена ў снег, байцы гуськом узышлі на пагорак. Іваноўскі азірнуўся і ўпершыню адчуў задаволенасць — кароценькая калона яго паслухмяна падабралася, ніхто не адстаў; спыніўся ён, і амаль адначасова спыніліся астатнія. Далей трэба было пачакаць, можа перадыхнуць нават, залегчы — з вяршыні зарэчнага пагорка іх маглі ўжо заўважыць немцы. Над поплавам і
справа на схілах, дзе акапаўся батальён, стаяла цішыня, далёкія водгукі бою каціліся з-за лесу справа, там жа нешта няярка адсвечвала ў цёмным і мутным ад нізкіх аблокаў небе. Перад ім наўскос раскінуўся ў паўзмроку поплаў з расплывістымі мазкамі кустоўяў, плямамі прысыпанага снегам трыснягу над рэчкай, грыўкамі быльнягу. Да рэчкі было паўкіламетра, не менш, гэтую прастору трэба было адолець на кукішках, пасля добры адрэзак паўзці па-пластунску, а далей ужо і трудна вызначыць, як — толькі б хутчэй апынуцца па той бок поплава ў не бачным адгэтуль леее.
— Лажысь! За мной марш! — напаўголасу скамандаваў лейтэнант і апусціўся локцямі ў снег.
Снег быў глыбокі, пульхны, бы вата, і марозна-пякучы. Ён лез ва ўсе шчыліны маскіровачнага халата, набіваўся ў рукавіцы, за пазуху, у рукавы, халявы ботаў і раставаў там, агіднай макрэддзю ліпнучы да разгарачанага цела. Гэтая яго макрэдзь, аднак, хутка грэлася ўперамешку з потам; было душна, парна, задушлівая знямога горыччу распірала грудзі. Іваноўскі зубамі здзёр з рукі рукавіцу і мокрымі пальцамі рассмыкнуў матузок капюшона. Твару стала вальней, прахалодней, а галоўнае — адклала вушы, ён пачуў шорхат ветру ў быльнягу і невыразныя разрозненыя гукі ззаду. Прапаўзлі яны, мабыць, з паўкіламетра, пагорачак з сасняком ледзьве шарэў ззаду на краі начнога змрочнага неба, якое ў зімовых прыцемках амаль злівалася са снегавым долам. Следу-баразны, пракладзенай іх дзесяццю целамі, на шчасце, не было відаць нават зблізку, зрэшты, як і саміх байцоў. Праўда, Іваноўскі ведаў, што варта ўзляцець ракеце, як, нібы на далоні, стане відаць і снег, і яны самі.
Пакуль аднак было ціха і цёмна. Бой грукацеў за ляском убаку, на краі неба з вечара шырокім агнявым сполахам бліскала зарніца далёкае кананады, і прамерзлая зямля пад іх локцямі глуха, няспынна дрыжэла. У тым жа баку за лесам раз за разам пырхалі жоўтыя зоркі ракет і гаслі ў мутнай мешаніне святла са змрокам. Але яны былі далёка, тыя ракеты.
Трэба было як найхутчэй рухацца далей, пярэдняга краю яны яшчэ не адолелі, яшчэ з кіламетр спатрэбіцца паўзці па рэчышчы ля кустоўя. Але ўжо і так усе прытаміліся, група спакваля расцягнулася. Іваноўскі раптам спахапіўся, што не чуе зморанага дыху Лукашова, які поўз следам. Лейтэнант азірнуўся і пачакаў хвіліну, адпачываючы сам, хоць ведаў, што трэба як мага хутчэй, бо толькі ў хуткасці і непрыкметнасці іх поспех. Але і таго і другога без пары пачало бракаваць — воддаль ужо другі раз глуха стукнула, пэўна, вінтоўкай аб лыжу, і лейтэнант сцяўся, упіваючыся ў прыцемак злосным, абвостраным позіркам. Разгільдзяі, інакш не скажаш! Колькі гаварыў, каб вінтоўкі трымалі ў правай руцэ, а лыжы ў левай, але вось, мабыць, камусь спатрэбілася згрэбці ўсё да кучы, і цяпер бразгае.
Ззаду заварушыўся шэры, медзведзяваты ў прыцемку камяк у маскхалаце, шумна сапучы, ён падпоўз упрытык да Іваноўскага і спыніўся. За ім варушыўся яшчэ нехта, а далей ужо было і не згледзець, перашкаджаў змрок. Іваноўскі запытаў асіплым змораным шэптам:
— Паўзуць?
— Паўзуць, лейценант,— такім жа задышлівым шэптам адказаў Лукашоў.
— Перадай: шырэй крок!