— Вэн вір дзіс цум абэнд фон дэн панцыр ніхт цэркутшт вэрдэн зо шлюфэн вір[7].

I адказ крыху далей:

— Міт дэн обэрстэн дон Маер дурх. Ер швінгст унс лебендзіг абэр тот дацу[8].

Гэта зусім кепска. Яны ля самага насыпу. На дарозе, чуваць, бразгаюць дзверцы кабіны, значыць, машыны стаяць. Але іншыя ідуць. Напэўна, спынілася некалькі. Для чаго?

I раптам мяне прымушае зжахнуцца немец. Наш немец. Яго твар напружана выцягваецца, у вачах не то страх, не то якая рашучасць. Рукі далонямі на снезе, як у спрынтэра на старце. Глядзі, кінецца наўцёк. Я крута павяртаю карабін.

— Хальт!

Немец, няўцямна ўслухоўваючыся, кідае на мяне боязны позірк і апускаецца. Ногі яго расслабляюцца. Чорт, пэўна, яго трэба б прыстрэліць… Ды страляць нельга.

I тут усё адтуль жа, ад насыпу, далятае новы гук — слабенькі бразгат салдацкае спражкі. Аглушаны крыўднай здагадкай, я асцярожна выглядваю. Так і ёсць. Зрабіўшы сваю справу ў кювеце, два немцы таропка ідуць да шашы. На хаду зашпільваюць амуніцыю. Яны абвешаны шпулькамі з кабелем. Пэўна, знімалі сувязь.

Раптоўна страціўшы сілы і хістаючыся, я паўзу да Каці. Ля яе падаю ў снег. Пасля, саўладаўшы са сваімі пачуццямі, узнімаю галаву. Каця памірае. Я ведаю, як паміраюць людзі, і, бадай, не памыляюся. Яна напружваецца, тузаецца, выдыхае. Галава яе цяжка перакочваецца на разматляных русых валасах. Вочы напаўадкрыты. Рукой яна разы два махае ля твару, нібы адганяе мух. I раптам кажа:

— Адыдзі. Не цямні.

Мяне гэта здзіўляе. Так цвяроза і так выразна! Міжвольна я азіраюся. Хто цямніць? Я? Ці немец? А яна зноў кажа:

— Міця! Міценька! Цёмна вельмі…

— Каця!

Але яна выдыхае і сцішваецца. Вочы яе спыняюцца на чымсьці ўгары і гаснуць. Абапёршыся на руку, я сяджу побач. З другога боку сядзіць немец. Твар у яго скамянеў. Ён увесь у слыху. I не дзіва: праз дзвесце метраў свае. Ён можа закрычаць, і тады нас усіх схопяць. Але ён не крычыць. Мне нават здаецца, што ён не меней за нас баіцца.

А мне ўжо, бадай, нічога і не страшна. Смерць Каці мяне ашаламляе. Колькі ўжо загінула на маіх вачах — знаёмых і невядомых, але я ніколі не раскісаў так. Мо таму, што яны былі мужчыны і саддаты. Як-ніяк я быў падрыхтаваны да думкі, што яны могуць загінуць. Смерць на вайне — рэч дужа звычайная. Але чаму памірае гэта дзяўчына? Хто яе паслаў на вайну і чаму? Хіба сама папрасілася? Але што яна ведала аб ёй? Тое, што пісалі газеты: гераізм, патрыятызм. А памірае ў нейкай трубе, па недарэчным выпадку расшкуматаная мінай. I мы не можам ёй памагчы. Ды і навошта яна тут? Хіба ў нас мала мужчын? На перадавой, у тылах, у краіне наогул? На кожны дзесятак у ланцугу — добрая сотня ў бліжніх тылах. I якіх мужчын! Дужых, пісьменных, свядомых.

— Дакументы забралі? — пытаецца Сахно і ўкленчвае побач.

Я не адказваю. Каму што, а гэтаму найперш — дакументы. Яму галоўнае — выканаць фармальнасць. Дакументы — вайсковая тайна. Яна не павінна трапіць да ворага. Але што ў тых дакументах? I каму яны цяпер патрэбны? Яе жыцця ён не бярог, а пра нейкія паперкі столькі клопату…

Сахно тым часам запускае руку пад Кацін паўшубак і доўга там шарыць. Я на яго не гляджу. Без злосці я не магу бачыць гэта. Добра, што яна мёртвая і ёй усё роўна. А была б жывая, напэўна стала б у гэтага капітана бітая морда…

Дастаўшы з нагруднай кішэні чырвонаармейскую кніжку, Сахно зазірае ў яе.

— Шчарбенка Кацярына Іванаўна. Вядомае прозвішча, — са з’едлівай ухмылкай паведамляе ён.

Я напружваю памяць. Сапраўды, прозвішча і мне здаецца знаёмым. Толькі дзе я яго чуў? Я запытальна гляджу на Сахно. Той запіхвае ў кішэню яе дакументы і заўважае мой позірк.

— Не прыпамінаеце? Пэпэжэ камбата Маскалёва. З дзевяноста дзевятага, — кажа ён і ідзе ў той канец трубы. — Загад па дывізіі быў.

Падобна на тое, што гэта яго забаўляе. Што яна пэпэжэ і што быў загад наконт яе недазволеных адносін з камбатам Маскалёвым. Ён рады, што хоць пасля смерці знайшоў, чым папікнуць яе.

— Ну і што? — ледзьве стрымліваючы сябе, пытаюся я.

Сахно, азірнуўшыся, бліскае з-пад броваў сваім праніклівым позіркам, і я зрываюся:

— Ну і што? Калі і пэпэжэ? Ну і што?

— Замаўчыце! Вы што — ачумелі?

Ён знерухомлівае, утуліўшы голаў, і ўнутры ў мяне ўсё ападае. Я ледзьве валодаю сабой. Пэўна, ён мяне давядзе да шаленства. Я не магу яго бачыць… Дзіва, якія мы розныя людзі! Афіцэры адной арміі. Грамадзяне адной краіны. Чорт яго ведае, чаму так? Чаму суседства вось гэтага лакеяватага немца мне лягчэй стрываць, чым яго?

А немец тым часам устае і ідзе да Сахно. Я ўжо заўважыў, што з нядаўняга часу ён наогул стараецца трымацца бліжэй да капітана. Мной ён быццам ужо і грэбуе. Жэстыкулюючы кастлявымі рукамі, ён кажа нейкую доўгую фразу. Сахно пасуровелымі вачыма няўцямна ўстаўляецца ў яго і ўзмахвае пісталетам.

— Ану, назад! Назад!

Немец адступае, але ўсё яшчэ нешта стараецца давесці капітану. Той, вядома, не разумее, але насцярожваецца.

— Што ён кажа? — упаўголаса пытаецца ён у мяне.

— Ён жа вам кажа. Вось вы і зразумейце.

Капітан хмурыцца.

— Ну, ведаеш!.. Я інстытутаў не канчаў. Гэтай брыдоце не вучыўся.

Перейти на страницу:

Похожие книги