Стах прысеў на голы халодны ложак, запаліў, сплюнуў у кут. Самае істотнае, што здолела зрабіць зь ім, Стахам, прадпрыемства, можна было выразіць так: яно забіла ў ім веру ў рэальнасьць сучаснасьці. Тыя, хто працаваў там, лёгка абыходзіліся без дэмакратыі й паліткарэктнасьці, без структуралізму й пэрфомансу, без інтэрнэту й канкрэтнай паэзіі, без лацінскіх прымавак і ангельскай мовы, бяз спрэчак пра постмадэрнізм і без абмеркаваньня парыжскіх гатэляў, ім было невядома, што такое экуменізм і чым розьняцца чырвоныя скінхэды й скіны звычайныя, яны ня бачылі патрэбы ў аналізу ваенных канфліктаў у суседнім паўшар'і ды крытыцы ўраду, яны шчыра не разумелі, як чалавек можа насіць даўгія валасы, не зьяўляючыся Аляксандрам Малініным або падобнага кшталту зоркай, і чаму за чорны квадрат Малевіча людзі гатовыя выкласці гэткія фантастычныя грошы. Затое праца ўручную, састарэлымі пэндзлямі, у той час як паводле (дахавай інфармацыі на складах прадпрыемства захоўвалася супэрновае абсталяваньне, якое палегчыла б працу маляра да непазнавальнасці, іх зусім не бянтэжыла. Яны былі сьвята ўпэўненыя, гэтыя Стахавы калегі, што заведзены на прадпрыемстве парадак — найлепшы й найсправядлівейшы, і любы, хто жадае яго зьмяніць,— злачынца, які робіць замах на самае дарагое, самае блізкае, самае неабароненае й хрупкае — жыцьцёвую стабільнасьць. Слова „прагрэс” значыла для іх толькі назоў завода-філіялу недзе ў правінцыі, што пастаўляў прадпрыемству нешта з камплектуючых, гэтаксама як, напрыклад, словазлучэньне „ляўрэат Нобелеўскай прэміі” гучала для работнікаў прадпрыемства як назоў вэнэрычнай хваробы. Некаторыя зь іх усур'ёз лічылі, што зямля плоская, усе беды на сьвеце ад жыдамасонаў, а рок-музыкантаў на парашутах у іхную краіну скідвае цэрэу. І гэта напачатку трэцяга тысячагодзьдзя, калі прыпёрты да сьценкі геном чалавека, калі людзі няспынна рвуцца ў касмічныя аляскі й хутка можна будзе забыцца на інвалідныя каляскі, калі на лаве падсудных сядзяць дыктатары, авечка Долі бегае навыперадкі са сваім клёнам, а Тая адчыняе дзьверы ў дом Стаха, замацоўваючы на стамлёным твары эксклюзыўную ўсьмешку.

Перейти на страницу:

Похожие книги