— Малодшы лейтэнант Васілевіч! — адразу ж выпальваю я, з выклікам уставіўшыся ў яго злы твар. Я не баюся. Што ён мне зробіць, параненаму? Усё, на што мы намагліся, было па напіай добрай волі. Не думаючы ўжо выжыць, мы ляглі пад самыя танкі. Сапраўды, дзе ты тады быў, таварыш палкоўнік?

— Марш туды, малодшы лейтэнант! Загадваю падраздзяленню абараняць вышьшю!

— У мяне няма падраздзялення.

— Як няма? Дзе ваша падраздзяленне? Марш адзін, сам! Чорт вас вазьмі! Я вас прымушу!..

— Я ранены! Во, не бачыце? — крычу ў адказ. Пасля перажытага гэты тон і патрабавальнасць, увесь гэты наскок невядомага палкоўніка раздражняе і злуе да ашалеласці.

Палкоўнік нешта крычыць і кідаецца да мяне, замахнуўшыся сваім дубцом. Але тут недзе побач гахае выбух, які, мабыць, першы раз у жыцці, мяне не палохае. Саломай і нейкай трухой б’е ў нашыя твары, чымсьці гарэлым густа асыпае наўкола снег. Палкоўнік падае, і тады я, наперакор сабе, нечакана спахопліваюся: ці не забіты? Чорт з ім, хай бы лепш жыў! Усё ж які-ніякі, а камандзір! Але я дарма палохаўся. Неўзабаве палкоўнік ускоквае, ускокваюць з-пад машын ягоныя камандзіры, і нечы ўстрывожаны голас вусцішна гукае:

— Таварыш палкоўнік, генерал!

На вуліцы да нас збочвае яшчэ адзін «віліс». Палкоўнік таропка абтрасае ад снегу бекешу, а я, абыякавы да ўсяго, брыду сабе, куды пайшлі нашы. Мяне ўжо не трымаюць: не да мяне. Неўзабаве чую, як генерал пачынае бэсціць палкоўніка:

— Што ў вас тут робіцца? Пачаму дарога не перакрыта? Пачаму не выкананы загад аб перадачы ІПТАПа?[5] Разгільдзяйства і галавацяпства! Я адхіляю вас ад камандавання…

Аказваецца, ён сам не выканаў загад, таму так і накінуўся на нас. Але мы не можам замяніць сабой супрацьтанкавы полк. Мы не здольны загладзіць яго разгільдзяйства. Мы можам толькі загінуць. Аднак мы ўжо зрабілі нешта даволі значнае, да чаго не мае адносін гэты палкоўнік. I гэта дае нам права не падпарадкавацца. Не зусім усвядомлена яшчэ я адчуваю непахіснасць нашай праваты ў гэтым канфлікце.

Я бачу наперадзе, як нейкі баец з забінтаванай рукой аб чымсь пытае другога, сустрэчнага, і той паказвае яму ўздоўж вуліцы. Няцяжка здагадацца, што яны маюць на ўвазе. Я іду за гэтым, перавязаным, стараючыся не ўпусціць яго з вачэй. Тым болей што ўжо цямнее. Сонца на небе ўжо няма, і між хат туліцца вечаровы паўзмрок. Проста дзіўна, як хутка скончыўся дзень, які там, на пагорку, здаваўся бясконца доўгім. Танкі ў другім канцы сяла кудысьці адыходзяць. Цяпер страляніна і скогат балванак чуваць за пагоркам у стэпе. Там жа дым — ці то ад таго, падпаленага капітанам, ці мо ўжо ад новага. А можа, і нашага — магчыма і такое…

Ранейшыя перажыванні меншаюць, і мяне ўсё болей агортвае непакой за Юрку — ці жывы хоць? Няўжо не выжыве, сканае цяпер, калі цудам выбраліся з самага пекла. А цяпер нашыя танкі, мусіць, немцаў сюды ўжо не пусцяць. Тым болей калі з’явіўся генерал. Пэўна, ён навядзе парадак. Так я мяркую, шкандыбаючы па вуліцы. Дакладней, мне хочацца, каб было так. Я страшэнна змораны, пачуцці мае адранцвелі. Адзінае жаданне валодае мной — прыбіцца дзе-небудзь да цяпла і прылегчы…

Баец наперадзе зварочвае ў нейкую будыніну з абведзенымі сінім вокнамі. Гэта нейкі нежылы дом пад бляхаю, з высокім ганкам, мусіць, які былы сельсавет або ўправа. Неўзабаве з дапамогай свайго кастыля-карабіна дакульгваю туды і я. Скрыпучыя дзверы неахвотна адчыняюцца, прапускаючы мяне ў цемру.

<p>22</p>

— Ну, можа, і па трэцяй? Раз не пашанцавала з гасцініцай, дык хоць вып’ем, — расчырванеўшыся з твару і прыкметна падабрэлы, кажа Гарбацюк. — А чаму не ясі?

— Я ем.

— Што гэта за яда! Успомні, як, бывала, на фронце елі… Кацялок пшонкі на двух і праз хвіліну — як вылізаны. Ардынарцу і мыць не трэба.

— Кацялок давалі на чатырох. Прынамсі, у пяхоце.

— Ну, у пяхоце я не быў, — дабрадушна прызнаецца Гарбацюк.

Перад намі яшчэ нешта блішчыць у графінчыку. Ён пад’еў, паўнаватыя яго шчокі сыта блішчаць, вочы жмурацца ў добрасці. Я таксама гатовы падабрэць. Урэшце, чорт з ім, з гэтым Сахно! Памыліўся — дык яшчэ і лепш. Навошта мне з ім сустракацца? Ды і наогул ці жывы ён? Напэўна прыбілі дзе немцы, і ўсё. А я дваццаць год турбаваўся…

Гарбацюк адкладвае відэлец і камечыць у кулаку папяровую сурвэтку. Я аблакачваюся на стол. Карціць даведацца пра яго да канца. Каб ужо без сумненняў.

— Скажыце, вы не танкіст?

— А як жа! Танкіст! — з ганарлівай радасцю кажа Гарбацюк. — Тры гады ў танкавай арміі. Ад Вялікіх Лук да Берліна. Усе сцежкі-дарожкі прайшоў.

Выбух вясёлага смеху за ягонай спіной абрывае фразу. Ля чарнушкі, паклаўшы на яе плячо шырокую руку, усміхаецца плячысты бландзін.

— А цішэй нельга? — строга пытаецца Гарбацюк.

— Можна, — адказвае крайні за сталом, круглатвары і светлабровы ў цёмным гарнітуры хлапец. — Эрна, просяць на паўтона ніжэй.

— На паўтона ніжэй! — з гуллівай уладарнасцю загадвае Эрна суседу.

Той, пачакаўшы, пакуль за сталом уціхне ажыўленне, з тым жа знарочыстым пафасам гаворыць далей:

Перейти на страницу:

Похожие книги