Ніхто, нават бацька. Перажытае гора зламала падманлівую гордасць старога плантатара. Ён ужо не пярэчыў шлюбу дачкі з каханым чалавекам, хаця, па праўдзе кажучы, і пярэчыць не было чаго. Яго зяцем стаў не невядомы Морыс-мустангер, а ірландскі баранет сэр Морыс Джэральд.

Тытул у Тэхасе не мае ніякай цаны; не надаваў яму значэння і сам Морыс. Затое ён аказаўся ўладальнікам вялікага багацця – чым не спешчаны ірландскія баранеты, – дастаткова вялікага, каб выкупіць маёнтак Каса-дэль-Корва, заложаны ў свой час Вудлі Пойндэкстэрам, у пляменніка Касія Калхаўна.

Высветлілася, што Касій Калхаўн ужо быў жанаты, і яго маёмасць адышла сыну, які жыў у Новым Арлеане.

Пасля вяселля Луіза і Морыс Джэральд адправіліся падарожнічаць па Еўропе. Яны пабывалі на радзіме Морыса, але зноў вярнуліся ў Тэхас – у асьенду Каса-дэль-Корва.

Блакітнавокая прыгажуня, якая тужыць у замку Балах па маладому ірландцу, існавала толькі на ўяўленні Фяліма. Або, можа, гэта было юнацкае захапленне, адно з тых, якія не вытрымліваюць выпрабавання разлукай. Як бы там ні было, за час знаходжання ў Ірландыі ў Луізы Пойндэкстэр – цяпер яе трэба называць лэдзі Джэральд – ні разу не прачнулася пачуццё рэўнасці.

Толькі адзін раз гэта пакутлівае пачуццё авалодала ёю, але яно прайшло хутка і бясследна, як цень.

Гэта было ў той дзень, калі яе муж вярнуўся дамоў, несучы на руках прыгожую жанчыну. Кроў струменілася з раны на яе грудзях. Яна была яшчэ жывая, але хвіліны яе былі злічаны.

На пытанне: «Хто зрабіў гэта?» – яна магла адказаць толькі: «Дыяс, Дыяс!»

Гэта былі апошнія словы Ісідоры Каварубіо дэ Лос-Льянас.

Разам са смерцю Ісідоры памерла і пачуццё рэўнасці Луізы. Яно больш ніколі не хвалявала яе сэрца.

Рэўнасць змянілася жалем да няшчаснай. Маладая крэолка сама дапамагала свайму мужу асядлаць гнядога мустанга, сама паслала яго ў пагоню за забойцам.

Луіза была рада, калі ўбачыла, што ён вяртаецца, ведучы на ласо Дыяса. Яна не заступілася за мексіканца, калі спешна сазваныя «рэгулятары» павесілі яго зараз жа на дрэве.

Ці была гэта лютасць? He, гэта была першабытная форма справядлівасці – «Вока за вока і зуб за зуб».

* * *

Прайшло дзесяць гадоў. Вялікія перамены адбыліся за гэты час у Тэхасе, і асабліва ў паселішчах на берагах Ляоны і Рыо-дэ-Нуэсес.

З’явіліся плантацыі там, дзе раней былі непраходныя зараснікі. Гарады выраслі там, дзе ў дзікай прэрыі пасвіліся калісьці табуны мустангаў.

Вы пачуеце цяпер новыя імёны і геаграфічныя назвы.

Але старая асьенда Каса-дэль-Корва захавала сваю ранейшую назву. Там вы знойдзеце і знаёмых вам людзей.

Гаспадар асьенды – адзін з самых прыгожых мужчын у Тэхасе, яго жонка – адна з самых прыгожых жанчын гэтага краю. I ён і яна яшчэ маладыя.

Вы сустрэнеце там і сівавалосага старога арыстакратычнай знешнасці, вельмі ветлівага і гаваркога. Ён павядзе вас да караляў, пакажа вам жывёл і будзе з гордасцю расказваць пра табуны коней, якія пасвяцца на пашах плантацыі.

Але больш за ўсё ён ганарыцца сваёй дачкой – гаспадыняй асьенды – і шасцю цудоўнымі малышамі, якія горнуцца да яго і называюць дзядулем.

Калі вы зазірнеце ў канюшню, то ўбачыце там старога знаёмага – Фяліма О’Ніла. Ён займае пасаду галоўнага конюха Каса-дэль-Корва. Тут жа вы можаце сустрэць і чарнаскурага Плутона, які цяпер выконвае абавязкі фурмана і рэдка калі зробіць ласку зірнуць на каня, перш чым узбярэцца на козлы і возьме ў рукі лейцы.

Плутон жанаты. Яго жонка – вядомая чытачу Фларында.

За абедзенным сталом у Каса-дэль-Корва вы абавязкова пачуеце імя нейкага паляўнічага. За абедам вам паведамяць, што смажаны індык або аленіна – яго паляўнічая здабыча. За абедам і асабліва за віном вы пачуеце безлічныя гісторыі пра Зеба Стумпа.

Праўда, самога Зеба вы рэдка там сустрэнеце. Ён пакідае асьенду, калі ўсе яе насельнікі яшчэ ў пасцелі, і вяртаецца, калі яны ўжо спяць або кладуцца спаць.

Але вялікі індык або чвэрць тушы аленя ў кладоўцы даказваюць, што ён тут быў.

У час знаходжання ў Каса-дэль-Корва вы, напэўна, пачуеце абрыўкі загадкавай гісторыі, якая стала амаль легендай.

Слугі не адмовяцца расказаць вам яе ўсю – ад пачатку да канца, але толькі шэптам. Гэта забароненая тэма, яна выклікае сумныя ўспаміны ў гаспадароў асьенды.

Гэта – аповесць пра конніка без галавы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже