– Што ж, пабачыў пан маю нарачоную?.. Якая яна прыгожая!.. Вобраз вясталкі, пане. Праўда? А калі яшчэ на яе тварыку з’яўляецца выраз гэтае дзіўнае меланхоліі… Заўважаў, пан? Яна тады гэткая чароўная, што… аддаў бы за яе жыццё. Нікому б гэтага не сказаў, за выключэннем пана, але яна робіць на мяне гэткае ўражанне, што нават не ведаю, ці насмелюся я некалі песціць яе… я жадаю толькі маліцца на яе… Проста, пане, кленчыў бы каля яе ног і глядзеў бы ў вочы. Мне хапіла б шчасця, каб яна дазволіла пацалаваць край сваёй сукенкі… Але ці не надакучыў я пану?

Раптам ён закашляўся так моцна, што ў яго пачырванелі вочы, а калі супакоіўся, працягваў:

– Я кашляю не часта, але сёння крыху прастыў… і нават не такі ўжо я і схільны да прастуды, толькі ўвосень ды маладзіком. Ну, але і гэта мінецца, бо некалі я запрасіў на кансіліум Халубінскага і Бараноўскага, дык тыя мне сказалі, што калі буду берагчы сябе, буду здаровы… Я пытаўся ў іх таксама (кажу гэта толькі пану), што яны думаюць пра маю жаніцьбу. Але яны сказалі, што жаніцьба – гэта рэч такая асабістая… Я звярнуў іх увагу, што берлінскія лекары ўжо даўно загадвалі мне ажаніцца. Яны гэта абдумалі і тады нехта з іх кажа: “Шкода, вельмі шкода, што пан адразу ж не выканаў тую параду…” І вось, скажу я пану, цяпер цвёрда вырашыў перад адвентам…

Зноў напаў на яго кашаль. Ён адкашляўся і раптам змененым голасам спытаў у Вакульскага:

– Ці верыць пан у будучае жыццё?

– Што так?..

– Бо, бачыць пан, гэта вера ахоўвае чалавека ад роспачы. Я, напрыклад, разумею, што ані сам не буду ўжо такі шчаслівы, як мог быць некалі, ані ёй не дам поўнага шчасця. Адзіным пацяшэннем мне тое, што спаткаемся мы на іншым, лепшым свеце, дзе абое будзем маладыя. Бо яна ж і там, – дадаў ён у задуменні, – будзе належаць мне. Святое Пісанне ж вучыць: “Што завяжаце на зямлі, будзе звязанае і на небе…” Пан, можа, не верыць у гэта, як і Ахоцкі. Няхай пан прызнае, аднак, што… часам… верыць і пан, і зусім бы не паручыўся, што гэтак не будзе?..

Гадзіннік за сцяною прабіў поўнач, барон спалохана падхапіўся і развітаўся з Вакульскім. Праз некалькі хвілін кашаль разлягаўся ўжо з другое афіцыны.

Вакульскі адчыніў акно. З боку кухні гарлалі калькуцкія пеўні, у парку вухкала сава, на небе сарвалася зорка і ўпала кудысьці за дрэвы. Барон усё кашляў.

“Ці ўсе закаханыя гэткія сляпыя, як ён? – разважаў Вакульскі. – Бо мне, і кожнаму тут, хіба, ясна, што панна зусім яго не кахае. Можа, яна нават Старскага кахае…

Я яшчэ не зусім добра разумею сітуацыю, але, падобна, панна ідзе замуж з-за грошай, а Старскі сваімі тэорыямі падтрымлівае яе ў гэтым намеры. Мо і ён крыху закаханы?.. Не можа быць. Хутчэй, яна ўжо яму абрыдла, і ён сілаю змушае яе да шлюбу. Хоць… Не, гэта была б жахлівая камбінацыя. Толькі публічныя кабеты маюць каханкаў, якія гандлююць імі. Якое бязглуздае дапушчэнне!.. Старскі, сапраўды, можа быць яе прыяцелем і раіць ёй тое, у што сам верыць. Ён жа адкрыта сказаў, што ажэніцца толькі з багатаю кабетаю. Прынцып гэткі ж добры, як і кожны іншы, паводле Ахоцкага. Слушна старшынёва казала некалі, што цяперашняе пакаленне мае моцныя галовы і халодныя сэрцы. Гледзячы на нас, яны зняверыліся ў сентыменталізме, а паверылі ў сілу грошай, што, зрэшты, даводзіць іх розум. Не, гэты Старскі – спрытнюга, можа, нават гуляка, лайдак, але знаходлівасці яму не бракуе. Цікава мне толькі, чаму забаўляецца з ім пані Вансоўская?.. Відаць, яна да яго неабыякавая, а ў яе ж яшчэ і грошы ёсць, дык у выніку яны пабяруцца. Зрэшты, што мне да таго?..

Цікава, чаму старшынёва нічога ні сказала сёння пра панну Ізабэлу? Ну, ужо сам я пытацца не буду… Адразу б падхапілі нас на языкі…”

Ён заснуў, і мроілася яму, што ён – барон, закаханы і хворы, а Старскі выконвае пры ім ролю прыяцеля дому.

Ён прачнуўся і зарагатаў.

“Гэта ўжо вылечыла б мяне адразу!” – падумаў ён.

Усю раніцу ён ізноў прабавіў разам з паннай Феліцыяй і Ахоцкім на рыбалцы. А калі а першай усе сабраліся на сняданне, пані Вансоўская запыталася:

– Бабуля дазволіць нам засядлаць двух коней, мне і пану Вакульскаму, праўда?

Яна павярнулася да Вакульскага і дадала:

– Праз паўгадзіны едзем. З гэтае хвіліны пачынае пан службу пры мне.

– Панства толькі ўдваіх едуць? – спытала ўся чырвоная панна Феліцыя.

– Можа, і ты хацела б ехаць з панам Юльянам?

– Толькі прашу… не распараджацца маёю асобаю, – запратэставаў Ахоцкі.

– Феліцыя застанецца са мною, – загадала старшынёва.

Панне Феліцыі слёзы набеглі на вочы. Яна паглядзела на Вакульскага спачатку з гневам, потым – ганарліва і, нарэшце, выбегла з пакою, нібы шукаць хустку. Калі яна вярнулася, дык была падобная да Марыі Сцюарт, якая прабачае сваім катам, і носік у яе быў чырвоны.

Роўна а другой прывялі двух ладных коней для верхавое язды. Вакульскі стаў ля свайго, а праз некалькі хвілін з’явілася пані Вансоўская. У аблеглай амазонцы яна мела формы Юноны, а свае каштанавыя валасы сабрала ў вузел. Наском чаравіка яна абаперлася на руку конюха і, як спружына, ускочыла ў сядло. Яе рука з бізуном трымцела.

Вакульскі тым часам спакойна падцягваў страмёны.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги