У самым пачатку дваццаць першага стагодзьдзя (на тысячу кілямэтраў вакол ні карэйцаў, ні кубінцаў), у цесным пакойчыку для маляроў („Тата, а хто такія будзёнаўцы?”) сядзіць малады чалавек (які здольны падрабязна патлумачыць, што такое структуральны аналіз паэтычнага тэксту) зь дзіўным мяном Стах і робіць сьценгазэту. Збляднелы, з запалымі вачыма, на якіх ярка-чырвоным выдзеленыя маршруты сьледваньня цяжка нагружаных цягнікоў, што праносяцца праз палярную ноч у ягонай галаве. На стале творчае бязладзьдзе, карнавальнае шэсьце рознакаляровых алоўкаў, гумовым пылам прысыпаная прамакатка, намагаюцца разагнуцца скамечаныя лісты, варушацца, лежачы на стосе чыстай паперы. Самае складанае тут прыстасаванне — Стахава асадка, яна нацэленая Стаху ў сэрца — годная сьмерць. Як на кожным гуляньні, тут маецца свой жабрак, гэта просты аловак, на якім марудна астывае пот Стахавых пальцаў — ён, як звычайна, марна просіць падаць яму хаця б якую міласьціну — колерам або лязом. Стах працуе натхнёна й велічна, у вачох ягоных адбіваюцца зусім іншыя дзьверы, і зусім іншыя вокны дораць яму ачмуральныя краявіды. Даўно ён не атрымліваў такога задавальненьня ад жывапісу. Стах зараз — нешта сярэдняе паміж Хрыстом і прынтэрам „Лексмарк”. У кішэні ягонай — пісьмовы дазвол застацца на прадпрыемстве пасьля заканчэння працоўнага дня, выдадзены Кірылам Антонычам.

Працуючы... пардон, творачы, Стах не задумваецца над тым, што ягоны занятак, па сутнасьці, спадчынны. Абодва Стахавы дзеды ў далёкія трыццатыя малявалі сьценгазэты, прычым адзін зь іх умеў перамалёўваць з кніг чырвоных кавалерыстаў, а ў другога лепей выходзілі былинники речистые. Правадыроў яны выразалі з газэтаў і наклейвалі зьлева ад назвы, так, каб тыя дыхалі адзін адному ў патыліцу. Сапраўдная сьценгазэта — гэта каляж. А Стахава маці? Дзе толькі не даводзілася ёй рабіць сьценгазэты. У задушлівай школьнай клясе, на настаўніцкім стале, дзе перасякаліся змрочныя цені ўзгрувашчаных на парты крэслаў, пад калідорнае скавытанне вядра прыбіральшчыцы й пыласоснае скуголеньне заваконнай завірухі. У актавай залі, дзе па-над сцэнаю гайдалася турэмная лямпачка й вецер перабіраў шарыкі на сьценах. На дыване бацькоўскай кватэры, нага да нагі з аднаклясьніцай Людай Шавардак. У піянэрлягеры, пакуль астатнія члены атраду гулялі ў піянэрбол ці піянэрылі ў малых цукеркі. У пустых аўдыторыях інстытуту, у засені бародаў вялікіх матэматыкаў зь незапамінальнымі прозьвішчамі. А Стахаў бацька, той навогул быў у школе рэдактарам сьценгазэты, а апрача таго яшчэ й палітінфарматарам, юнатам ды старшынём савету дружыны. І падчас вучобы ва ўнівэрсытэце папісваў. Толькі калі стаў асьпірантам, сьценгазэта адклеілася ад яго. Але тады ўжо кожны разумны чалавек маліўся на дзядзюшку Сэма: няхай хаця б дзеці мае, хаця б унукі ня ведаюць, што ж гэта такое — сьценгазэта. Дзядзюшка Сэм зрабіў усё, што ад яго залежала, а вось пра сьценгазэту, відаць, забыўся. І таму зараз, калі невядомы кадэбіст за вакном перапранаецца ў зімушку-зіму, Стах сядзіць за ліпучым сталом, цыркулем выставіўшы локаць, і робіць сьценгазэту. Зрэшты, ні пра што такое ён не разважае. Мэдытатыўнасьць ягонага занятку, тая ж, якая ўласцівая абіральшчыкам бульбы, вязальшчыцам і сакратаркам фіктыўных фірмаў, схіляе Стаха да ўспамінаў пра дзень учорашні. Стах шчыра не разумее, як можна не заўважаць насалоды ўспамінамі. З гэтых раздробленых костачак, звараных у кіпячым часе, можна высмактаць шмат цікавага й карыснага.

Ягоныя пальцы яшчэ пахнуць Таяй, яе фальшывым ладанам. Заўчора ён прыехаў на лецішча ледзь не на першым цягніку. Доўга мераў крокамі дом: высветлілася, што ад дзьвярэй да вакна пяць Стахавых крокаў, ад сьцяны да сьцяны — шэсьць, высьветліў, якую ноту дае кожная з палавінаў, і нават зграў на падлозе вальс „Гуканьне Таі”. Час ішоў страшэнна марудна, як ні дзьмуў Стах на замерзлыя стрэлкі. Ля запацелага вакна разьюшана рвалася ў вырай позьняя муха. Пасёлак быў амаль бязьлюдны, нібы Пампеі, яго заносіла хрусткай белай ляваю. Чаканне было ідыёцкім і ад гэтага яшчэ больш пакутлівым. Прадвызначанае начное чаканьне вартаўніка, што ахоўвае пусты склад на ўскраіне гораду. Чаканьне Гадо. Гадачаканьне, гадзіны йдуць, маўчыць пустая дачка. І лезе з пачка наступная цыгарэта.

Яна зьявілася на пачатку чацьвертай, калі Стах ужо памёр. Увайшла быццам нехаця, пальчаткаў замш ня мучыла, затое трымала пад пахаю празрыстую папку. Задумліва кінула прывітанне, прысела на край ложку, коратка спытала „Як маешся?” і не чакаючы адказу прамовіла:

— Я прынесла тое, ты памятаеш, я казала — кнігу, якую пішу. Прачытай, тут пакуль сорак восем лістоў...

Ён пацягнуўся да яе, няўклюдна, быццам маці, абняў, паклаў руку на калена. Яна спыніла яго — „на самым цікавым месцы”.

— Перастань. Я табе, а ты... Гэта вельмі...

Яна паглядзела яму ў вочы, як афтальмоляг. Ён убачыў, як згасае ў ейных жаданне пранізьлівасьці.

— ...вельмі важна для мяне. Ты мусіш разумець такія рэчы. Ты разумееш?

Перейти на страницу:

Похожие книги