Кастусь. Што ж ты, салдат ? Хіба гэта салдацкая слава, хаты паліць?..
Цаплін. З-загадана нам... Шпіцрутэны зноў жа... Дахаты б... Конь зноў жа...
Арсень. Пусціце яго, мужыкі...
Вастравух. Каго? Яго? А можа, гэта ён паходню пад страху першы ткнуў?
Яўхім
Яўхіміха. Простыя людзі... Томна і ім...
Арсень. Няхай гэты ідзе. Досыць крыві. Няхай раскажа, што робім з тымі, хто прыносіць вялікі агонь.
Цаплін. Палкоўнік! Бачыш, супраць каго вёў? Пускаюць мяне. Высакароднасць якая! А ты, сволач!
Салдат. Браты!
Яўхім. Бачыце? Хай ідзе... Ідзі...
Баяцца нас, хлопцы.
Караліна. Што гэта ён?
Чортаў Бацька. Гатовенькія везлі, паненачка... Каб на цёпленькіх надзяваць. Ці не возьмеце часам, пан Кастусь? Ці не возьмеце, пан Яўхім?
Яўхім. Гэта як жа... Мне?
Гарэліха. Што? Не хочаш?
Яўхім. Вось як...
Кастусь. Вось так... I штамп... “Імператарскі Пятроўскі завод”... В-вось так.
Вось так, людзі... Вось так, браты-мужыкі... Вось так, народ...
Гарэліха
Чортаў Бацька. Л-ланцуг? Баба ты, курыныя твае мазгі, дурацкія, пакуль з лавы ляціш – сем дум перадумаюць... Досыць ланцугоў! У Нёман іх, хай глытае!.. Досыць...
Мужык. Яў-хі-ім! Вастравух! Гарматы ў палон узялі! Аж чатыры!
Кастусь. Што ты?
Караліна. Ранены – гэта проста ранены. Яго трэба лячыць.
Кастусь. I тут твая праўда... Як у вас рукі лётаюць... Як стрыжы над ракой...
Караліна. А вашы грубаватыя, гожыя, яны надзейна кладуць бінт.
Яўхім
Кастусь. Я раней не разумеў, чаго гэта хворыя, ачуняўшы, часта жэняцца з сядзелкамі.
Караліна. А цяпер?
Кастусь. Пачынаю разумець... Бо гэта – як добры лёс над табой... Часам, відаць, прыемна адчуваць сябе слабым.
Салдат. Каго адпусцілі, браты, каго?
Кастусь. Салдата.
Салдат. Цаплін гэта... Кашулю зняў... Палкоўнік... Апошні паход з намі быў... На Магілёўшчыну потым яго... пераводзіць... хацелі... Дзе пажар найбольш зыркі... Вешальнік... Вешаюць жа вас у Вільні... Вешаюць... Шкада...
Галасы. Ура ваяводзе! Ура атаману! Ура! Ура-а-а!!!
КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
Кастусь. Мы з вамі не будзем, панове белыя. Не!
Пасланец. Як хочаце. Але варшаўскі Белы жонд забараняе вам рабіць стаўку на хамаў...
Арсень. Вашай забаронай мы...
Яневіч. Арсень, ты што, дзетухна, у карчме?
Арсень. Прабачце, цётка Юзэфа... Але яны – лішнія. Стаўленікі іхнія кінулі нас, а яны цяпер “забараняюць”.
Яневіч. А яны, дзетухна, не кінулі. Яны проста ў разгар бунту ўспомнілі, што ў Парыжы не бывалі. Дай, думаюць, з’ездзім.
Пасланец. Ваш мужык – хам, здраднік. Яго радзіма там, дзе ён кучу гною растрасе. Пляваць ён на астатняе хацеў.