— Гэта не той... Гэта вы... — далікатна пачаў Стах. Яны выйшлі на прызаводзкі пляц, дзе маленькая мэханічная сьмярдзючка, павярнуўшыся да выходзячых з прадпрыемства трасучым задам і надрыўна глушачы ўсіх навокал, дапамагала вясёлым рабочым дзяўбці асфальт. Рушылі ў накірунку мэтро, якое мігцела недалёка ў пахнучым слотай паветры. Адліга працуе ў другую зьмену. Стах міжволі абярнуўся. Прадпрыемства ўсё яшчэ навісала над ім, усё поўнае прыхаванага руху, нейкай рэшткавай тэрцыі — ледакол, які ўпёрся грудзьмі ў гіганцкую крыгу гораду. Стах адкашляўся, і тут жа нязначны, ня варты таго, каб углядацца ў яго, апрануты ў мех цень, які апошнія некалькі сэкундаў мільгаў на заднім пляне ў бачнай Стаху прасторы, матэрыялізаваўся ў жывую, без каптурка, з ваяўнічымі вішанькамі ў маленькіх вачох Таю. Яна вырасла перад ім, надзьмуліся ды апалі тонкія жылкі на шыі, яна прымусіла яго спыніцца, яна ўкапала яго ў зямлю, яна пацягнулася, закінуўшы галаву, да ягонага твару, нібы жадаючы пацалаваць, і потым хвостка й звонка дала Стаху тры гарачыя, у чымсьці нават прыемныя аплявухі пляскатай скураной пальчаткай.
— Я магла бы сказаць Дынкіну, і ён бы прымусіў цябе лізаць уласную задніцу,— прамовіла яна, непрыгожа расцягваючы рот, ад чаго словы выходзілі нібы зь цюбіку з атрутаю.— А потым зьвязаў бы цябе ў такой позе й замураваў у бэтоннай сьцяне якой-небудзь нова-будоўлі, уродзец ты смярдзючы. Я магла б уласнымі рукамі адстраліць табе зараз на гэтым месцы тваю гнілую башку, казёл... Казёл...
— Мне ў рэдакцыю, я й забыў,— пляснуў сябе па носе Ждановіч і пабег кудысьці ўлева, проста па
заснежаных клюмбах.
— Казёл,— паўтарыла Тая, не адводзячы ад Стаха вачэй і раптам усхліпнула.
Стах вымавіў яе ймя, ёй падалося — проста ўздыхнуў.
— Так накалоць,— твар яе заблішчаў, адтаяў, пераймаючы гульні навакольнай слоты.— І я... я... Я... павялася, павялася як дзяўчынка...
— Ды што здарылася?— Стах працягнуў да яе руку, і тут жа балюча атрымаў па ўказальным пальцы. Ён мімаволі адступіў, пагрузіўшы нагу ў магілу аднаго з тых пыхлівых сьнегавікоў, што яшчэ ўчора стаялі ля прахадной так непарушна.— Тая, што і... як ты...
— Гэта ты мне скажы,— яна злосна выцерла слёзы.— Ты мне зараз усё распавядзеш. Ня строй дурня, жывёла, латок ты прыпылены... Ты што, дагэтуль не зразумеў, з кім зьвязаўся? Адказваць будзеш...
— Ды што такое? Патлумач мне калі ласка!
чарговы раз Стах пачуў, як голас ягоны, выхаплены з утульнай мяккай калыскі, каля якой ходзяць на цыпачках ды ціха думаюць услых, голас, вымушаны зноў выконваць нязвыклую для сябе ролю абаронцы свайго ўладальніка, зрываецца, вішчыць, ламаецца, набываючы бабскую пранізьлівасьць.
— Ты заразіў мяне,— сказала Тая, падкідаючы на языку словы, бы ледзянцы.— Ты заразіў мяне, гаўнюк, нейкай парашай, ня ведаю яшчэ якой. Але я была, чуеш, падла, я была ў Жаўткова, у доктара свайго, і ён сказаў, так, сказаў... Карацей, цяпер можаш колькі заўгодна казаць, што ты ня ведаеш анічога, прасіць аб літасьці, і навогул...
Вуліца перад Стахам пахіснулася. Раздваіўся паўзучы тралейбус на прыпынку, і двайніка ягонага панесла ўбок, проста пад колы міралюбнай белай таёты, што стартавала ад чырвонай плямы сьветлафору, плаўна апусьціліся на плошчу фосфарныя аблокі, бы падбітыя цэпэліны; з будынку палацу культуры, які сядзеў за дарогай, выскачылі доўгія пліткі асветленых вокнаў і рухнулі на прадаўцоў кветак. Але вуліца адразу ж стала на месца, у напрацаваныя гадамі звычныя пазы, і двайнік тралейбуса зьнік, і аблокі, надзьмуўшыся, імгненна ўзьляцелі ўверх, і нечая руплівая рука засунула вокны назад, бы шуфляды ў Ясіраўскім стале. І зноў перад Стахам стаяла ў злой адзіноце насупленая Тая, трымаючы за спінай заплечнік з абы-як упакаваным у яго горадам.
— Чым я мог цябе заразіць?... — Стах раздражнёна пахітаў галавой.— Што ты вярзеш?
Нібы сабака, які доўга чакаў загаду ля Таінага сьцягна й вось цяпер нарэшце яго атрымаў, нага яе маланкава кінулася наперад, і мысок цудоўна пашытага боту ўпіўся Стаху ў калена. Ён прысеў, давячыся незвычайна вострым болем.
— Пранцы. Хламідыёз. Трыхаманіяз,— салодкім голасам пералічвала яна, нават цяпер узвышаючыся над Стахам усяго на некалькі сантымэтраў.— Ганарэйны урэтрыт, пахавы лімфагранулематоз, мяккі шанкр, вэнэрычная гранулема, трыхаманадны вагініт... Выбірай, што даспадобы. Чымсьці з гэтага ты заразіў мяне, смярдзючы лох, паскуда ты гнойная. Аналізы пакажуць. І маліся, каб гэта быў хламідыёз, а не, напрыклад...
Хістаючыся, Стах падняўся.
— Чаму ты думаеш, што гэта я?... — сказаў ён хрыпла.— У мяне ня можа гэтага быць. Ніяк ня можа. Я ж толькі з табой, Тая...
— А хто ж?— амаль крыкнула яна.— Што? Што ты там шэпчаш, урод?
— Муж,— паўтарыў ён ледзь чутна, апусціўшы галаву.
— Муж?
— Ты сама казала... ну, што ён табе здраджвае... ты пісала...