Эдуард Гленарван быў жанаты ўсяго тры месяцы. Жонка яго была дачкой славутага падарожніка Вільяма Туфнеля, які стаў, як і многія другія, афярай страсці да геаграфічных адкрыццяў. Элен была чыстакроўнай шатландкай. Застаўшыся круглай сіратой пасля смерці бацькі, яна жыла ў родным Кільпатрыку. Пазнаёміўшыся з гэтай чароўнай дзяўчынай, якая пакорліва і самотна змагалася з нястачамі, Гленарван адразу зразумеў, што з яе будзе верны і адданы сябра жыцця. Ён пасватаўся, і яна згадзілася.
Элен Гленарван было дваццаць два гады. Яна была бландынкай з сінімі вачыма, як вада шатландскіх азёр у радасную вясеннюю раніцу. Яна горача кахала свайго мужа.
Маладыя шчасліва жылі ў Малькольм-Кэстлі, сярод чароўнай і дзікай прыроды горнай Шатландыі. Яны гулялі пад цёмнай засенню алеяў з каштанаў і смакоўніц, па берагах возера, дзе спявалі яшчэ часам піброксы[8], па дзікіх цяснінах, дзе стагоднія руіны расказвалі аб гісторыі Шатландыі. Сёння яны заходзілі ў гушчар бярозавых лясоў, адпачываючы на заросшых высокай травой прагалінах; назаўтра яны карабкаліся па стромкіх спадах на верхавіну Бенламона або верхам на конях накіроўваліся ў доўгія экскурсіі па бязлюдных сцежках, захапляючыся сваёй паэтычнай радзімай, наведваючы самыя далёкія вёскі, апетыя Вальтэр-Скотам. Увечары, калі на небе запальваўся «ліхтар Мак Ферлана» (месяц), яны гулялі па старадаўняй кальцовай галерэі, што апаясвала замак Малькольма.
Так прайшлі першыя месяцы сумеснага жыцця. Але Гленарван не забываў, што яго жонка была дачкой славутага падарожніка. Ён гаварыў сабе, што Элен павінна была пераняць ад бацькі палкасць да падарожжаў. І ён не памыляўся. Тады была набыта яхта «Дункан», якая павінна была павезці Эдуарда і Элен Гленарван у самыя прыгожыя куткі Сяродземнага мора.
Лёгка ўявіць сабе радасць Элен, калі Гленарван сказаў ёй, што «Дункан» чакае яе загадаў.
Гленарван быў у Лондане. Элен са смуткам, але цярпліва пераносіла гэту першую разлуку — бо справа ішла аб выратаванні людзей! Спачатку пісьмо паведаміла аб хуткім звароце Гленарвана. Але ў той-жа вечар прышла тэлеграма, у якой ён паведамляў, што затрымаецца: яго руплівасць сустрэлі сякія-такія перашкоды. Яшчэ праз дзень, у новым пісьме, Гленарван скардзіўся на кепскі прыём, аказаны яму у адміралцействе.
Элен пачала непакоіцца за вынік справы.
Увечары яна сядзела адна ў сваім пакоі. Увайшоўшы слуга запытаў яе, ці хоча яна прыняць маладую дзяўчыну і хлопчыка, якія пытаюцца містэра Гленарвана.
— Гэта мясцовыя жыхары? — запытала Элен.
— Не, пані, я іх не ведаю. Яны ехалі поездам да Балоха, а адтуль прышлі пяшком у Люс.
— Папрасіце іх да мяне.
Слуга вышаў. Праз некалькі хвілін ён прывёў у пакой Элен дзяўчыну і хлопчыка. Гэта былі брат і сястра — падабенства іх твараў не давала поваду сумнявацца ў гэтым. Дзяўчыне было гадоў шаснаццаць. Яе прыгожы змучаны тварык, вялікія вочы, якія, відаць, многа плакалі, з сумным, але не палахлівым выразам, яе беднае, але акуратнае адзенне — усё гэта адразу выклікала прыхільнасць у яе карысць. Яна трымала за руку свайго брата, хлопчыка гадоў дванаццаці з адкрытым і смелым тварам. Здавалася, ён лічыў сябе за абаронцу і апекуна сястры і гатовы быў пакараць кожнага, хто недастаткова пачціва абышоўся-б з ёй.
Дзяўчына, апынуўшыся перад місіс Гленарван, крыху замяшалася.
— Вы хацелі пагаварыць са мной? — запытала Элен, падбадзёрваючы дзяўчыну позіркам.
— Не,— рашучым тонам адказаў хлопчык,— мы хацелі гаварыць з самім містэрам Гленарванам.
— Прабачце яму, пані,— сказала дзяўчына, дакорліва паглядзеўшы на брата.
— Містэра Гленарвана цяпер няма,— адказала Элен.— Але я яго жонка. Магчыма, я змагу замяніць яго?
— Вы жонка містэра Гленарвана?
— Так.
— Таго самага, які надрукаваў у «Таймсе» аб’яву наконт крушэння «Брытаніі»?
— Так, так,— паспешна адказала Элен.— А вы?
— Я дачка капітана Гранта, а гэта мой брат.
— Міс Грант, міс Грант! — усклікнула Элен, абнімаючы маладую дзяўчыну і цалуючы ў шчокі яе маладога абаронцу.
— Пані,— загаварыла зноў дзяўчына,— што вы ведаеце пра крушэнне карабля нашага бацькі? Ці жывы наш бацька? Ці ўбачым мы яго калі-небудзь? Прашу вас, кажыце!
— Дарагая мая дзяўчынка,— адказала Элен,— я не хачу лёгкамысным адказам падаць вам неабгрунтаваную, магчыма, надзею...
— О, гаварыце, пані, гаварыце! Я загартавана горам і магу ўсё выслухаць!
— Дзіця маё,— сказала Элен,— надзея яшчэ не страчана. Магчыма, што настане дзень, калі вы зможаце абняць свайго бацьку!
Міс Грант заплакала. Яе брат Роберт кінуўся к Элен і пачаў цалаваць яе рукі.
Калі першы парыў гэтай горкай радасці мінуўся, маладая дзяўчына пачала задаваць Элен шматлікія пытанні.
Місіс Гленарван расказала ёй гісторыю знаходкі дакументаў і перадала іх змест. Міс Грант даведалася, што «Брытанія» пацярпела крушэнне каля берагоў Патагоніі, што пасля крушэння засталіся жывымі і дабраліся да мацерыка капітан і два матросы і нарэшце што яны напісалі запіскі на трох мовах, у якіх заклікалі ўвесь свет аб дапамозе і даверылі гэту просьбу капрызам акіяна.