Шруб жыцьця, так груба вырваны са сваёй адтуліны вар'яцкімі падзеямі серады, на дзіва лёгка стаў на месца. Стах вырашыў жыць як жыў, ні пра што не даносіць, пастарацца навогул забыцца на існаванне гэтай зьніадкуль узьніклай паперчыны, якая ляжала зараз у стале Ясірава. Шчасьце, вядома, што яму дазволілі застацца на прадпрыемстве. Пад сажаю штодзённай працы, пустых размоваў і дзіўных звычаяў, у якіх, праўда, Стах знаходзіў з кожным днём усё менш дзікунскага і нават пачынаў лічыць іх надзвычай павучальнымі для гэтых інфантыльных людзішак адтуль, гэтых самаўпэўненых адтулінцаў (яму надта карцела ўбачыць у брыгадзе якога-небудзь навічка ды паназіраць за ягонымі пакутамі), пад усёй гэтаю сярэднявечнай таямнічасцю хаваліся бліскучыя пэрспэктывы. Мала таго, што прадпрыемства давала яму рэгулярны заробак, адзін з самых высокіх сярод дзяржаўных прадпрыемстваў гораду, так што Стах мог дазволіць сабе завесьці некалькі пародзістых, пухнатых, нявыхаваных і мілых звычак; мала таго, што ён кахаў фарбу мацней за ўсіх жанчын усіх сьветаў і цешыўся сваёй прыбліжанасцю да Яе Вялікасьці; мала таго, што на ягоным жыцьцёвым шляху сустрэліся нарэшце людзі, якія здольныя былі ацаніць ягоны талент, якія бачылі ў ім асобу, вартую ўвагі, якім ён, Стах, быў цікавы й сімпатычны. Мала таго, што ён пачуваўся тут натуральна і ўтульна, так добра, як нідзе па той бок, мала таго, што ён адкрыў для сябе вельмі прыемнае пачуцьцё, недасяжнае яму ў ягонай мінулай ролі — пачуцьцё радаснай стомы пасьля грунтоўна выкананай Работы. Было і яшчэ нешта. Па-першае, начальнік цэху паабяцаў Стаху пасьля Новага году выдзеліць памяшканьне пад майстэрню дзе-небудзь у падсобны, з умовай, што Стах будзе займацца афармленьнем цэху, рабіць матэрыялы па нагляднай агітацыі, патрэбныя надпісы на прадукцыі ды абсталяванні. Па-другое, ён дамовіўся, што друкарня прадпрыемства выдасьць увесну ягоную кнігу. За казённыя грошы. Значэньне гэтага цяжка было пераацаніць! Кніга. Ягоная першая кніга. Ягоны паэтычны зборнік. Назва ўжо была. „Рукі сноў, або сны рукі”— гучала годна.
Ужо каля самай прахадной, слухаючы разважлівы аповед Кірылы Антоныча пра апошнюю хваробу ягонай жонкі, якая ўжо тыдзень ляжала ў больніцы з падазрэннем на рак, Стах заўважыў у небяспечнай блізкасьці ад сябе карэспандэнта Ждановіча, апранутага ў нязьменнае сваё паліто, па якім струменіў каціны волас. Ждановіч таксама заўважыў Стахаву галаву, якая мерна пагойдвалася на паверхні натоўпу, але адразу ж удаў, што не пазнае, і дэманстратыўна ўзьняў вочы да балянсуючага на мяжы двух безагаворачных колераў прыземістага неба. У Стаха не было асаблівага жадання размаўляць, ён якраз задумаўся над рыфмаю да слова „Марлокін”, аднак па прыхамаці чалавечай масы іх урэшце падсунула адзін да аднаго. Сарокі, далёкі, папрокі...
Ждановіч, намагаючыся не прыціскацца надта блізка, фамільярна павітаўся і, з прыкрасцю паглядваючы паверх галоваў, пасьпешліва загаварыў:
— Ну, як, вясной кніжка, а я прачытаў вашыя, выйдуць, выйдуць на наступным тыдні. Але ж хацеў вам параіць, вы бы на час кінулі паэзію, а напісалі б нам карэспандэнцыю якую, пра рэканструкцыю ЦТО, прыкладам. У нас за вершы ня плоцяць — а яны выйдуць, так, добрыя вершы — а за рабкораўскія матэрыялы пару рублёў атрымаеце. Я вось з друкарні йду і...
Маляры пазіралі на Ждановіча з пагардай, якую імкнуўся зьмякчыць хіба Кірыла Антоныч — брыгадзір змоўк ды павярнуў твар у бок карэспандэнта, што круціў галавою й спалохана азіраўся. Овэрлокі, урокі, вытокі... Вытокі...
— А верш той... ну, пра цэцэ... вы ўзялі?— спытаў Стах, інстынктыўна засланяючы Ждановіча ад Мурла, якому карцела, відаць, засадзіць карэспандэнту па назе. Натоўп марудна набліжаўся да дэтэктара. Стаху ўдалося акружыць сябе й Ждановіча зусім незнаёмымі людзьмі, і цяпер яны з карэспандэнтам нібыта стаялі ў цеснай кабінцы мужчынскай прыбіральні, удыхалі подыхі адзін аднаго; маляры паднялі ўверх пропускі, махалі імі, дэтэктар чытаў Пушкіна на памяць.
— Пра цэцэ, так... А, памятаю, цікавы верш, я зразумеў, файна вы абыгралі, як гэта там, і пад уладай тысяч сноў стаіць над імі Цэх Цахоў, добры дзень, Юры Максімавіч, і я пыльца ў яго руцэ... у яго руцэ, так, дзе гэта мой пропуск, вы, дарэчы, хакей учора глядзелі? так, пыльца ў яго руцэ... Ён песьня песьняў, ён ЦЦ... Так, здаецца?
Жанчына, якую ад Сямёнаўны адрозьнівала хіба дадатковая зорачка на пагонах, шумна захлопнула пропуск і адкрыла Стаху шлях. Усьлед адразу ж пралез і Стахаў спадарожнік, ягоны пропуск ніхто й не зьбіраўся глядзець. Ждановіч уздыхнуў.
— Не, гэты верш не прайшоў... Рэдактар. Вось калі б вы карыкатуру на якога-небудзь несуна намалявалі, або там карэспандэнцыю напісалі. А рэдактару ваша пра Антоныча спадабалася... Як там, здароў, маляр, здароў, Антоныч...