— Прынамсі, у мяне ўсё выйшла менавіта так. Я вучылася ў гэтым долбаным інстытуце, у нас кожная марыла выйсці замуж за замежніка або за бандыта. Пазнаёмілася зь Юрам... Ён сказаў: ня трэба табе інстытут, я цябе сам навучу ўсяму. Я ж цяпер на курсы ўсялякія хаджу, вось так... Зь Юрам у мяне поўная свабода зьявілася: што хачу, тое раблю. І цяпер я вось думаю: гэта не каханьне, гэта... Шлюб — гэта абмен. Я дазваляю сабой карыстацца, а ўзамен атрымліваю грошы, свабоду, і, галоўнае, незалежнасьць ад бацькоў. Ведаеш, у першыя месяцы я толькі тым і займалася, што парушала бацькоўскія абмежаваньні. Потым насыцілася...
— А муж зараз дзе?
— Ня бойся, ён толькі пасьля васьмі прыедзе. Што, адчуваеш сябе на вышыні? Такога мужыка змог абставіць, так?
— Ды не, я...
— Ды добра ўжо табе... Цешся, давай. Люблю, калі людзям добра. Нешта ў табе ёсьць такое... Толькі вось што... У, як узгадаю, якімі вачыма ты на мяне глядзеў у той раз... Страшна становіцца. А ты праўда пісьменьнік?
— Праўда.
— І што, як пішацца? Я чытаць люблю. „Парфумэр” — рэч, так? Я толькі заўважаю...
Яна нахмурылася, і гэта, як з захапленнем адзначыў Стах, зноў ператварыла яе ў ляльку. Ну і дзень сёньня.
— ...заўважаю, што ў нас добрых кніжак ужо ня пішуць. Няма чаго чытаць. Што ні вазьмі — усё нейкія перапрацоўкі.
— Гэта вельмі сур'ёзная тэма, пра што ты кажаш. Разумееш...
— А ты Ерафеева чытаў?
— Разумееш, цяпер такая эпоха... постмадэрн паўсюль... ды і ён ужо сыходзіць... Усё напісана да нас. Усё, усё на сьвеце напісана. Я пераканаўся: літаратура — скопішча ўнівэрсальных сюжэтаў. За што ні вазьміся, як ні вычварайся...
Стах сам не заўважыў, як захапіўся.
— ...заўсёды знойдзецца знаўца, які скажа — гэтая тэма была, гэты сюжэт ужо быў. Навогул, існуе некалькі дзясяткаў сюжэтаў, і любы твор любой эпохі можна падагнаць пад адзін зь іх. Вось, напрыклад, вазьмі любы твор...
— „Чабурашка”.
— Ну, гэта... Ну няхай будзе чабурашка. Галоўны герой — самотнік сярод варожага сьвету, да таго ж ён, кшталту князя Мышкіна, ён... Чабурашка шукае апірышча між жорсткага асяродзьдзя. І яшчэ — ён прадукт грамадзтва, якое прызначала яму ад пачатку ролю цацкі ў руках іншых, больш магутных істотаў. Ну, карацей, ты ўжо зразумела, што падобных сюжэтаў, падобных праблемаў у літаратуры...
Тая засьмяялася, між крысься паліто зьявілася таямнічая шчылінка.
— Хаця мне,— натхнёна працягваў Стах,— гісторыя Чабурашкі больш нагадвае... Чабурашка й кракадзіл Гена падобныя нечым на Шэрлака Холмса й доктара Уотсана...
— Ватсана,— паправіла Тая рашуча.— Зразумела. Слухай...
— Шчыра кажучы,— працягваў не пачуўшы яе Стах,— я — адзін з апошніх мастакоў. Хутка ўсё мастацтва стане адной бясконцай цытатаю для будучых пакаленьняў. І тады мастакоў ня будзе, застануцца адно крытыкі й мастацтвазнаўцы. І цяпер у мяне крызыс, разумееш, крызыс, за што ні вазьмуся — гэта ўжо было ў кагосьці... у дэталях, у сюжэце, у характары... а! Канец мастацтва, усё новае — добра забытае старое, і для мастацтва гэта трагедыя. І таму трэба шукаць новыя формы, ня гэтыя ўсе навамодныя выбрыкі, а...
— Слухай,— Тая нечакана падсела бліжэй і нават пацерлася шчакой аб Стахава плячо.— Я тут таксама паспрабавала нешта такое напісаць, і хачу табе паказаць. Можа, ацэніш, паправіш, калі што ня так. Ну, я хачу, увогуле, ведаць, як гэта зь літаратурнага пункту погляду, а зьмест каб застаўся, зьмест там вельмі важны. Давай я табе прынясу ў наступны раз, а?
Стах паглядзеў разгублена. Не хапала яшчэ... Можна сабе ўявіць, што напісала там ягоная каханая. Нічога прыстойнага чакаць нельга. Графаманія, мусіць, суцэльная. Карыстаецца мной, як хоча...
— А калі мы ўбачымся?— спытаў ён, пагладзіўшы ёй сьпіну.
— У наступныя выходныя, вядома ж... А цяпер мне час ісьці... Ісьці... Ну пацярпі ж да наступнай суботы... куды ж ты лезеш, жывёла... пацярпі, ну... жывёла, самец...
На наступным тыдні, у вадзін зь цёмных, сонных ранкаў, Кірыла Антоныч сунуў Стаху газэту. Пад рубрыкай „Пагаварым па душах” буйным курсівам быў набраны загаловак — „Мы чакаем дзетак, Стах!”, ніжэй касабочыліся дзьве невялікія каленкі неахайнага тэксту. Матэрыял пачынаўся словамі „Са Стахам (а менавіта так папрасіў называць яго герой нашага аповеду) я сустрэўся на ягоным працоўным месцы. А дзе ў маляра працоўнае месца, ведае кожны, хто знаёмы з жыцьцём заводу — цяпер, падчас усеагульнай рэканструкцыі, гэта, бадай, усё Прадпрыемства. Маляр у гэты час як марак: сёньня тут, заўтра там...” Далей ішоў да непазнавальнасці адпрасаваны Ждановічам маналёг Стаха. Сканчаўся артыкул так: „Мае Стах незвычайнае хобі — маляваньне. Як прыемна адпачыць пасьля цяжкага працоўнага тыдня на лецішчы, усталяваць на бальконе мальбэрт і паляваць на тыя няўлоўныя імгненьні, якія дорыць нам усім прырода позьняй восені!