Дарога за сялом крута загінаецца па схіле ўгору. Наматаўшы на руку парусінавы рог палаткі і вельмі ашчаджаючы параненую нагу, я марудна шкандыбаю ў каляіне. З другога боку валюхае танкіст — чорны, як грак, чубаты хлапчына ў прамазучанай целагрэйцы. На ягонай галаве — камандзірскі, на футравай падкладцы танкавы шлем з шлемафонам, провад якога целяпаецца на плячы. Дарога на пад’ём добра ўпарыла танкіста, хлопцу душна, і ён усё спіхвае шлем на патыліцу. А ў мяне ўжо, мабыць, адмерзла галава. Хочацца папрасіць шлем, ды ці варта: не дасць. Каця прытрымлівае палатку ззаду. Двое разведчыкаў наперадзе валакуць дахадзягу аўтаматчыка. Ззаду за ўсімі, дужа сагнуўшыся, нясе на сабе бездапаможнага лётчыка немец. Гэта яго прымусіў Сахно. Дарэчы, інакш і не панясеш — няма каму. I лётчык, відаць, зразумеўшы нешта, ужо не патрабуе, як раней, забіць немца. Прыціхлы, ён цярпліва сядзіць у таго на спіне, абхапіўшы забінтаванымі рукамі-култышкамі доўгую немцаву шыю. Адзін толькі капітан улегцы крочыць збоку. Але ён таксама паранены, ну і да таго ж — начальства…

Урэшце невялічкая наша група ўзбіраецца па пагорку на стэпавую разлегласць і спыняецца. Не згаворваючыся, мы разам кладзем параненых на снег і знямогла падаем побач. Сахно трохі марудзіць, але пагаджаецца:

— Пяць хвілін!

Мой напарнік-танкіст, шырока расставіўшы ў каляіне свае кірзачы, з лёгкаю зайздрасцю кажа пра яго:

— Строгі!

— Дурны, а не строгі, — папраўляе Каця.

Лежачы на баку, яна клапатліва захінае на Юрку паўшубак. Юрка дробненька дыхае. Танкіст павяртае да яе голаў.

— Ну, чаму? Не ведаю, як хто, а я люблю строгіх. З імі ў баі лягчэй.

— Нядоўга ты, мусіць, у баі быў, — кідае Каця. Танкіст зноў збочвае разгарачаны твар. Вочы яго хмурнеюць.

— Ды ўжо ж, мусіць, болып за цябе. З-пад самага Курска газую.

Каця іранічна хмыкае:

— З-пад Курска! Ваяка! Ты б у сорак першым пагазаваў! Або ў сорак другім! Лацно цяпер газаваць…

— Ты ўжо з сорак першага? — недаверліва азірае танкіст дзяўчыну.

— А ты што ж думаў? Са жніўня сорак першага. Пабачыла такіх вас. Строгіх і ласкавых.

— Яно і відаць! — хітравата зазначае танкіст і адным вокам падміргвае мне.

Я, аднак, не падзяляю ягонай іроніі — Каця для мяне ўжо набыла сваю асаблівую годнасць, якую не можа прынізіць нічога з таго, што ён мае на ўвазе.

Зрэшты, мне не да размоў. Я ўжо адчуваю, што сілы мае канчаюцца. Баюся не вытрываць. Мокрая ад поту спіна пачынае люта мерзнуць, а ў грудзях па-ранейшаму ўсё гарыць ад знямогі. Зноў жа — нага. У ступні быццам тузае хто за які нерв: нага на снезе сама па сабе прыкметна торгаецца. Болю ў ёй, аднак, я не чую, сцюжы таксама. Яна паступова робіцца мне чужой. Гэта, ведаю, кепска.

Здаецца, мінае ўжо болей за пяць хвілін. Хлопцы зморана сапуць, разваліўшыся ў доле. Я пазіраю наперад, дзе сядзяць двое разведчыкаў, і думаю: хоць бы ўжо канаў хутчэй той іх аўтаматчык. Можа, гэта подла — жадаць смерці таварыша, але інакш мы тут, пэўна, засядзем. Аднак там, здаецца, штосьці адбываецца. Адзін разведчык нешта капошыцца над бедалагам і неўзабаве гукае Кацю:

— Эй, сястра. Глянь-ка сюды…

Каця стомлена ўстае на адну нагу, потым на другую і з заснежанай палою ідзе да разведчыкаў. Да іх жа падыходзіць Сахно. Яны там яшчэ нешта калупаюцца, але і так ужо зразумела: аўтаматчык сканаў. (Варта было цягнуць з сяла.) I я з надзеяй на нейкую палёгку пазіраў туды. Побач, бы прысмак, грызучы грудку снегу, паварочваецца ў каляіне танкіст. Нават апатычнага, знямоглага немца кранае клапотная цікаўнасць, і ён прыўзнімаецца з дарогі. Што ж, можа, так лепей.

Толькі што гэта час ад часу гудзіць? Нібы дзе недалёка прагазуе і сціхне матор. У сяле ці далей? Можа, аднак, дзе ў стэпе? Я ўглядаюся ў крывізну сельскіх вуліц, але там нічога падазронага не відаць. Праўда, дальні канец сяла хаваецца за паваротам балкі. Ці не падыходзяць ужо туды немцы? Я напружваю слых, толькі гул неўзабаве глухне. А можа, гэта мне здаецца так ад ператомы?

Тым часам над сялом, над шырачэзнаю балкай і стэпам у ранішняй марознай смузе ўзыходзіць сонца. Нейкае яно сёння надзвычай вялізнае і чырвонае. Проста дзівосна бачыць такі яго ярка-крывавы шар, які нетаропка выкочваецца з-за краявіду і неўпрыкмет сунецца ўвысь. Небакрай на ўсходзе таксама чырвоны — шырока і густа заліты нейкай мутнай, слаба падсветленай чырванню. Штось нядобрае тоіцца ў сённяшнім усходзе… Нешта трывожна-вусцішнае нараджаецца разам з днём і гняце. Я не ўмею асэнсаваць свайго адчування, але нейкая тужлівая прыкрасць завалодвае маім пачуццём, і я ведаю: гэта не к дабру.

Перейти на страницу:

Похожие книги