– А потым, хоча пані знайсці нейкага новага і незвычайнага чалавека, які б нават у магіле не забыў пані. Дык вось, наколькі я разумею чалавечую прыроду, гэта недасягальная мэта. Ані пані, якая раздае сваю прыхільнасць направа і налева, не зробіцца больш ашчадная, ані чалавек незвычайны не пажадае заняць месца сярод некалькіх тузінаў…

– Ён можа не ведаць гэтага, – спыніла яго ўдоўка.

– Ах, дык тут у нас яшчэ і містыфікацыя. А дзеля яе паспяховасці неабходна, каб герой пані быў сляпым ёлупнем. Але каб знайшоўся такі выбранец, ці наважылася б пані падманваць чалавека, які аж так пані кахае?..

– Добра, я расказала б яму ўсё і скончыла б так: памятай: Хрыстос прабачыў Магдалене, а я ўсё ж менш грэшная, ну і, прынамсі, маю гэткія ж прыгожыя валасы…

– І ён бы задаволіўся гэтым?

– Думаю, што так.

– А каб не задаволіўся?

– Пакінула б яго ў спакоі і пайшла.

– Але адразу ўпілася яму пані ў сэрца і памяць гэтак, каб нават у магіле ён не забыўся на яе! – выбухнуў Вакульскі. – Цудоўны свет, гэты ваш свет… І мілыя гэтыя кабеты, якім чалавек даверліва аддае ўласную душу, але мусіць пазіраць на гадзіннік, каб не спаткаць свайго папярэдніка ды не перашкодзіць наступніку. Нават цеста, каб падняцца, патрабуе часу, дык ці можна вялікія пачуцці выгадаваць спехам і на гэткім кірмашы?..

Няхай пані не спадзяецца на вялікія пачуцці, гэта пазбаўляе сну і апетыту. Навошта труціць жыццё нейкаму чалавеку, якога пані яшчэ не ведае сёння? Навошта псаваць настрой сабе? Лепш працягваць выконваць праграму хуткіх і частых перамог, якія нікому не шкодзяць, а пані неяк запаўняюць жыццё.

– Пан ужо скончыў, пане Вакульскі?

– Хіба, так.

– Дык цяпер я пану скажу. Усе вы нягоднікі…

– Зноў моцнае слова.

– Пан ужыў больш моцныя. Усе вы нікчэмнасці. Калі кабета ў пэўны перыяд свайго жыцця марыць пра ідэальнае каханне, дык высмейваеце яе ілюзіі, дамагаецеся какецтва, без якога панна для вас нудная, а маладзіца неразумная. І калі, дзякуючы агульным намаганням, яна пачне слухаць банальныя прызнанні, якія суправаджаюцца салодкімі позіркамі ды поціскамі рукі, тады з нейкага цёмнага кута вылазіць нейкі арыгінальны экзэмпляр у каптуры Пятра з Аміну222 і ўрачыста праклінае тую кабету, створаную на вобраз і падабенства сыноў Адама. “Табе ўжо нельга кахаць, ты ўжо не будзеш ніколі па-сапраўднаму каханая, бо мела няшчасце трапіць на кірмаш, бо страціла ілюзіі!” А хто іх у яе ўкраў, калі не родныя браты пана?.. І што гэта за свет, які спачатку рабуе ідэалы, а потым выносіць прысуд абрабаванаму?..

Пані Вансоўская выцягнула з кішэні насоўку і прыкусіла ражок… На вейках у яе бліснула сляза і скацілася на конскую грыву.

– Едзь ужо сабе, пан, – выгукнула яна. – Пан нязносна банальны. Едзь, пан… едзь і дашлі мне Старскага, яго нахабства цікавейшае за панскую ветлівасць прынца…

Вакульскі пакланіўся і паехаў наперад. Ён быў закрануты за жывое і ўстурбаваны.

– Куды пан паехаў?.. Не туды… Ах, праўда, гатовы пан заблукаць, а потым казаць усім падчас абеду, што я збіла цябе з тропу. Прашу за мною…

Едучы за некалькі крокаў ад пані Вансоўскае, Вакульскі думаў: “Дык гэтакі свет? Адны прадаюцца людзям амаль спарахнелым, іншыя лічаць чалавечыя сэрцы ледзьве не паляндвіцаю. Дзіўная, аднак, кабета – гэтая пані!.. Бо яна не кепская, мае нават высакародныя парывы…”

Праз паўгадзіны яны зноў апынуліся на ўзгорку, з якога відаць было двор старшынёвай. Пані Вансоўская нечакана павярнула каня і, пільна гледзячы на Вакульскага, спытала:

– Паміж намі мір ці вайна?..

– Ці магу я быць шчыры?

– Калі ласка.

– Я вельмі ўдзячны пані. За адну гадзіну я даведаўся ад пані больш, чым за ўсё жыццё.

– Ад мяне?.. Падалося пану. Я маю кроплю венгерскае крыві, дык, калі сяду на каня, шалею і вярзу недарэчнасці. Хоць я і не адмаўляюся ад сказанага, але, пан, памыляешся, калі думаеш, што ўжо мяне ведаеш. А цяпер пацалуй мне, пан, руку. Пан сапраўды цікавы.

Яна працягнула руку, якую Вакульскі пацалаваў з вялікімі ад здзіўлення вачыма.

ПАД АДНЫМ ДАХАМ

У той час, пакуль Вакульскі з пані Вансоўскаю сварыліся або на злом галавы гойсалі па лугавіне, з маёнтка графіні ў Заславак ехала панна Ізабэла. Учора яна атрымала ад старшынёвай ліст, адпраўлены са спецыяльным пасланцом, а сёння, падпарадкоўваючыся выразнаму жаданню сваёй цёткі, з неахвотаю выехала. Яна была ўпэўненая, што ў Заслаўку сустрэне Вакульскага, якому старшынёва рабіла пратэкцыю. Дык гэтакі раптоўны выезд падаваўся ёй недарэчным.

“Каб нават мне і давялося некалі выйсці за яго, – казала яна сабе, – дык няма чаго спяшацца на павітанне”.

Але рэчы былі спакаваныя, каляска пад’ехала, пакаёўка ўжо заняла сваё месца, дык панна Ізабэла наважылася на ад’езд.

Яе развітанне з сям’ёю было шматзначным. Пан Ленцкі, цяпер увесь час расчулены, цёр вочы, а графіня, усунуўшы ёй у руку аксамітны мяшэчак з грашыма, сказала:

– Не раю і не адгаворваю. Маеш свой розум, ведаеш, у якім вы становішчы, дык мусіш вырашыць і быць гатоваю да наступстваў.

Што вырашыць?.. Да якіх рыхтавацца наступстваў?.. Пра гэта графіня не сказала.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги