Стах у расчараваньні падняўся, узяў яе руку, памацаў, пагладзіў пальцы. Прывід вялікага ашуканства рагатаў па-над ім, сцякаючы сьлінай. Ён пашкадаваў, што праца на прадпрыемстве пакрысе адвучыла яго лаяцца. Сытуацыя вымагала словаў.

— Чаму ты так позна сёньня?— запытаўся ён віскліва, і сам зморшчыўся, пачуўшы свой голас. Яна раздражнёна хітнула галавой, на лоб успырхнула гняўлівая пасмачка валасоў.— Я пытаюся...— пачаў ён, яна нецярпліва адмахнулася, гледзячы на Стаха са зьдзіўленьнем. Стах прысеў каля яе на калені, паклаў гарачы твар на яе пакрытыя гусінай скурай рукі.

— Тая,— зьмяніў ён тон.— Ну паслухай. Я чакаў, мы дамовіліся... Ты была занятая? Я ж...

— Нічым я не была занятая,— адказала яна змрочна.— Тэлевізар сёньня глядзела, і навогул... Ты будзеш чытаць?

— Спачатку... — Стах штурхнуў яе перад сабой на ложак.— Спачатку спачатку.

Яна стамлёна ўзьняла вочы.

— Ну Тая... Потым я ўсё прачытаю. Мне вельмі цікава, павер.

Паміж ног пякло аж да болю. Тая ўздыхнула:

— А можа, спачатку пачытаеш?

Але ён ужо таропка расшпільваў прарэх, гузікі блішчалі ў паўзмроку, падобныя да манэтаў, якімі Стах зьбіраўся расплочвацца. Яна ўздыхнула яшчэ раз і пачала флегматычна й мэтадычна распранацца. Стаха калаціла, але хутка перад ім ужо ляжала іншая Тая, і ймя гэтае было адно мянушкай цёплага, зморшчанага зьвераняці. І паляўнічы кінуў на яго свой цень, бы сетку, і зьвераня задрыжэла пад ім, а тая Тая беспакойна пазірала на гадзіннік, задзіраючы галаву, бо рука яе лунала недзе высока ў паветры. Усведамляючы ўсю ненатуральнасьць гэтай мэханічнай валтузьні й той пачварны падман, які быў над ім зьдзейсьнены ў гэты дзень, Стах тым ня меней зрабіў ўсё што хацеў і ўпаў упоперак ложку, задыхаючыся хутчэй ад крыўды, чым ад задавальнення.

— А цяпер чытаць!

Яна павесялела, усьміхнулася, дакранулася сухімі вуснамі да ягонага падбародзьдзя, уселася Стаху на жывот, азваўшыся рэхам у яго пад лапаткамі. Ён сам і не заўважыў, як пакой асьвяціла катавальная лямпачка, а яны — два іншаплянэтнікі, якія ставяць загадзя наканаваны на няўдачу экспэрымэнт спароўваньня — апынуліся апранутымі й зашпіленымі на ўсе, усе гузікі, пад самае горла.

— Давай я вазьму з сабой,— сказаў ён млява.— Дома пачытаю, а...

— Не,— адказала яна зь летуценнай усмешкай.— Чытай. А я пайду зраблю кавы. І каб пакуль я прыйду, ты ўжо прачытаў пятнаццаць... дваццаць! не, пятнаццаць, ладна, дзесяць старонак.

...Прадпрыемства чарговы раз унесла ў ягоную душу спакой. Цяпер, ствараючы сьценгазэту і ўзгадваючы тую дзіўную суботу, Стах ужо не адчуваў ані крыўды, ані прагі, ані злосьці. Фраза, якую ён столькі разоў чуў ад маці й за якую ён так маці ненавідзеў: праца — лепшы лек, была, як высветлілася, цалкам слушнай. Перад вэнджаным і мудрым тварам прадпрыемства, які зазіраў зараз у вакно малярскага пакоя, праблема „Тая — ня Тая” станавілася дробнай і нязначнай. Сьценгазэта атрымлівалася зусім неблагой. Стах акуратна адарваў кавалачак картону, раскрышыў на ім чырвоны грыфель, зьмяшаў кучку зь зялёным і заняўся цудоўнай справаю — расьціраньнем гэтага радаснага пылу па тым урачыстым у сваёй парушанай белаце лісьце, які ў выніку мусіў стаць Малярскаю Сьценгазэтай. І субота закруцілася наноў.

Перейти на страницу:

Похожие книги