На гэты раз ён прапоўз дужа мала — зноў з таго ж месца пырхнула ракета, затым кахнуў яе стрэл. Лейтэнант уціснуўся ў снег, з усяе сілы ўзіраючыся ў чорна-белую блытаніну галля на ярка асветленым мільготкім доле. Не, ракета пайшла ў ранейшым кірунку, па той бок поплава, адкуль яны сюды прыпаўзлі. Значыць, іх усё ж не заўважылі. Калі ракета згасла, ён з палёгкай тузануў за раменьчык лыжы і сам на локцях і каленях ірвануўся праз снег наперад. Секунд некалькі ён не бачыў нічога перад сабой, толькі гроб, гроб снег і валок лыжы. I раптам зноў аслеп ад неверагодна яркага бляску, які проста з паднябесся накрыў дол — снег заіскрыўся, заззяў, блытаныя цені ад кустоўя крутануліся на адным месцы і, ярка адбіўшыся на снезе, замерлі. Замёр і ён, адчуваючы, што гэты халодны прастор вось-вось прарэжа чарга. Як заўжды ў хвіліну гранічнай небяспекі, думка яго зрэагавала з маланкавай хуткасцю, ён зразумеў, што гэта — ад пунькі, значыць, зусім побач. Ракета ўся без рэшты згарэла ў вышыні, і ён зноў прыплюшчыў вочы, каб хутчэй пазбыцца слепаты, і ляжаў не кратаючыся. Калі заўважылі, дык, мусіць, трэба падацца назад на рэчку, пад засцярогу яе беражка. А калі не... Тады трэба як мага хутчэй наперад, далей ад гэтага праклятага месца, дзе цябе падсвечваюць з двух бакоў.

Стрэлаў не было і ў гэты раз, і ён з дзёрзкаю рашучасцю рвануўся наперад, раптам адчуўшы ў сабе прыліў рызыковай удачлівасці. Хутчэй, хутчэй!.. 3 нечаканым спрытам ён шыбаў па-над берагам, увесь закапаўшыся ў снег, які бязлітасна забіваў яго твар, рот, не даваў дыхаць і сляпіў вочы. Калі ж да зроку вярнулася ранейшая здольнасць бачыць у прыцемках, ён раптам адзначыў, што злева ад пунькі яго прыкрывае пагорак — узмежачак вышынёй па калена, не болей, мусіць, на мяжы ніўкі і пожні. Гэта яго куды як узрадавала, цяпер не страшны сталі і ракеты — толькі б хутчэй!

Ён поўз доўга і таропка. Пад вопраткай на грудзях і спіне ўсё ўжо было мокрае ад снегу і сцюдзёнага поту, на сваіх ззаду ён не азіраўся, бо тое было бескарысна — усё роўна ён не мог падагнаць іх. Ён толькі спадзяваўся на ўладу свайго прыкладу, на сілу салдацкага правіла — раўняцца на камандзіра.

Калі ў небе зноў загарэлася ракета, ён сціх з занесенай наперад рукой і нізка па-над снегам азірнуўся: так і ёсць, ягоныя зноў расцягнуліся, зноў за сержантам быў разрыў крокаў на дваццаць. Узмежачак, на бяду, тут скончыўся, цяпер іх нішто болей не прыкрывала ад таго перадавога акопа. Адно добра — пунька на пагорачку ўжо засталася ззаду, ужо і ракета ляцела ў іх тыл. Наперадзе ж раскінулася шырокая лугавіна з шэрагам рэдкага кустоўя па адным яе краі.

Ракета патухла, і на ягонай душы палягчэла — здаецца, самае цяжкае засталося ззаду. Гэта было так прыемна адчуць — кароценька і стрымана радасна, але не паспеў ён зноў выкінуць наперад сваю звязку лыж, як у той жа час вымушаны быў тыцнуцца галавой у снег. Зусім блізка ззаду недарэчна і неверагодна гулка бахнуў вінтовачны стрэл. Амаль жахнуўшыся, Іваноўскі ў наступнае імгненне порстка вертануўся на бок, рука прывычна схапілася за аўтамат, але ні ззаду ні па баках ён не згледзеў ніякага руху. Усё наваколле нібы абмерла, адзін толькі стрэл — і болей ні гуку, і нідзе нікога паблізу. Праз момант, аднак, ярка засвяціла над хмызнякамі адразу ў двух месцах. Лейтэнант з-за пляча прасачыў за палётам ракет — яны, як і папярэднія, упалі ззаду, але тут жа ўзляцелі яшчэ дзве, абапал рачулкі. У іх яркім святле густым імпэтным трэскатам загаманіў кулямёт ад пунькі, вогненныя яго пісягі сцебанулі па кустоўі ля рэчкі. Некалькі куль зрыкашэціла ад узмежку, за якім яны толькі нядаўна хаваліся, і агнянымі пырскамі разляцеліся ў бакі. Кулямёт быццам намацваў іх у начы, ды так блізка мацаў, што іх ратавала адно толькі цемра. Іваноўскі ляжаў і скрыгаў зубамі ад нямой роспачнай лютасці: так усё ішло добра — і на табе, некага ўбачылі. Ці ўчулі.

Мусіць, яны так праляжалі доўга, бо лейтэнант пачаў ужо ўздрыгваць ад сцюжы, мокрая бялізна ледзяным панцырам абліпала цела. Угары згарэла з дзесятак ракет, кулямёт ля пунькі пакрысе замоўк. I тады ззаду раз і другі яго пакратаў за бот Лукашоў. Іваноўскі выкруціўся на снезе тварам назад.

— Кудраўца паранілі.

— Як?

Сержант замест адказу цепнуў плячыма і таксама павярнуўся назад, мусіць, чакаючы адтуль тлумачэння.

Было чаго вылаяцца, але лейтэнант толькі сударгава сцяў у рукавіцах па прыгаршчы снегу. Што і казаць — пачатак быў сапсаваны, а неўзабаве магло здарыцца і самае горшае: іх убачаць у полі. Тым не менш разбірацца, паўзці назад цяпер зусім не было калі, і ён загадаў першаму, каго згледзеў у змроку:

— Шалудзяк! Марш назад! Забраць параненага і назад!

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги