— Дзякуй! — Ён левай рукой лагодна прыгортвае да сябе нявесту. — У гадавіну Перамогі. Так сказаць, па сямейнай традыцыі. Як дзеці ваенных бацькоў. У Эрны — генерал-лейтэнант. У мяне — проста лейтэнант. Невялічкая розніца.
— Амаль ніякай, — устаўляе Эрна і нецярпліва прыгубляе бакал.
Я па справядлівасці ацэньваю дасціпнасць яе іроніі. Трапяткі, рухавы, нібы жывое срэбра, твар гэтай дзяўчыны тоіць столькі стрыманай гуллівасці, што аж не верыцца ў сур’ёзнасць іхняга намеру.
— А дзе ж… вашы бацькі-лейтэнанты? Ці вы без іх?
— На жаль, без іх, — коратка ўздыхае Ігар і, разліўшы ў бакалы рэшткі віна, сядае. — Лейтэнанты далёка. Яе пад Харкавам, мой у Дзямянску. На вечнай прапісцы.
У першы момант я не знаходжу, што адказаць. Гэта не весела. Гэта вельмі і вельмі нават журботна. Толькі сваю журбу яны, напэўна, даўно перажылі, і пасля паўхвіліннае паўзы Ігар паднімае бакал.
— Ну, дык салют!
— Ну што ж! За ваша шчасце, лейтэнанцкія дзеці! — кажу я.
Нешта тужліва-светлае шчымлівай добрасцю запаўняе мае пачуцці. На хвіліну я забываюся і на Сахно, і на Гарбацюка, і на ўсе мае сённяшнія турботы.
Усе за сталом патроху выпіваюць. Ігар адстаўляе бакал і нервова разгортвае цукерку.
— Толькі той дурань вечар сапсаваў. Усё ішло ладна…
— Нічога. Гэта яшчэ не самае горшае… Аднак я не спраўляюся даказаць думку, як побач ускокваюць дзяўчаты.
— Вунь ідуць! Ідуць! Дзевачкі, два міліцыянеры! Адзін, глядзі, які бравы! Сімпацяга!
Па праходзе да нас сунецца Гарбацюк. За ім, трохі прыадстаўшы, са службовай важнасцю на тварах ідуць два міліцыянеры ў белых кіцелях і чырвоных фуражках. Пярэдні даволі пажылы ўжо, з маршчыністым тварам дзядзька, задні ж — сапраўды сімпатычны хлопец. Гарбацюк спыняецца ля нашага стала і паварочваецца да міліцыянераў.
— Вось, калі ласка! П’яныя. Нахабства, хуліганства і ўрэшце палітычныя выпады. Вунь той. I гэты ў чорным. Старшына міліцыі афіцыйна-бясстрасным позіркам акідвае ўсіх за сталом, аглядае бутэлькі, даўжэй затрымліваецца на мне.
— Так. Папрашу названых грамадзян прайсці ўслед за намі.
За сталом ускоквае Эрна. Устаюць дзяўчаты і хлопцы.
— А мы?
— Вы можаце заставацца.
— Не. Калі забіраць, дык усіх. Я Ігара аднаго не пушчу! — рэзка аб’яўляе Эрна.
Я таксама ўстаю.
— Усё ж яны — сведкі. Калі ўжо весці, дык разам.
Гарбацюк працінае мяне ненавісным позіркам.
— У сведкі вы не набівайцеся. Вы мне таксама адкажаце. За знявагу.
— Ах, за знявагу! Ну што ж! Я гатовы! Пайшлі!
Я першы выходжу з-за стала. За мной іншыя. Малодшы міліцыянер праходзіць наперад. Уздоўж сталоў мы ідзём да дзвярэй. З усіх бакоў да нас павяртаюцца людзі. Аднекуль чуецца:
— Дастукаліся!
— Хуліганнё!
— Туняядцы!
— Можа, валютчыкі!
Сцяўшы ў сабе няёмкасць, мы як найхутчэй праходзім каля швейцара, спускаемся па прыступках. Пярэдні міліцыянер услужліва расчыняе нам дзверы, ад якіх спалохана кідаецца жанчына. Дзяўчаты ззаду ціхенька пырскаюць смехам. Ігар, аднак, выдаўлівае на шчоках жаўлакі. Наогул, гэта не смешна.
Мы выходзім на плошчу.
Ва мне ўсё кіпіць. Я ведаю, што прычын для сур’ёзных вынікаў ніякіх няма. I я не баюся міліцыі. Але сам факт гэтага прыводу амаль пад канвоем абурае да глыбіні душы. Я бачу помсту. Дробязную, недарэчную, подлую. I я прагну кары. Толькі да кары яшчэ далёка. Яшчэ невядома, як паставяцца да нас у міліцыі. Невядома, хто там. А раптам гэткі ж былы старшыня трыбунала?
Міліцыянеры праводзяць нас праз службовы ход і спыняюцца ля дзвярэй з таблічкай. Старшына павяртаецца да ўсёй групы.
— Усім не заходзіць. Толькі вы, вы, вы і вы, — ківае ён мне, Ігару, хлопцу ў чорным і Гарбацюку.
Эрна хапаецца за Ігараву руку.
— I я таксама.
— Прашу астацца.
— Не астануся. Ён мой муж! — выпальвае яна тонам найвялікшае важнасці.
— Гэта няважна.
— Не, важна!
— Так? Тады прашу! Астатнія свабодны.
29
Мы доўга яшчэ брыдзем прыціхлаю вуліцай, пакуль выходзім з сяла.
Тым часам настае ранак. Неба канчаткова растварае ў сабе світальную рэдказорную сінь і святлее. Гаснуць дробныя зоркі. З шэрага сутоння выступае пярэстая сельская аколіца. Ля мастка цераз ручаіну стаіць збочаны, з адкрытымі люкамі танк, падбіты ці пакінуты — не зразумееш. Далей, востра смердзючы разлітым па снезе бензінам, валяюцца два перакуленыя матацыклы з каляскамі. Яшчэ далей, на ўзбочыне горбіцца бок конскага трупа з утаптанай у снег грывай. Ля дарогі некалькі чорных аграмадных варонак — значыць, і тут бамбілі. Тут пачынаецца поле, вялікае гэта сяло скончылася. На высокім слупе тырчыць указальнік з чорным гатычным надпісам: «Gruskoe».
Разам з танкістам і Кацяй я нясу Юрку. Мой сябар ціха гойдаецца на трохкутнай нямецкай палатцы і нават не стогне. Мне чамусьці здаецца, што ён проста стаміўся і спіць. Прынамсі, вельмі хочацца, каб было так. Хай паспіць яшчэ, хай! Бо што я скажу яму, калі ён ачнецца? Чым абнадзею яго, калі сам не ведаю, дзе мы і куды ідзём.