Я чагосьці не магу зразумець. Вельмі баліць нага. Ад болю і слабасці мутнее свядомасць. Да горла ўвесь час падкочваецца камяк і блажыць. Немцы таксама маўчаць. Маўчаць тыя двое, што перамаглі мяне ў гэтай вайне і вывалаклі з трубы. Цяпер я добра бачу іх перад сабой. Адзін увесь нейкі дужа руды — рудое шчацінне на шчоках, рудыя бровы, рудыя, аж залацістыя павекі. Цераз плячо ў яго на непадпяразаны шынель надзета трыбухатая сумка з прывязаным да яе кацялком. Другі маладзейшы, амаль мне равеснік, з прышчакаватым тварам і ў акулярах, чорнымі шнуркамі прымацаваных да вушэй. Крыху далей ад іх стаіць яшчэ адзін камлюкаваты дужак у доўгім шынялі і касцы. Флегматычны твар яго ледзьве прыкметна крывіцца, кабура парабелума на жываце засцярожліва расшпілена. Мне здаецца, што ён тут галоўны. За ягонай спіной стаяць і чакаюць яшчэ некалькі салдат. Ніхто з іх на мяне чамусьці не звяртае ўвагі.

Спакутаваны болем і душэўна распяты, я не адразу цямлю, чаго яны ўсе маўчаць. Аднак нейкі цень, што варушыцца побач на снезе, прымушае мяне павярнуць галаву. I тады я бачу ззаду за сабой Энгеля, пра якога ўжо забыўся. Няспрытнымі рукамі ён спрабуе расшпіліць на сабе шынель. Але, відаць, застыглыя на марозе пальцы не могуць саўладаць з незвыклымі для іх кручкамі рускага шыняля. Твар у яго мае нейкі напалоханы і вінаваты выраз, і мне раптам здаецца, што яны збіраюцца яго расстраляць. Афіцэр з-пад сурова сцятых броваў з нядобрай цярплівасцю сочыць за ім. Пасля робіць тры крокі наперад і, акуратна размахнуўшыся, коратка пляскае два разы па абедзвюх ягоных шчоках. Энгель трывае гэта, не варухнуўшыся, як заслужанае. Урэшце, з сілаю тузануўшы палу, выдзірае кручок і торапка скідвае з сябе шынель. Прышчаваты ў акулярах падчэплівае яе канцом карабіна і шпурляе далей у снег. Тонкія яго вусны крывяцца ў гідлівасці, пібы ён адкінуў якую падлу.

Здаецца, тое, што замінала ім, скончылася. Я на хвіліну расслабляюся ад непадуладнага мне напружання і перастаю іх бачыць. Чуваць толькі, як афіцэр, выразна вымаўляючы кожнае слова, лаецца і штосьці загадвае. Салдаты, бразгаючы пражкамі, бяруць з долу нейкія цяжкія зялёныя скрынкі на почапках (мусіць, якія прыборы). Парыпвае снег, да мяне хтосьці падыходзіць. Вялікім намаганнем я зноў расплюшчваю вочы. Побач стаіць Энгель. Цяпер ён зноў у сваім мундзірчыку з абвіслымі пустымі кішэнямі. У яго вінаватых вачах цярплівая пакорнасць і страх. За ім нехта штурхае ў каршэнь Сахно. Капітан, мабыць, не адразу разумее, чаго ад яго хочуць. Тады рудатвары б’е яго ботам у зад, і Сахно апынаецца побач з Энгелем. Удвух з немцам яны паднімаюць мяне пад пахі. У маіх вачах раптам цямнее, і я ледзьве трымаюся, каб не страціць прытомнасць. Я вельмі не хачу застагнаць. Астатняе для мяне ўжо не мае сэнсу.

<p>35</p>

Мабыць, з гадзіну я хаджу вакол прывакзальнай плошчы і не магу супакоіцца.

Над горадам — глыбокая ноч. Плошча нязвыкла пустая і вялікая. Роўна і дрымотна гараць угары шары ліхтароў. Пустуюць на бульвары лаўкі. На тралейбусным супынку нікога. Пуста і на стаянцы таксі. У мяне ў падсвядомасці такое адчуванне, нібы ў свеце штось здарылася і людзі пазнікалі. Здаецца, я ведаю што, толькі не магу ўспомніць. Наогул ад перажытага сёння і ад ператомы я стаў як кантужаны. Ломіць у рамянях пратэза рэштка маёй галёнкі. Я хаджу ад ліхтара да ліхтара. Пад кожным на краі тратуара спыняюся і з асветленага лапіка ўзіраюся ў прыцемкі між дрэў. Здаецца, там хтосьці варушыцца. Я ведаю — гэта прывіды, нікога там няма, як нікога няма на тратуары, за вітрынамі зачыненых магазінаў, у ларку «Саюздруку» на рагу і тралейбусным супынку. Людзі адсутнічаюць, і пакінутыя імі на ноч рэчы працягваюць сваё пачатае ўдзень жыццё. Яны надзіва згодныя і дысцыплінаваныя, гэтыя людскія рэчы. Пакорна і ў поўным устаноўленым для іх парадку чакаюць сваіх гаспадароў. Іхняя вернасць спакою непахісная.

Асабліва цікавыя ноччу кніжныя вітрыны. Цэлыя роты самых разнастайных выданняў. Поўны давер і шчырасць. Згода і мір. Калісьці я вельмі любіў іх разглядваць менавіта ноччу. Уначы яны выглядаюць зусім інакш, чым удзень. Кнігі ноччу, як разумныя людзі ў жыцці. Кожная ў сабе. З усіх чатырох шкляных сцен ларка яны глядзяць на мяне са сцішанай глыбакадумнасцю мудрацоў. У кожнай канцэнтрацыя розуму, эмоцый, сведчанне эпох і вопыту. I ні ў адной — таго, што баліць у мяне. Яны глухія да маіх боляў, бо кожная з іх поўна сваіх. Яны толькі сведчаць пра тое, што адбалела і памерла ў эмацыянальнай памяці чалавецтва. Але хіба тым самым яны не даюць нам самы надзённы ўрок? Праз гушчы стагоддзяў, галовы пакаленняў іх чалавечая мудрасць перакідвае свой мост у будучыню. Яны сведчаць кожная аб сваім вопыце і засцерагаюць ад мноства памылак у спрадвечнай барацьбе са злом.

— Каторая гадзіна — не скажаце?

Я да агіды палахліва здрыгаюся і не адразу разумею, што гэта вартаўніца. Захінутая ў грубы брызентавы плашч цётка падазрона пазірае на мяне. Чагосьці чакае. Ах, часу! Я зазіраю на гадзіннік — палова чацвёртай.

Перейти на страницу:

Похожие книги