— А я захварэў у шостым класе і паўгода не вучыўся. Ну і чытаў. Усё перачытаў, што ў бібліятэцы было. Мне з бібліятэкі насілі.
Так, мабыць, гэта цудоўна — прахварэць паўгода і прачытаць усю бібліятэку. Колькі ён марыў захварэць у дзяцінстве ды і ў вучылішчы, але болей трох дзён яму хварэць не ўдавалася. Здароўе яго заўжды было добрае, і чытаў ён нямнога, хоць цікавыя кнігі выклікалі ў яго трапяткую да хвалявання радасць, і кніжак, лепшых чым творы Гайдара, яму ў сваім жыцці чытаць не давялося. I то ў дзяцінстве. Пасля стала не да літаратуры — пайшлі кніжкі іншага зместу.
Наўкола па-ранейшаму было ціха, увогуле спакойна, як бывае спакойна толькі далёка ад перадавой. Іваноўскі ішоў цяпер без учарашняй паспешлівасці, замінаў прыкметны цяжар у нагах і боль раны, які прыкметна запавольваў ягоныя рухі. Праўда, пакуль боль гэты можна было трываць, і, каб не надта засяроджвацца на ім, лейтэнант стараўся скіраваць сваю ўвагу на іншае, нават старонняе. Ягоныя думкі цяпер былі ля ягоных байцоў, якія пад камандай Дзюбіна вярталіся да сваіх. Напэўна, ужо ідуць ля ракі, поплавам. Добра, калі не занесла лыжню, яна дапаможа сарыентавацца. Зрэшты, Дзюбін, напэўна, і без таго запомніў дарогу, а ў выпадку чаго дапаможа карта. Карта на вайне — каштоўнасць, шкада толькі, што не заўжды хапае гэтых вось карт.
Увесь час не выходзіў з галавы Хакімаў. Вядома, напакутуюцца з ім не дай бог, асабліва пры пераходзе лініі фронту. Цяпер з ім не ўскочыш, не рванеш на лыжах, трэба ўсё паўзком, па-пластунску. Але хоць бы прайшлі. Праўда, Дзюбін, напэўна, сумее, павінен прайсці. Дзюбін і растлумачыць начальніку штаба іх няўдачу, неяк апраўдаецца за групу і за яе камандзіра. Хаця прычым камандзір? Хто мог падумаць, што за якіх два тыдні так многа зменіцца, і немцы вывезуць базу?
Сябе Іваноўскі не адчуваў вінаватым ні ў чым,— здаецца, ён зрабіў усё, што было магчыма. Тым не менш нейкі паганы чарвячок вінаватасці варуўшыся ў ягонай душы, быццам лейтэнант усё ж недагледзеў чаго і ў выніку не апраўдаў даверу. Менавіта гэты неапраўданы давер трывожыў яго болей за ўсё. Цяпер лейтэнант проста скаланаўся ад думкі, што з усёй гэтай задумы можа раптам нічога не выйсці.
Іваноўскі выдатна ведаў, як можна адным нейкім учынкам спляжыць усю добрую думку аб табе. Аднойчы ўжо здарылася ў яго нядоўгім жыцці, што, падвёўшы чалавека, ён так і не змог вярнуць добрыя яго да сябе адносіны.
Незадоўга перад тым Ігару споўнілася чатырнаццаць год, і ён пяты год жыў у Кублічах — невялікім ціхім мястэчку ля самай польскай граніцы, дзе ў пагранкамендатуры служыў ветэрынарам бацька. Забаў у мястэчку было нямнога, Ігар хадзіў у школу, сябраваў з хлопцамі, шмат часу, аднак, прападаючы на каменданцкай стайні. Коні былі шматгадовым і, можа, самым вялікім захапленнем яго дзяцінства. Колькі ён перачысціў іх, перакупаў, колькі пераездзіў конна — у сядле і без сёдлаў! Гады тры запар ён не заўважаў нічога вакол, апроч сваіх коней; кожны дзень пасля ўрокаў бег на стайню і вяртаўся з яе толькі на ноч, каб назаўтра да прыходу дзяжурнага зноў быць там. Пагранічнікі жартавалі часам, што Ігар — нязменны днявальны на іхняй канюшні, і ён бы з задавальненнем згадзіўся штодзень дняваліць, калі б не ўрокі ў школе.
На стайні заўжды было мноства цікавага, пачынаючы ад кармлення і вадапою, чысткі скрабком і шчоткай і канчаючы ўрачыстым рытуалам вывадкі з пастраеннем, мітуснёй чырвонаармейцаў, прыдзірлівай строгасцю вялікага начальства, якое насоўкамі правярала чысціню конскіх бакоў. Было штось бязмерна захапляючае ў выездцы, коннай яздзе, занятках па вальтыжыроўцы, але асабліва захапляла яго рубка лазы на пляцы за стайняй, калі ўздоўж раду стаякоў з лазовымі прутамі галопам скакалі кавалерысты, направа і налева секучы канцы гэтых прутоў. А чаго варта была джыгітоўка самага ліхога конніка ў атрадзе славутага лейтэнанта Хакасава!
Але вывадку, рубку, джыгітоўку ён назіраў збоку, сам не прымаючы ў іх удзелу — яго не пускалі ў строй і нават ні разу не дазволілі сесці з шашкай на каня. Іншая справа — купанне. На мурожным беражку возера, ля пясчанай водмелі стаяла старая, пагрызеная канавязь, і амаль кожны спякотны поўдзень да яе прыводзілі потных, змораных коней. Пачыналася купанне, і тут ужо Ігар адводзіў душу, плёскаўся да таго часу, пакуль апошні конь не выходзіў з возера.