— Гітлер капут, — не дужа ўпэўнена, але з гатоўнасцю згаджаецца немец. Вусны ў яго, аднак, прыкметна падрыгваюць. Сяржант усё з той жа ўхмылкай на твары паварочваецца да астатніх.
— Ось бачыце! Ён добры. Знайшоў учора нашу афішку, што перад наступленнем кідалі, прачытаў і перавыхаваўся. Люблю перавыхаваных гансічкаў. Трафейчыкі, канешне, усе выпатрашым. Ур няма? — міралюбіва пытаецца сяржант і спрактыкавана лапае немца па пустых, ужо абвіслых кішэнях мундзіра. — Ну, канешне, у кармане вош на аркане…
Сяржант гарэзна тузае за доўгі казырок немцаву шапку, якая туга ўзлязае таму на вочы, і ідзе назад да ложка. Немец бяскрыўдна папраўляе шапку, а я пераходжу ад парога і апускаюся пад сцяну на край саломы. Болей сесці тут няма дзе. На адзіным услоне ў прасценку нехта ляжыць, ложак зоймуць цяжкапараненыя. Гітарыст ускладвае нагу на край ложка і бярэ гітару.
— Я так думаю, — кажа ён да мяне, бязладна затрэнькаўшы струнамі. — Які сэнс немцу ваяваць з намі? Ну што карысці: уварвецца калі ў траншэі, што ён знойдзе? Хвігу. Хіба што анучу брудную на брустверы. А ў іх! Ого! Колькі ў іх барахла рознага застаецца. Я дык, калі загад «Упярод!», ляту як скажэнны. А што? Спадзяешся на трафейчыкі! Схопіш, а ў іх вошай багата, халера!
3 расчыненых дзвярэй шугаюць воблакі сцюжы — санітары ўносяць параненых. Каця ўкладвае абодвух на ложак, укрывае дзіравым шынялём.
— Паляжыце да заўтра. Уранку ў шпіталь адпраўка. Доктар сказаў.
Адзін з іх, пэўна, ужо даходзіць — вочы напаўзакрыты, нос завастрыўся, з апалых грудзей ірвецца трудны пузырысты хрып. Другі перарывіста стогне, дужаецца з пакутамі і, павярнуўшы на бок галаву, абыякава азірае людзей.
— Браток, скруці пацягнуць, — кажа ён да сяржанта. — У кішэні там, браток… I папера…
Сяржант з гатоўнасцю адкладвае гітару.
— Калі ласка, ацец. Гэта магём. Пакуль рукі цэлыя. Адкуль будзеш, землячок?
— Варонежскі я.
Паранены робіць рух сківіцамі, нібы глытае сліну. Позірк яго неспакойна блукае па цёмнай столі хаты.
— Ну, дык саўсем землякі… Што Варонеж, што Растоў — адна Расея. На, пацягні, палягчэе, — з добрасцю запэўнівае ён і пытаецца: — Пяхота?
— Пяхота, — выдыхае зацяжку паранены і засмяглымі вуснамі зноў ловіць цыгарку.
Немец няёмка топчацца ля печы, не ведаючы, дзе прыткнуцца. Паводзіць ён сябе зважліва, трошкі баязліва. Я адчуваю гэта і клічу яго да сябе:
— Ком! Ідзі сюды. I сядай. Нечага тырчаць.
Ён разумее і, падабраўшы доўгія ногі, няўклюдна сядае побач на земляной падлозе. Вочы яго трывожна слізгаюць па мне, па сяржанту і спыняюцца на ягонай гітары. Каця ля прыпечка пры цьмяным святле «кацюшы» корпаецца ў медыцынскай сумцы — рыхтуе лякарства. Сяржант з сілай шчыпае басовую струну і няўлад, фальшыва пачынае запеў салдацкае песні:
— Ану, спыні сваю трэнькаўку! — строга кідае да прыпечка Каця.
Нехта з кутка дабрадушна пярэчыць:
— Хай іграе. Можа, боль трохі заглушыць. Сяржант энергічна пракашліваецца, збіраючыся заспяваць, калі не лепш, дык ва ўсякім разе гучней.
зноў фальшыва пачынае ён, відаць, разумее гэта і, сустрэўшыся з позіркам немца, са злосцю абрывае запеў.
— Чаго бельмы вылупіў, фрыц? Не падабаецца? Хіба лепей можаш? Што ты наогул можаш, фрыцаўская морда?
— Нэмножько, — раптам выразна вымаўляе немец і працягвае руку да гітары.
Сяржант, набычыўшы голаў, з паўхвіліны амаль з лютай збянтэжанасцю глядзіць на яго. Нібы вырашаючы, ці варта ўсур’ёз прымаць яго просьбу.
— Ану, ану! Ізабразі-ка… Паглядзім, што ты ўмееш. Ну! Давай! Дуй! — нечакана вырашае ён і аддае гітару.
Немец далікатна бярэ яе, уладкоўвае на каленях і, ціхенька перабіраючы струны, левай рукой падкручвае шурупы. У куце зноў усхапляецца абвязаны. Ён нічога не бачыць і праз ледзьве стрываны боль крычыць з роспаччу ў голасе:
— Ага, фрыц? Гэта фрыц? Чаму вы яго не заб’яце? Забіце фрыца!
Той, другі, ягоны сусед, прыпаднімаецца і лёгенька, бы малога, кладзе яго на спіну.
— Ладна, ціха… Я яго сам. Вы пачакайце…
Вочы гэтага чалавека з-пад насупленых броваў пры няпэўным святле «кацюшы» нядобра бліскаюць у бок немца. Абгарэлы корчыцца ў пакутах, енчыць, сцяўшы зубы. У хаце, аднак, на яго не звяртаюць увагі.