— Ясна,— хутка прамовіў Джоні й прыпаліў ад Стахавай цыгарэты.— Дух. Прастора. Адкрыццё. Выстава маладых, блін, мастакоў. Ты, відаць, па іншых справах. Маўчыш усё, як наш Далай-лама. Ён па тыбецкіх сьпевах. І варган там, ведаеш, уся фігня... Вы дзе рэпэтуеце? Што, зноў у малако? У Джоні зьбіўся прыцэл. Трэба пасёрбаць айн вэніг. Давай.

Гарэлка ў гэтым доме стаяла, мусіць, у кожным куце. Яны выпілі, і Стах урэшце адчуў у галаве слабы гул. Далёкі гул прадпрыемства. Песьню ягоных жалезных бубнаў. Джазавы шоргат пэндзляў. Шаманскі покліч сірэнаў. Буханьне прыручанай лавіны за сьценамі ЛЦ-2. Яны з Джоні паразмаўлялі яшчэ пра розныя мастацкія пытанні, прычым Стах, нягледзячы на тое, што ён сказаў хіба тры-чатыры словы, быў названы найлепшым суразмоўцам і расцалаваны — урачыста й мокра. Стах папрасіў паказаць творы.

— Творы? Карціны, ці што?— недаўменна паглядзеў Джоні.— Ды ну цябе. Што ты як зінгелынухер парышся. Ты яшчэ скажы, што табе цікава. Карціны. Вось, глядзі. Хата мая — чым не карціна?

Тая зазірнула на кухню, тэстам выгнала Стахавага новага сябрука, прыціснулася, пацерлася шчакой аб швэдар. Ён паспрабаваў адштурхнуць яе, і толькі калі гэта на дзіва лёгка атрымалася, зразумеў — і захапленьне, бурлівае, але да пары нямое, завібравала ў грудзёх — зразумеў раптам, што Тая сама да свайго невядома дзе рыпячага ложку не дабярэцца. Яна ткнулася носам у Стахавы рэбры, ён нагнуўся, каб падтрымаць, Тая падняла размытыя вочы й, пуста пасміхаючыся, намалявала вострым языком на вуснах распуснае й немінучае О.

— Выклічы таксі,— сказала яна глупа й з бэзавым пералівам.— На Цэлтніекса восем. Маляр. Малярмалярмалярмаляр.

Стах уладкаваў яе на лядоўні, разьбіўшы талерку.

— Не, я сама.

Яна пайшла на невялікую шафу з посудам і паспрабавала зьвіць там гняздо.

— Не туды,— са зьдзіўленьнем гледзячы на пабітае шкло.

— Прадпрыемства,— любуючыся палоскай уласнай скуры, якая чароўным мазком праступіла на абцягнутай калготкамі ладыжцы.

Стах вывеў яе ў калідор. Джоні ўхапіў яго за плячо: „Можа, умажамся?” Стах амаль вынес Таю на пляцоўку. „І ўсе згодныя,” — пачуўся стомлены голас гітарыста, які йшоў у прыбіральню. Дзьверы за імі ніхто зачыняць ня думаў. Яны выйшлі з пад'езду ды ўпалі ў слоту. Стах ляжаў, удыхаў сонны водар гарэлкі й губной памады, якім шчодра адорваў паветра адкрыты Таін рот. Зірнуў на яе дзіўна цьвярозы твар — яна глядзела на чорнае неба ў драўляных бусах, глядзела з расчараваньнем.

У таксі яна паліла Стахавы цыгарэты, штохвіліны трапна дасылаючы языком мокрыя ліпучыя тытунькі яму ў вуха. Стах зь пяшчотай слухаў вільготнае поканьне яе вуснаў — гэта была тая Тая, якую ён замаўляў у жыцьця. Але тэрмін годнасьці скончыўся, і вось скарыстаны прадукт дысцыплінавана, як і належыць сучаснаму прадукту з гарантыяй якасьці, самаліквідуецца. Магчыма, гэтае разьвітаньне мае такую ж каштоўнасьць, такі ж узровень сэнтымэнтальнасьці, што і расстаньне з выкінутым у сьметніцу старым абуткам. Чаму ж тады гэтак цесна ў грудзёх?

— Як жа ты мяне знайшла?— спытаў ён, цешачыся той палёгкаю, якая надыйшла, калі яны пакінулі кватэру Джоні. Будучае — ні праз паўстагодзьдзя, ні праз хвіліну — ужо не падавалася такім страшным. Тая выкінула цыгарэту ў вакно й прынялася вывучаць пазногці. Стах пасьміхнуўся й перапытаў.

— Як ты мяне знайшла?

— Ты, відаць, усё ж слаба ўяўляеш, з кім маеш справу,— прымружылася Тая.— Ведаючы, дзе ў цябе лецішча... Усё астатняе — як два пальцы. Я чакала чаго заўгодна, але прадпрыемства... Вось, блін, гіронія лёсу.

Яна вінавата разьвяла рукамі перад сваёй гувэрнанткай, той таямніцай, якая заўсёды сядзела ад Таі праваруч. Цёплае дыханьне яе казытала Стаху нос. — Стоп, стоп!— замахала Тая ля нейкага начніка пад назваю „Страўс”.— Тармазі. Схадзі набудзь цыгарэтаў нармалёвых і мінералкі. Піць хачу — памру зараз.

Стах вылез ды пахлюпаў праз дарогу па слоце. Начнік адпавядаў назьве: засунуўшыся вітрынамі й касамі пад зямлю, крама дэманстравала вуліцы толькі асветлены зад, зь якога ўніз вяла набрынялая мокрым сьнегам лесьвіца. „Зараз вярнуся, а машына ўжо ўкаціла. І ня будзе больш ні Таі, ні суботаў сярод бязьлюднага пасёлку, ні вось такіх вар'яцкіх вечароў, як сённяшні,” — падумаў ён, набываючы самыя дарагія цыгарэты, пляшку мінералкі й для сябе моцнае піва. „Затое — прадпрыемства, дзеля якога я столькім ахвяраваў. Кніжка, сябры, майстэрня, заробак, пастаяннае пачуцьцё ўласнай дагледжанасьці. „Таксі стаяла на месцы. Тая спала, паклаўшы ногі на сядзеньне.

Напоямі давялося памяняцца. Тая схапіла піва, машыну тарганула на нейкай зь зямных восяў, і два рудыя вусы выраслі на яе твары. Стах пагрукваў закаркаванай мінералкай аб пярэдняе сядзеньне.

— Вырашыла,— Тая ікнула.— Слухай...

Яна нахілілася й горача прашаптала, апякаючы Стахавы скроні:

— Паехалі на лецішча. У вапошні раз.

Перейти на страницу:

Похожие книги