У час гэтага расказа Роберт Грант не зводзіў вачэй з Элен. Здавалася, што яго жыццё залежыць ад слоў, выказаных вуснамі Элен. Яго дзіцячае ўяўленне шпарка ўзнаўляла страшэнныя сцэны, у якіх дзейнай асобай быў яго бацька. Ён бачыў капітана Гранта на палубе «Брытаніі»; сачыў за тым, як той плыў к берагу; разам з ім чапляўся за ўзбярэжныя скалы; задыхаючыся, поўз па пяску за мяжу прыбэю. Некалькі разоў у часе расказа Элен з яго вуснаў вырываліся воклічы: «Ах, тата! Небарака тата!», і ён туліўся да сястры.

Міс Грант праслухала ўвесь расказ, не прамовіўшы ні слова. Толькі пасля таго, як Элен змоўкла, яна крыкнула:

— Дзеля ўсяго святога, пакажыце мне гэтыя запіскі!

— Іх у мяне няма, дзіця маё,— адказала Элен.

— Вы згубілі іх?

— Не. Мой муж павёз іх у Лондан — гэтага патрабавалі інтарэсы вашага бацькі; але я вам пераказала іх змест слова ў слова. Павінна толькі сказаць, што, на няшчасце, вада знішчыла большую частку слоў, не пашкадавала і ўказання даўгаты месца крушэння...

— Абыйдземся без яе! — усклікнуў Роберт.

— Безумоўна, мой хлопчык,— адказала Элен, усміхаючыся з яго рашучага тону. — Ітак, вы бачыце, міс Грант, што цяпер змест дакументаў вядомы вам ва ўсіх дэталях, у такой-жа ступені, як і мне самой...

— Зусім правільна, пані, але... мне хацелася-б бачыць почырк бацькі.

— Ну, што-ж, напэўна, мой муж заўтра вернецца. Гленарван узяў з сабой гэтыя дакументы, каб, падаўшы іх лордам адміралцейства, дабіцца неадкладнай пасылкі судна на пошукі капітана Гранта,

— Ці магчыма гэта? — запытала маладая дзяўчына. — Няўжо вы зрабілі гэта для нас?

— Так, дарагая мая, і я штохвілінна чакаю адказу ад Гленарвана.

— Пані,— з дрыжаннем у голасе сказала міс Грант,— у мяне няма слоў для таго, каб выказаць сваю падзяку вам і містэру Гленарвану!

— Дзіця маё,—адказала Элен,— мы не заслужылі вашай падзякі; усякі іншы зрабіў-бы на нашым месцы тое-ж самае. Абы толькі прадбачаная надзея выратавання не аказалася дарэмнай... Зразумела, да прыезду мужа вы застанецеся тут.

— Пані, я не магу злоўжываць вашай дабратой... Мы-ж вам зусім чужыя...

— Чужыя? — перапыніла яе Элен. — Ні вы, ні ваш брат не чужыя ў гэтым доме! Застаньцеся, я хачу, каб пасля прыезду Гленарван адразу мог расказаць дзецям капітана Гранта, якія прыняты захады для выратавання іх бацькі!

Нельга было адмовіцца ад такога ласкавага запрашэння, і Мэры Грант з удзячнасцю згадзілася астацца.

<p>РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ</p><p>Прапанова Элен Гленарван</p>

Элен нічога не сказала дзецям капітана Гранта аб тым, як лорды адміралцейства сустрэлі хадайніцтва Гленарвана. Яна таксама ні словам не намякнула, што капітан Грант трапіў у палон да паўднёва-амерыканскіх індзейцаў. Нашто было засмучаць небаракаў-дзяцей і зацямняць толькі што ўспыхнуўшую іскру надзеі зноў сустрэцца з бацькам? Ведаючы, што гэта не дало-б ніякай карысці, Элен змоўчала пра ўсё гэта. Адказаўшы на распытванні Мэры Грант, Элен Гленарван у сваю чаргу пачала распытвацца ў маладой дзяўчыны пра яе жыццё і становішча на гэтым свеце, дзе яна, як відаць, была адзінай заступніцай малога брата.

Чуллівы і шчыры расказ Мэры Грант яшчэ болей павялічыў сімпатыю, якую яна ўнушыла пасля першай сустрэчы.

Мэры і Роберт былі адзінымі дзецьмі ў капітана Гранта. Гары Грант страціў жонку ад нараджэння Роберта і ў часе сваіх доўгіх адлучак пакідаў дзяцей пад наглядам сваёй добрай старой стрыечнай сястры. Капітан Грант быў смелым мараком, які надзвычай добра ведаў сваю справу. Ураджэнец і сталы жыхар горада Дэндзі ў графстве Перт, ён быў карэнным шатландцам. Бацька яго, надзвычай адукаваны чалавек, даў яму закончаную класічную асвету, лічачы, што веды нікому не пашкодзяць, нават капітану дальняга плавання.

Першыя дальнія плаванні, спачатку ў якасці памочніка, а пасля ў якасці шкіпера, сцвердзілі яго рэпутацыю выдатнага марака, і к моманту нараджэння Роберта Гары Грант ужо меў сякія-такія зберажэнні.

У гэты час яму прышла ў галаву смелая думка, якая зрабіла яго папулярным у Шатландыі. Як Гленарваны і рад іншых шатландскіх сямействаў, Грант лічыў Англію прыгнятальніцай Шатландыі. Інтарэсы Шатландыі, на яго думку, не супадалі з інтарэсамі Вялікабрытаніі, і ён рашыў стварыць вялікую шатландскую калонію на якім-небудзь з акіянскіх астравоў. Можа ён марыў, што ў адзін выдатны дзень гэта калонія — па прыкладу Паўночна-амерыканскіх злучаных штатаў—даб’ецца незалежнасці, той незалежнасці, якую немінуча рана ці позна заваююць Індыя і Аўстралія? Магчыма, што марыў. Магчыма нават, што ён расказаў каму-небудзь пра свае таемныя надзеі. Таму нядзіўна, што англійскі ўрад адмовіўся садзейнічаць ажыццяўленню яго планаў. Болей таго, ён ставіў капітану Гранту такія перашкоды, якія ў іншай краіне загубілі-б смельчака.

Перейти на страницу:

Похожие книги