Трохі паўзіраўшыся, я, аднак, неўзабаве хаваю сваю аббінтаваную галаву. У душы горкая радасць ад таго, што я іх бачу, а яны мяне не. Хоць гэтыя абознікі зусім не глядзяць па баках, мабыць, ім цяпер не да навакольных краявідаў. Ім абы вырвацца з катла, калі застаўся праход.

Зноў высоўваюся, здзіўлены нейкімі крыкамі, і зараз жа заміраю ў цікаўнасці. Дзіва што: на шашы б’юцца. Адна фурманка заварочвае ўпоперак руху. Нейкі немец у кароткім шыняльку хапае за цуглі коней. Таўстазадыя вялізныя біцюгі высока ўскідваюць свае галовы. Ён б’е іх знізу кулаком па мордах. Але да яго тут жа саскоквае з фурманкі ездавы, і вось на шашы — крыкі, саддацкая лаянка. Той, што ў кароткім шынялі, дае ездавому па вуху, ездавы хапае праціўніка за грудкі. Некалькі падвод спыняюцца, некалькі спрабуюць аб’ехаць іх. Здаецца, восьвось будзе пробка. Гэта здорава, думаю я і пазіраю ў неба: вось бы цяпер самалёты! На жаль, самалётаў няма, толькі ззаду, за курганамі, невысока кружыцца «рама». Ну, але і так няблага: не кожны дзень даводзіцца бачыць, як б’юцца паміж сабой немцы.

Праўда, яны не спраўляюцца як мае быць надаваць адзін аднаму, як між фурманак з’яўляецца коннік. Ладна седзячы ў новенькім жоўтым сядле, ён без лішніх слоў размахваецца з-за пляча бізуном і чыніць хуткую расправу над абодвума. Гэта дзейнічае куды як здорава. Той, у кароценькім шынялі, адразу кудысьці знікае, а ездавы, лаючыся «фэрфлюхтарам» і «швайнам», пачынае зварочваць з узбочыны фурманку.

I тут я скаланаюся, працяты спалохам: ад будкі па лініі ідуць немцы. Яны ўжо блізка і напэўна заўважылі мяне. Крутнуўшыся па мёрзлай жарстве, я ніцма сунуся па адхоне да самай трубы. Над трубой, разрыўшы ботам снег, на секунду затрымліваюся. Немцы ідуць па другім баку лініі. Мне відаць толькі вінтовачныя ствалы на плячах ды адна каска ў пярэдняга. Мозг пранізвае пытанне: заўважылі ці не? Калі заўважылі, тады ўсё скончана: трэба страляць. Трэба біцца і загінуць. Бо магчымасці ўратавацца ў нас амаль што няма. Але свядомасць прагне надзеі — а можа?.. А можа, не згледзелі?

I раптам да майго слыху, бы з іншага свету, даносяцца з трубы галасы. Спачатку я не цямлю іх сэнсу — я толькі калачуся ад напружанасці, да сутаргі сціскаю ў руцэ карабін: цішэй вы! Потым да слыху даносяцца словы, якія збіваюць мяне з панталыку.

— Лёнька! Лёнь!..

Мяне заве Юрка. Яму блага? Але ж там Сахно. I сапраўды, я чую ягоны голас. Капітан раздражнёна кідае:

— Што ты заблажыў? Ён пайшоў.

«Я тут, Юр!.. Я не пайшоў! Чаму ён кажа: пайшоў?» — нема крычу я ў думках і грудзьмі ўціскаюся ў снег ля трубы. Галовы немцаў хаваюцца. Застаецца толькі адна — задняга. Яна на тым баку. Яшчэ трошачкі, і яны ўсе пройдуць. Яшчэ секунда…

Але з-пад насыпу зноў прарываецца крык:

— Васілевіч!

I тут жа яго заглушае яшчэ болын гучны Сахноў:

— Канчай к чортавай матары! Май мужнасць!..

Яны ашалелі! Што яны робяць? Я ўсхопліваюся са снегу, і тут нечакана і жахліва ў трубе гахае стрэл.

У мяне цямнее ў вачах. Здаецца, у раптоўную прорву правальваецца сэрца. Што ён нарабіў?! У каго гэта ён? У немца? У Юрку? А мо гэта палонны? Ахоплены жахам непапраўнага, я куляюся да самага долу. Ускокваю на адну нагу. У другой тупы боль, ад якога зацінае дыханне.

На ранейшым месцы ля Юркі стаіць Сахно.

— Што вы нарабілі? Немцы!!

Сахно з маленькім, не сваім пісталетам пругка адскоквае ў канец трубы. Шэрым прывідам шастае кудысьці Энгель. Зачапіўшыся, я незнарок спотырч лячу цераз дзяўчыну. Падаю ледзь не на Юрку. Блізка ля майго твару яго галава. З разбітай скроні тырчыць маленькая востранькая костачка, і з-пад яе мкне чырвоны струменьчык, які хутка залівае вуха. На снезе ля пляча расплываецца-большае мокрая ружовая пляма.

Здаецца, я вар’яцею. Я перастаю што-небудзь разумець і ўскокваю на калені. «Хто? — крычу я. — Хто яго?!» Але я не чую ўласнага голасу. I мне ніхто не адказвае. Што ж гэта робіцца? Хто ж так зрабіў? Немец?

Я не зважаю на тых, што ўжо, мабыць, над намі, і хапаюся за карабін. Рукі мае калоцяцца. Правая не адразу знаходзіць рукаятку. У тым канцы я бачу Сахно. Прыгнуўшыся, ён абмёр з пісталетам. Чакае.

— Хто? — крычу я на ўсё горла. Але з грудзей вырываецца чужы, задушаны хрып.

Сахно, аднак, азіраецца і апантана махае рукой. Я ледзьве разумею яго шэпт:

— Ціш ты! Не бачыш?

Мусіць, сапраўды я чагосьці не бачу. Я ўпершыню кідаю на сябра трохі асэнсаваны позірк. Юрка нежывы. Перакошаны смерцю твар. Адно вока з сілаю прыплюснулася. Другое недарэчна глядзіць міма мяне некуды ў бетонную столь. З дзвюх скронь цячэ на патыліцу кроў. I тут я канчаткова разумею, што сталася. Ён застрэліўся.

— Юрка!!

Гэта апошні мой крык. У ім — уся мая роспач. Мой гаеў і жах. У наступную секунду, нібы пярун з неба, моцна бахае ў трубе стрэл. Знадворку шалёна пырскае аўтаматная чарга. Я ўскідваю карабін. Сахно ў тым канцы чамусьці крута ўгінаецца і падае. Там, дзе ён стаяў, аб бетонную сцяну апантана ляскае нешта круглае і адскоквае да другой насупраць. Граната! Я падаю галавой да Юркі. Грымотны выбух скаланае насып.

Перейти на страницу:

Похожие книги