Немец няспешна настройвае гітару. Мы ўсе з затоенай цікаўнасцю глядзім на яго — усё ж не часта бачыш, як фашыст упраўляецца з музыкай. Цікава, што ў яго атрымаецца! У сяржанта на вузкалобым твары ўжо не хцівая ўсмешка, а прытоеная да часу пагроза. Мне здаецца, калі немец у чымсь не дагодзіць, то яму ўжо не спусцяць — прыйдзецца тады бараніць. Цяжкапаранены на ложку павяртае набок свой збялелы твар і з пакутніцкай нетутэйшасцю ў паўзаплюшчаных вачах таксама сочыць за немцам. Усё ж ён чакае чагось, і гэтае чаканне на кароценькую хвіліну нібы прытупляе ягоныя пакуты. 3 дзявочаю цікаўнасцю коратка азіраецца ад прыпечка Каця і хмурыцца. Чамусьці я пачынаю хацець, каб немец сапраўды сыграў што няблага. Міжвольна мне ўжо карціць на спачуванне да яго ў гэтай хаціне. Усё ж ён «мой» немец.
I сапраўды, ён хутка падстройвае гітару і трошкі сцішана, але лёгка і спрытна пачынае бегаць па струнах. Просценькі, усім вядомы матыўчык, як тоненькі сакавіцкі ручаёк, журчыць у хаціне:
Вось дык дзіва! Вось табе і немец! Грае наша, рускае, як самы заўзяты русак. I параненыя, глядзі ты, пасціхалі ўсе, ніводзін не вякне ні слова — слухаюць. Сяржант з самага пачатку, відаць, страчвае свой пагрозлівы намер. Нехта ў куце сцішана ўздыхае, пасля ўсхліпвае — ага, плача! Гэта, здаецца, абпалены. Ну, але што ж зробіш! Што мы ўсе тут, у гэтай хаце, можам зрабіць, апроч як трываць свой боль. Хто большы, хто меншы, хто на дзень-два, хто на доўгія месяцы. Апёкі ж будуць балець да самага канца, пакуль не зажывуць — няма горшага болю, чым ад апёкаў. Цяпер нам адно — трэба звыкацца з болем, думаю я. Там, у стэпе за Кіраваградам, наступаюць, акружаюць, адбіваюць атакі, вызваляюць сёлы і станцыі, а мы тут — суцэльная канцэнтрацыя болю. Як толькі дагэтуль не дадумаліся выкарыстоўваць яго энергію, акумуіраваць, кансерваваць, ператвараць у іншыя віды? Колькі яе, нечалавечай і пакутнай, прападае бясследна ў гэтай вайе! На жаль, цяпер, як і тысячы год на зямлі, пакуты — асабістая справа кожнага, бескарысная трата вялізных людскіх намаганняў. Таму плач, баец, не саромся. Кажуць, ад плачу стане лягчэй! I не чапляйся да немца. Чорт з ім, хай жыве, усё ж і ён — чалавек. Вунь як іграе…
Немец тым часам канчае іграць. Сяржант збянтэжана падаецца назад, ямчэй умошчваецца на ложку ў нагах параненага і ссоўвае на лоб пакамечаную, з растапыранымі вушамі шапку.
— Здорава, шэльма! Нічога не скажаш!
— Добра шпарыць… — стрымана адабраюць у куце.
Немец лёгенька кранае пальцамі струны, спрабуючы іх гучанне. Сяржант падабрэлымі вачыма разглядвае яго зверху. Відаць па ўсім, гэтаю ігрой немец пахіснуў у ім прывычную грубаватую самаўпэўненасць і абудзіў пачуццё звычайнай чалавечай цікавасці.
— Ты хто? Фашыст? — пытаецца ён, ва ўпор узіраючыся ў немца. — За Гітлера?
— Гітлер капут! Гітлер плёхо, — хуценька адказвае немец сваёю прывычнай фразай.
Я пазіраю на яго і адчуваю, як нешта ў ім перамянілася, быццам ажывела. Позірк набывае натуральнасць і перастае палахліва бегаць па тварах. Сцішаная ўвага рускіх супакойвае яго.
— Во гэта я разумею, — кажа сяржант і бесцырымонна, але без пагрозы ляпае яго па плячы. — Што, сам здаўся? Сам плен ком?
— Я, я. Сам, — пацвярджае немец.
— Правільна. Адабраю. Дай пяць. — Сяржант коратка ціскае за локаць яго занятую гітарай руку і ўжо зусім дружалюбна прапануе: — Ану ізабразі яшчэ што! Ну вось гэту: «На позицию девушка провожала бойца…»
— Огоньёк! — здагадваецца немец і хуткім гарлавым прабегам без слоў заканчвае мелодыю. Задаволены яго здагадлівасцю, сяржант адабрае:
— Во, во!
Неўзабаве немец зусім няблага іграе «Огонек», і я толькі дзіўлюся ягонай здатнасці да нашых песень. Сяржант хрыпата падпявае, а мяне горне ў салодкі, млявы, ліпучы сон. Я адчуваю: не трэба паддавацца яму, нельга, ці мала што… Трывога ў душы нейкі час змагаецца са сном, але неўзабаве, здаецца, ён усё ж адужвае ўсё — і клопат, і трывогу, і мой боль у назе…
10
Нешта мне замінае, пакутна трывожыць, я падсвядома імкнуся ў суладную млявасць забыцця, дзе нічога і — сон… Але гэтае нешта мацней за мяне, за стому, яно вырывае мяне з салодкае адсутнасці, і я прачынаюся. Толькі дзе я? Нейкія людзі, устрывожаная гамана, далёкія і блізкія галасы. I раптам скрозь санлявую няўцямнасць прарываецца адна фраза, якая адразу вяртае мяне да явы:
— Младшой! А младшой! Твайго немца забіраюць…
«Немца? Якога немца?.. Ага! Гэта ж я ў санчасці». Я ўскідваю цяжкую галаву. Насупраць у хаце, усё ў тым жа змроку «кацюш», «мой» немец і абапал яго двое: адзін у шынялі, другі — у паўшубку.
Гэта Шашок і Сахно.
Сахно паварочваецца на голас, затым — да мяне. На яго выгаленым твары пад нізка насунутай на лоб чорнай кубанкай строгая зацятасць няўмольнага выканаўцы закону.
— Вы куды? — асіпла кажу я. — Гэта — палонны.
— Младшой, не давай! Хай самі ў палон возьмуць, — падбухторвае з ложка сяржант.
Сахно строга азірае яго.