— Ну, скажыце! Скажыце, чаму я яе кахаю? Што ў ёй? Пастава? Грацыя? Хараство? — наіўна акругляючы вочы і жэстыкулюючы шырокай далонню, пытаецца ён. — Шпінгалет! Каго яна можа нарадзіць, такая блыха? Хіба што другую блыху. Гэта ў біялагічным плане. А ў грамадска-палітычным?..

— Адставака! Хвост па палітэканоміі… — самавыкрывальна напамінае Эрна.

— Грубіянка! — падказвае бліжэйшая да яе бландзінка.

Іншыя за сталом крычаць:

— Задзіра і насмешніца!

— У сценгазеце прадзёрнута!

— Паспрачалася з рэктарам…

— Правільна. Усё правільна. Дзякуй за дапамогу. Суцэльны перажытак мінулага. I часткова будучага. А я кахаю яе. I ўсё! Дык вытлумачце, чаму? Вы! Філосафы! Маралісты! Камсоргі! Біёлагі! Чаму, га?

Ён прытворна паціскае плячыма. Хлопцы наперабой штось спрабуюць давесці. Адна Эрна вельмі хітра ўсміхаецца пад яго рукой. Яна-то разумее гэта ягонае «чаму».

— Ну дык што ж! Узялі? — дзеля прыліку пытаецца Гарбацюк і разлівае рэшту. — Як кажуць, каб не апошнюю…

— Ну…

— А ўрэшце куды спяшацца? Пасядзім да закрыцця. — Ён адстаўляе чарку і закурвае. Смачна зацягваецца. Пасля ўглядаецца ў мяне.

— Гляджу, нешта невясёлы. Што, характар такі?

— Характар.

— Адкуль прыехаў?

— Ды тут недалёка. З-пад Мінска.

— Ага. Беларус, значыць. А дзе працуеш?

— У клубе.

— Значыць, па культурнай лініі?

Мне непрыемны гэтыя роспыты, і, каб іх прыпыніць, я звяртаюся да яго:

— А вы на якой лініі?

— Я? Юрысконсульт. На паўстаўкі. Болей нявыгадна — пенсію рэжуць.

— Зразумела. Пенсіянер?

— Ды накшталт. Пяцьдзесят два гады. Але ў мяне выслуга. Усяго дваццаць восем. З ільготнымі, вядома.

«Нішто сабе, як кажуць, пратрубіў чалавек! Дваццаць восем год салдацкае лямкі — не жарты! У мяне тры, і то перажыванняў на ўсё жыццё…»

— Эх шкада, піўка не заказалі! Духата такая.

Ён паварочваецца да залы і кліча афіцыянтку:

— Дзевушка! Дзевушка! На хвілінку…

Але «дзевушка» не чуе або не хоча пачуць і ідзе сабе між сталоў на кухню. Тады ён устае.

— Ты пасядзі. Я закажу ўсё ж…

За сталом я астаюся адзін.

<p>23</p>

У хаце зусім цёмна (ці, можа, мне так здаецца) і вельмі людна. Так людна, што секууд некалькі я не ведаю, куды ступіць ад парога. I я стаю, узіраючыся праз паўзмрок у невыразныя плямы твараў, бінтоў, людскіх постацей на лаўках і на падлозе. У нос востра шыбае перакісам вадароду. Гэта абнадзейвае — значыць, медык тут ёсць, будзе на каго паспадзявацца.

— Во яшчэ адзін зашчытнічак! — з лёгкім гумарком гукае нехта ад сцяны. — Ну, як там: турнулі нямецкіх захопнікаў?

Я не маю ахвоты ні да якой размовы. Тым больш з такім вось дасціпнікам. Але па нейкіх ягоных гуллівых нотках адчуваю, што тут ёсць жанчына, і прыглядаюся ў паўзмрок, ці не Каця?

— Адбіліся, — кажу я.

Ад чорнай круглай грубкі, ля якой поркаюцца байцы, на мой голас павяртаецца нехта ў паўшубку. Сапраўды з-пад шапкі ўскідваюцца знаёмыя вочы Каці.

— А, младшой! А тут дружок ужо зусім нос павесіў. Думалі, хана табе.

Каця ўстае, і тады я бачу ў доле на разасланых шынялях Юрку. Ён ляжыць на спіне, без гімнасцёркі, па грудзях туга спавіты бінтамі, і ледзьве прыкметна спрабуе ўсміхнуцца мне куточкамі сваіх вуснаў.

На некага наступіўшы, не зважаючы на лаянку, я падаюся да сябра і нязграбна апускаюся ля яго на калена.

— Юра! Юр… Ну, як табе? Лягчэй? Га, Юрка?

Я ўзіраюся ў яго шэры, без адзінай крывінкі твар з вострым, нейкім не Юркавым носам. Без адказу адчуваю, справа яго дрэнь. Блага Юрку! I нават яшчэ як блага!

— Так, нічога… Лягчэй… — шэпча вуснамі Юрка.

У яго зацененых вачах на секунду загараецца радасць, якая, аднак, зараз жа і гасне. Я ўсё гэта бачу. Я разумею… і я хачу яго падбадзёрыць:

— Знаеш, адбіліся! Танкі падышлі. А то былі б нам канцы. Цяпер мы цябе ў шпіталь. У першую чаргу, — кажу я, верачы, што адпраўлю яго. Цяпер я ўжо дамагуся. Але тут побач нехта недаверліва сапе:

— Глядзі, адправіш! На самалёце хіба?

— Чаму на самалёце? — няўцямна пытаюся я, і раптам гэтая рэпліка мяне насцярожвае. Я павяртаю голаў — пад сцяной ля самых дзвярэй з вінтоўкаю між каленяў сядзіць ды смокча цыгарку нейкі баец. I побач (глядзі ты: зноў тут як тут!) дрэмле мой немец.

— Чаму самалётам? — падазраючы нядобрае, пытаюся я. — Машынай, падводай адправім. Бачыце, цяжкапаранены?!

— Гм!.. Мы-то бачым. А вось ты…

— А што? Што я не бачу?

Я ўжо гатовы ўзарвацца, бо стрыманасці мне не хапае, не трываюць нервы. Што тут яшчэ здарылася?

— Трапілі, во што. Між молатам і кавадлам…

— Ну ты там! — строга раздаецца з кута ад стала знаёмы голас. — Пракрашчай разгаворчыкі!

Ну, вядома, тут і капітан Сахно… У цёмным куце. Яго адсюль амаль не відаць, — ён жа, мусіць, бачыць усіх. I нешта ён тут дужа па-начальніцку прыкрыквае — мусіць, старшы па званню. Як ад болю, сцяўшыся ад нядобрага прадчування, я пазіраю то на яго, то на байца ля парога. Але той змаўкае і толькі падміргвае мне адным вокам:

— Паняў?

Так, зразумеў. Ведама ж, няхітрая справа зноў трапіць пад удар, калі ў тыле чорт ведае што. Чаго тут чакаць, апроч як удару, акружэння, разгрому. Але ж ёсць і нашыя танкі. Гэта ім не сорак першы год. Не, мабыць, панікаваць яшчэ рана. Яшчэ пабачым, хто трапіць на кавадла…

Перейти на страницу:

Похожие книги