— Якая к чорту ГПЗ! — злосна бурчыць пярэдні. — Кротаву шыю мыляць.

Кулямётчык у ссунутай шапцы разяўляе рот. На кончыку языка ў яго — снег.

— Пэўна, за Іваніўку? Ага?

— Ага.

— Ну і ну! — кажа пажылы, затрымаўшы ў парэпаных пальцах курэцкае начынне. — Гэта ўжо ўсыпяць!..

Ён пачынае скручваць цыгарку, побач у недаўменнай цікаўнасці разяўляюць раты байцы. Нехта за маёй спіной ахвотна пацвярджае:

— А ты думаў! Калі ўжо начальства ўмяшалася — усыпле…

Яны толькі цяпер здагадаліся, а я ўжо зранку думаю над усёй гэтай справай. Яшчэ на світанні ў Вялікую Севярынку да камбата прыязджаў штабны афіцэр капітан Сахно, які і раздзьмуў гэтую гісторыю з начлегам шостай роты. А цяпер вось якіх чвэрць гадзіны назад паўз калону праскакаў на кані старшына Шашок, ардынарац-паручэнец, ці як там яго называюць, — словам, пісар са штаба. Яшчэ ён запытаў у мяне, дзе камбат, і я махнуў рукой туды, у галаву калоны. Мусіць, таму і спынім батальён сярод стэпу. Так, відаць, будзе гэтаму Кротаву.

Кулямётчык тым часам спатольвае прагу і выбівае адна аб адну сподкі.

— Гэй, бамбаловы! — гарэзна крычыць ён да байцоў шостай роты. Іх у нас здаўна, мабыць, яшчэ з Курскай дугі, завуць бамбаловамі, хоць, пэўна, мала хто ўжо і памятае, што азначае гэта мянушка. — Цераз левае плячо кругом марш! У штрафную!

Аднак шостая, відаць, не хоча застацца ў даўгу.

— Ага, у штрафную! А хто ж тады вас будзе з-пад танкаў ратаваць?!

Гэта — усім зразумелы намёк. Тыдзень назад шостая рота адсечным агнём з фланга падсобіла нашай роце, якую атакавалі нямецкія танкі з пяхотай.

— Ці не вы гэта ўратуеце! Вы ж пабраталіся! — з’едліва папракае кулямётчык. Але тое ўжо праз меру, і я паварочваюся да байца.

— Ну, ну! Даволі!

Кулямётчык ніякавата жмурыцца, адчуваючы, што перабаршчыў, і мне хочацца напомніць яму нешта накшталт: жартуй, але ведай меру.

Аднак спераду зноў даносіцца:

— Малодшы лейтэнант Васілевіч — у голаў калоны!

Гэта ўжо мяне. Але навошта? Здаецца, я не замешаны ў такіх непрыемных справах, як Кротаў, рота якога нядаўна заначавала ў адным сяле з немцамі. Здарылася так, што бамбаловы мірна праспалі ноч і ўбачылі фашыстаў толькі ўранні, калі тыя, пастроіўшыся ў калону, падаліся сабе на бальшак. Прынамсі, так расказваюць байцы. Начальства ж, мусіць, мае наконт гэтага іншыя меркаванні.

— Ну што! Ага, самі ўліплі! — учуўшы каманду, пачынаюць зларадна крычаць з шостай.

— Яны шнапсам хабар з немцаў бралі! Ха-ха!..

— Ану, спыняй балбатню! — загадваю я кулямётчыку.

Зводдалі цераз галовы байцоў даносіцца голас самога камбата:

— Васілевіч, доўга цябе чакаць?

– Іду, іду!

Прытрымліваючы на грудзях ППС, я зморана бягу растаптанай дарогай. Я не магу дазволіць сабе раскошы на выклікі ісці крокам. 3 усіх ротных у батальёне я самы малодшы — і па гадах і па званню. Мабыць, з гэтай прычыны ад камбата мне дастаецца болей за іншых, і таму я змушаны варушыцца.

Камбат сядзіць на снегавым курганку ля палявога капца і мёрзлай кукурузнай бадылінай пырае ў снег. Побач, шархочучы на каленях картай, месціцца ваш вусаты начштаба. Насупраць стаіць змрочны цемнатвары Кротаў, а крышку ўбаку, трымаючы за повад зморанага мухортага коніка, чакае чагось старшына Шашок. Новенькі шызага камсастаўскага сукна шынялёк шчыльна аблягае яго шырокую спіну.

— Ну, як галава? — зірнуўшы на мяне, пытаецца камбат.

— Ды нішто.

— А вушы? Спякліся, мабыць?

— Трошкі, — насцярожана адказваю я, не разумеючы, чаго ён гэтак незвычайна пачынае размову. Але адчуваю, што гэта не так сабе.

— Пойдзеце ў санчасць, — кажа камбат і б’е бадылінай па снезе.

Снегавая пацяруха асыпае мне боты, трапляе начштабу на карту, і той з прыкрасцю страсае яе пачырванелай далонню.

— Таварыш капітан, — спрабую я запярэчыць, але камбат не хоча і слухаць — бадай, як і ўсе камандзіры, ён не любіць, калі яму хто пярэчыць.

— Пойдзеш у тыл. Усё роўна з такой галавой — не ваяка…

— Дык у роце нікога не застаецца. Вы ж ведаеце.

— Ведаю. Заўтра Басмак прыйдзе. А пакуль старшына Дарафееў пакамандуе.

Вядома, наш старшына можа пакамандаваць і сёння, і заўтра, чалавек ён сталы і страляны, і ўсё ж мне зусім не хочацца пакідаць роту і выпраўляцца ў санчасць. Калі б ён паслаў мяне на які дзень раней, хоць бы мінулаю ноччу, калі мы мерзлі пад агнём у снезе пасля няўдалае атакі. А то лацно яму ставіць на роту старшыну, калі часці ўваходзяць у прарыў, мінаюць нямецкія флангі, і ўжо вунь ён, Кіраваград. Удзень з Севярынкі мы бачылі яго прыгарады, дымы пажараў і высокія будынкі, якія штурмавалі нашыя «ІЛы».

— Вось з Кротавым і пойдзеце, — кажа камбат, ківаючы галавоЙ на камандзіра шостае роты. Той стаіць чорны, быццам зямля, і не пазірае на людзей. — Ды яшчэ гэтых субчыкаў прыхопіце. Заадно. Каб канвойных не пасылаць.

Перейти на страницу:

Похожие книги