Немцы пакорліва тупаюць побач. Акулярысты ў мундзірчыку — наперадзе, за ім той, што без шапкі — ваўкаваты і чарнабровы хлопец, з твару зусім не падобны на немца. Стары з натугай шкандыбае ззаду, часам адстае, усё шморгаючы вялікім прастуджаным носам. У палон ён добра падрыхтаваўся, адразу відаць гаспадарлівага чалавека — на дзязе лязгае кацялок, фляжка, цераз плячо перакінута згорнутая ў скатку коўдра, на баку вісіць падобная на паляўнічы ягдташ брызентавая сумка. Не дзіва, што і адстае, гэтак нагружаны, і я, час ад часу азіраючыся, са знарочыстай злосцю прыкрыкваю:
— Шнэль, шнэль, фрыц!
Пярэдні ў акулярах тады паварочваецца і, нібы старшы сярод іх, нешта гергеча на апошняга. Я разумею толькі:
— Шнэлер, камарадэ…
Стары трохі прыспешвае хаду, целяпаючы заснежанымі поламі доўгага шыняля, і бурчыць паціху. Здаецца мне, у тым сэнсе, што, маўляў, добра табе, маладому, лёгка апранутаму, а я прыстаў ужо, хачу закурыць ды і наогул па самае горла сыты і вайной і вашым фашызмам. Гэта зусім натуральна ўчуць ад яго, бо ўжо сорак чацвёрты год і немцы на фронце не тыя, што былі ў сорак першым. Але акулярысты не дужа зважае на яго буркатню і з камандзірскаю строгасцю падганяе:
— Шнэлер, шнэлер…
Гэты пярэдні, нетаропка-разважлівы і нечым падобны на унцера, хоць мундзір на ім без усялякіх адзнак. Твар у яго прадаўгаваты, у меру хударлявы, з моцнаю ніжняй сківіцай. Пад тоўстымі шкельцамі акуляраў — насцярожаныя, але, здаецца, памяркоўныя, без злосці вочы. Той жа, проставалосы, што ідзе за ім, неяк дужа змрочна панылы. За ўвесь час ён не сказаў ніводнага слова і, здаецца, ні разу не зірнуў ні на кога.
Кротаў з выгляду зусім абыякавы да палонных і то памаўчыць, то зноў пачынае лаяцца.
— Чуць што з палка — і ён ужо на заднія лапкі. Сваёй ён думкі не мае.
Мне здаецца, што гэта дарма. Не такі ўжо наш камбат і лёкаяваты, якім яго ўяўляе цяпер пакрыўджаны ротны — проста перад старшымі пасуе крыху, як і многія ў арміі. Жадаючы трохі змякчыць яго гнеў, я абнадзейваю Кротава:
— Можа, не затрымаюць доўга, — кажу я, маючы на ўвазе палкавы штаб, куды яго выклікаюць. — Разбяруцца, і заўтра ў роце будзеце.
— А мне напляваць! Хай затрымліваюць. Што, мне ў тыле горш, чым на перадавой? Я пра тое, чаго яны чапляюцца па-дурному.
— Бдзіцельнасць…
— Бдзіцельнасць! Г… гэта, а не бдзіцельнасць. Яму рабіць няма чаго, таму бабніку, вось ён і прычапіўся. Ну, улезлі ў вёску, не разгледзелі, не разведалі. Дык што ж? Што тут злачыннага? Ніводнага чалавека не загубілі. Хіба лепш, каб у стэпе паўроты абмарозілася? Ці як гэты дурань Сараф’янаў за два дні ўсю роту палажыў… — разважае Кротаў, ужо не азіраючыся на мяне.
Я маўчу, трымаючы пад пахай свой ППС ды цікуючы за ботамі ротнага, якія рушаць акуратна спрасаваны ў снезе гусенічны след. Хада ў Кротава энергічная і лёгкая, як у загартаванага пехацінца. Старшы лейтэнант не прызнае паўшубкаў і з восені гойсае ў туга перацягнутай рамянямі ватоўцы. На руках у яго цёплыя аўчынныя рукавіцы на матузку, перакінутым цераз шыю, і ён у злосці шырока жэстыкулюе імі.
— Загадана было атакаваць, ну і атакаваў, пакуль восем чалавек не засталося. Нябось яго за гэта ў штаб не цягаюць!
Так, за гэта, мабыць, не пацягнуць, думаю я. Наадварот, яшчэ могуць даць ордэн за ўпартасць і настойлівасць пры выкананні загаду. Каму там разбірацца, што гэты Сараф’янаў набіты дурань і гарлапан, што яго даўно трэба пагнаць з батальёна куды-небудзь на гаспадарчы ўзвод. Але камбат наш усё ж не такі, увогуле ён нядрэнны камандзір, не крыкун і не баязлівец. Хіба што залішне цягнецца перад начальствам. Дык што ж: пра такіх кажуць — дысцыплінаваны.
Кротаў, нібы угадаўшы мае думкі, пярэчыць:
— Дысцыплінаваны! Дайшоў да чаго — перад нейкім там старшыной рассыпаецца, папяросачкамі частуе. Забыўся, мабыць, што і капітан, што і камандзір батальёна. I хто гэты старшына? Халуй, і ўсё.
Гэта сапраўды непрыемна, і тут я не знаходжу, чым можна было б абараніць капітана. Хіба тым, што здарэнне з шостай ротай не можа не адбіцца і на ўсім батальёне. Камбат, відаць, разумее гэта і, можа, не зусім упэўнена адчувае сябе.
На завароце танкавай каляіны я азіраюся. Мы прайшлі па кукурузе ўжо далекавата, батальённая калона без следу і гуку знікла ў вячэрнім стэпе. Шашка чамусьці нідзе не відаць. Ну, але старшына дагоніць, гэта не цяжка, бо мы ўвесь час ідзём па добра прыкметным шляху, а ноч будзе, напэўна, відная. Яшчэ не паспела сцямнець, як на бясхмарным марозным небе ва ўсё сваё поўнае вока свеціцца цыганскае сонца — месяц. Горш вось, што трэці, стараваты, немец увесь час адстае, відаць, добра ўмарыўся ўжо і на маё строгае «шнэль» не дужа рэагуе. Тады я гукаю Кротаву: «Стой!» Трэба пачакаць, бо ўсё цямнее, і я, прызнацца, патроху непакоюся, каб гэты стары куды не зашыўся. Старшы лейтэнант незадаволена спыняецца, ахвотна прыпыняюць хаду немцы, і ўсе мы чакаем, пакуль даграбецца ў каляіне іх камарад. Кротаў, мусіць, трохі ўжо прымірыўся з маім камандзірствам і падпарадкуецца. Мне, аднак, няёмка перад ім, старэйшым, і, каб змякчыць гэту няёмкасць, я дастаю з кішэні два сухары.