– Можа, і была змяя, – умяшаўся паляўнічы. – Паглядзім – раптам знойдзем яе. Дзіўна ўсё ж! Вакол вашага дома ляжыць вяроўка з конскага воласу. Як жа гэта гадзюка магла перабрацца цераз яе?.. Вунь, вунь яна!

Кажучы гэта, паляўнічы паказаў у куток пакоя, дзе, скруціўшыся кальцом, ляжала змяя.

– Дык гэта ўсяго толькі «курачка»! – працягваў Стумп. – Яна не страшней за голуба. Пакусаць яна не магла, але ж мы ўсё роўна з ёю расправімся.

Паляўнічы схапіў вужа, высока падняў і кінуў вобзем з такой сілай, што амаль пазбавіў яго здольнасці рухацца.

– Вось і ўсё, містэр Фялім, – сказаў Зеб, наступаючы на галаву змяі сваім цяжкім абцасам. – Кладзіся і спі спакойна да ранку: змяя цябе больш не кране.

Падштурхваючы нагой забітага вужа і весела пасмейваючыся, Зеб Стумп выйшаў з хаціны, зноў расцягнуўся на траве на ўвесь свой агромністы рост і на гэты раз нарэшце заснуў.

<p>8. Мнаганожка</p>

Пасля расправы са змяёй усе супакоіліся. Брэх сабакі спыніўся разам з лямантам Фяліма. Мустангі зноў спакойна стаялі пад ценем дрэў.

У хаціне ўсталявалася цішыня; толькі час ад часу было чуваць, як круціўся ірландзец на падсцілцы з мустангавай шкуры, не верачы больш у абарону кабрыэста.

Звонку цішыню парушаў толькі адзін гук, зусім не падобны на шолахі, якія даносіліся з хаціны. Гэта было нешта сярэдняе паміж шыпеннем алігатара і кваканнем жабы; аднак, паколькі гэты гук вылятаў з ноздраў Зеба Стумпа, наўрад ці ён мог быць чым-небудзь іншым, чым здаровым храпам заснулага паляўнічага. Яго гучнасць сведчыла, што Зеб моцна спіць.

Паляўнічы заснуў амаль адразу, як толькі зноў улёгся унутры вяровачнага кола. Жарт, які ён сыграў з Фялімам, каб адпомсціць за перапынены сон, заспакойліва падзейнічаў на яго, і ён цяпер цешыўся поўным адпачынкам.

Амаль цэлую гадзіну працягваўся гэты дуэт; час ад часу яму акампаніравалі крыкі вушастай савы і тужлівае выццё каёта.

Але вось зноў загучаў хор. Запявалам, як і ў мінулы раз, быў Фялім.

– Ратуйце, гіну! – закрычаў нечакана ірландзец, разбудзіўшы не толькі свайго гаспадара ў хаціне, але і госця на лужку. – Святая Дзева! Заступніца чыстых душ! Выратуй мяне!

– Выратаваць цябе? Ад каго? – спытаў Морыс Джэральд, зноў саскочыўшы з пасцелі і спешна запальваючы святло. – Што здарылася?

– Другая змяя, ваша міласць. Ох! Яй-богу, гадзюка, злейшая за тую, якую забіў містэр Стумп. Яна пакусала мне ўсе грудзі. Месца, дзе яна прапаўзла, гарыць, быццам каваль з Балібалаха апёк мяне распаленым жалезам.

– Пракляты ёлупень! – закрычаў Зеб Стумп, з’явіўшыся ў дзвярах з коўдрай на плячы. – Другі раз ты будзіш мяне, дурань!.. Прашу прабачэння, містэр Джэральд! Вядома, што дурняў хапае на ўсіх краінах – і ў Амерыцы, і ў Ірландыі, але такога ідыёта, як Фялім, я яшчэ не сустракаў. Гэта сапраўднае няшчасце! Наўрад ці нам сёння ўдасца заснуць, калі мы не ўтопім яго ў рэчцы.

– Ох, мілы Стумп, не гаварыце так! Клянуся, што тут зноў змяя! Я ўпэўнены, што яна яшчэ ў хаціне. Толькі хвіліну назад я адчуваў, як яна поўзала па мне.

– Гэта табе прыснілася, мабыць? – сказаў паляўнічы паўзапытальна і больш спакойна. – Кажу табе, што ні адна тэхаская змяя не перапаўзе цераз валасяную вяроўку. Тая напэўна ўжо была ў хаціне да таго, як ты палажыў ласо. Наўрад ці тут схаваліся дзве адразу. Зараз пашукаем…

– О Божа! – крычаў ірландзец, задзіраючы кашулю. – Вось ён, след змяі, якраз на рэбрах! Значыць, была тут другая! О Маці Божая, што са мной будзе? Пячэ, як агнём!

– Змяя? – усклікнуў Стумп, набліжаючыся да напалоханага ірландца і трымаючы над ім свечку. – Як жа, змяя! He, чорт вазьмі, клянуся, што гэта не змяя! Гэта горш!

– Горш за змяю? – усклікнуў Фялім у адчаі.– Горш, вы сказалі, містэр Стумп? Вы думаеце, гэта небяспечна?

– Як табе сказаць… Усё залежыць ад таго, ці знайду я сёе-тое паблізу і ці хутка. Калі не, то я не адказваю…

– О містэр Стумп, не пужайце мяне!

– У чым справа? – спытаў Морыс, убачыўшы на грудзях Фяліма ярка-чырвоную паласу, нібы праведзеную распаленым прутком. – Што ж гэта, у рэшце рэшт? – паўтарыў ён з нарастаючай трывогай, заўважыўшы, як заклапочана глядзіць паляўнічы на дзіўны след. – Я нічога падобнага не бачыў. Гэта небяспечна?

– Вельмі, містэр Джэральд, – адказаў Стумп, пазваўшы мустангера за дзверы хаціны і гаворачы шэптам, каб не пачуў Фялім.

– Але што ж гэта такое? – усхвалявана паўтарыў Морыс.

– След ядавітай мнаганожкі.

– Ядавітая мнаганожка! Яна яго ўкусіла?

– He, не думаю. Але гэтага і не патрабуецца. Хопіць таго, што мнаганожка прапаўзла – гэта можа быць смяротна.

– Божа міласэрны! Гэта так небяспечна?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже