«Аб’екта на месцы не аказалася. Група панесла страты, адпраўляю яе назад. Сам з байцом прадаўжаю пошукі. Праз двое сутак вярнуся. Іваноўскі. 29.11.41 г.»
— Вось. Перадайце начальніку штаба.
— Гэта самае, гранаты возьмеце?
— Ага. Гранату і пару бутэлек. Півавараў, вазьміце ў Судніка бутэлькі з КС. Гранату дайце сюды.
Старшына зняў з пояса супрацьтанкавую гранату, якую лейтэнант тут жа падвязаў кавалкам бінта да дзягі.
— I харчамі б запасціся трэба.
— Харчамі таксама. Дайце сухароў. Кансерваў пару бляшанак. Самі ж, напэўна, ў АХЧ снедаць будзеце...
— Дай божа, каб у АХЧ,— уздыхнуў Краснакуцкі.
— Толькі глядзіце пры пераходзе. Як бы зноў не напароліся. Не шкадуйце жыватоў, галовы цалейшыя будуць.
— Гэта так,— ціха пагадзіўся Дзюбін.
— Ну, здаецца, цямнее, можаце рушыць. А мы тут яшчэ пасядзім. Як там на шашы, Заяц?
— Нейкая з фарамі коціць. Адна ці болей — добра не відаць.
Старшына завязаў рэчмяшок, Півавараў складваў у свой сухары і дзве вялікія, загорнутыя ў анучу бутэлькі з КС. Лукашоў і Краснакуцкі, не чакаючы каманды, падступіліся да абсыпанага снегавым пылам Хакімава.
— Глядзіце Хакімава,— сказаў лейтэнант Дзюбіну.— Можа яшчэ дажыве да ранку.
— Пра што гаварыць!
— Тады ўсё. Топайце!
— Што ж, шчасліва, лейтэнант,— павярнуўся Дзюбін і тут жа закамандаваў байцам: — Ану, узялі! За лыжы, за лыжы бярыце! Паднімайце вышэй! Вышэй, яшчэ вышэй! Во так...
Яны паднялі Хакімава і як-колечы выбраліся з рова. На брустверы Дзюбін яшчэ азірнуўся — развітанне атрымалася таропкае, невыразнае, і Іваноўскі махнуў рукой.
— Шчасліва!
Калі яны схаваліся ў полі і апошні за брустверам знік высокі капюшон старшыны, Іваноўскі сеў на снег. Ён адчуў асаблівае задавальненне ад таго, што Дзюбін не прапаў, дагнаў групу, і цяпер з тымі, хто вяртаўся, будзе талковы і чалавечны камандзір, які павінен іх вывесці да сваіх. А яны тут неяк абыдуцца ўдвух з Піваваравым, які ўсё яшчэ стаяў у рове, пазіраючы цераз край высокага бруствера. Каб неяк зменшыць няёмкасць, выкліканую гэтым расстаннем, лейтэнант сказаў з не ўласцівай яму жартоўнасцю:
— Сядай, Піваварчык. Скора і мы патопаем. Цябе як завуць?
— Пётра.
— Пецька, значыць. А мяне Ігар. Ну што ж, можа нам яшчэ пашанцуе. Як думаеш?
— Можа і пашанцуе,— няпэўна сказаў Півавараў, тручы ложа вінтоўкі, і ўздыхнуў — ціхенька і парывіста.
— Ладна. Пакуль ёсць час, давай падрубаем, менш несці прыйдзецца,— сказаў Іваноўскі і пачаў развязваць свой рэчмяшок.
Раздзел дзевяты
Праз якія паўгадзіны, калі добра ўцямнела, яны выбраліся са свайго снежнага сховішча. Абодва скалелі, надта азяблі ногі, хацелася адразу прыпусціць на лыжах, каб як сагрэцца. Але перш трэба было агледзецца. Уночы рух на шашы паменшаў, ішлі адзіночныя машыны, некаторыя слаба свяцілі падфарнікамі. Навакол было ціха і пуста, снежную далячынь з хмызняком зацягнула вечаровай імглой, хмарнае неба без зор нізка навісла над цьмяным начным прасторам. Іваноўскі рашыў ісці на ўсход уздоўж шашы, далёка не адхіляючыся ад яе, каб бачыць увесь на ёй рух. Ён думаў, што як і той раз, увосень, базу павінны выдаць машыны.
Яны хутка спусціліся са свайго пагорка, па рыхлым снезе перайшлі лагчыну. Дваццаці хвілін хапіла на тое, каб добра ўгрэцца і нават паспець замарыцца. Што ні кажы, а напамінала аб сабе мінулая ноч. Да таго ж, у адрозненне ад учарашняга, Іваноўскі адразу адчуў пры хадзе больш моцны боль у хворай назе, міжвольна ён ступаў ёю асцярожней, болей налягаючы на здаровую. Праўда, ён стараўся прывыкнуць да гэтага свайго болю, думаў, як-небудзь абыдзецца, разыдзецца, авось нага яму не пашкодзіць. Але, падняўшыся на чарговы пагорак, лейтэнант адчуў, што мае патрэбу адпачыць. Тады ён трохі расслабіў нагу, цяжар цела перанёс на здаровую і, каб Півавараў, які падыходзіў следам, не заўважыў нічога, зрабіў выгляд, што аглядаецца, хоць аглядацца не было чаго. Шаша была побач, яна ляжала пустая, наперадзе не шмат было ўгледзець, моцны ўсходні вецер пругка дзьмуў у твар, ад яго слязіліся вочы.
— Ну як, Піваварчык? — знарок жартаўлівым голасам запытаўся лейтэнант.
— Нічога.
— Угрэўся?
— Упарыўся нават.
— Ну, давай далей.
Пазіраючы па баках, яны прайшлі яшчэ, мабыць, з гадзіну, зводдаль абышлі край якогась ляску, хвойнік, нейкія будынкі ля дарогі — пасля ўчарашняга абстрэлу з хутара Іваноўскі стараўся трымацца ад будынін далей. Шаша амаль скрозь ішла прама, без паваротаў, гэта аблягчала арыенціроўку, і лейтэнант толькі зрэдку пазіраў на компас — правяраў напрамак.
Настрой яго быццам нават палепшыўся. Півавараў ішоў па пятах, не адстаючы ні на крок, і лейтэнант, спыніўшыся, запытаўся з некаторай жвавасцю ў голасе:
— Піваварчык, што ты ў жыцці бачыў?
— Я?
— Ну, ты. У жыцці, кажу, што ты бачыў?
Півавараў паціснуў плячамі.
— Нічога.
— Кніжак хоць ты пачытаў?
— Кніжак пачытаў,— не адразу, нібы ўспамінаючы, адказаў баец.— Усяго Жуль Верна, Конан-Дойля, Вальтэра Скота, Марка Твэна...
— А Гайдара?
— I Гайдара. Яшчэ Дзюма, усё, што дастаў, прачытаў.
— Ого! — здзівіўся лейтэнант і нават з некаторай павагай паглядзеў на Піваварава.— I калі ты паспеў столькі?