– Думаеш знайсці сляды гэтай друкарні?
Хлюдзінскі імгненне памаўчаў, узважваючы, які адказ будзе гучаць больш пераканаўча.
– Магчыма, удасца знайсці прынамсі сляды гэтых кніг. Рэдактар часопіса Вацлаў Ластоўскі цяпер жыве ў Менску. Я напісаў яму ліст з просьбай удакладніць гэтыя звесткі, цяпер чакаю адказу.
Берг ужо відавочна скрывіўся:
– Паслухай, таварыш Хлюдзінскі, якую карысць дадуць савецкай Беларусі гэтыя вашыя старыя кнігі, выдадзеныя ў манастыры? Савецкая ўлада аддзяліла царкву ад дзяржавы, бога няма, а ты цягнеш да нас гэтае спарахнелае ўбоства, з дапамогай якога папы і ксяндзы прыгняталі працоўны народ? Перастань, таварыш. Не для таго мы рабілі сацыялістычную рэвалюцыю, каб збіраць у музеях папоўскую прапаганду!
Антон змаўчаў.
Яму хацелася спрачацца і было чым адказаць на словы Берга. Але які ў гэтым сэнс? Усім сваім нутром Хлюдзінскі адчуваў, што насоўваецца новая эпоха, у якой багатая палітра беларускай спадчыны будзе зведзеная да аднаго колеру (чырвонага) і адной ідэі (барацьба працоўнага класа), пад якую будуць падганяцца ўсе факты.
Ці паспее ён хаця б апісаць былыя панскія сядзібы Аршаншчыны? Іх уладальнікі пакінулі свае котлішчы або з польскімі батальёнамі Доўбар-Мусніцкага, або падаліся да белых. Тых, хто спадзяваўся адседзецца, прымусова выселілі або расстралялі… А будынкі яшчэ стаяць. Пакуль яшчэ стаяць. Ці надоўга?
Ці паспее ён знайсці сляды гэтай Пачайнскай друкарні? Ці паспее вывучыць гісторыю езуіцкага кляштара ў Воршы глыбей, чым апісаў яе ў сваім сшытку Тамаш Зан?
Ці паспее? Ці здолее?..
І самае галоўнае пытанне: ці спатрэбяцца хоць камусьці ягоныя веды? Калі меркаваць па размовах з партсакратаром Стахевічам ды яго стаўленікам Бергам, савецкая ўлада ў такой гістарычнай навуцы зусім не зацікаўленая.
Хлюдзінскі глядзеў у сталёвыя вочы Берга і разумеў, што пратрымацца яму ўдасца нядоўга. «Можа, паехаць у Менск, у Інбелкульт?» – мільганула здрадніцкая, баязлівая думка. Прынамсі, там бы ён знайшоў аднадумцаў…
Але ўздымаць белы сцяг да таго, як бітва была канчаткова прайграная, усё ж не хацелася. І Хлюдзінскі ў думках адчайна махнуў рукой: буду трымацца, пакуль хопіць змогі! Да таго ж яшчэ чакае дапамогі юны Андрэй Камар – нельга кідаць хлопца ў такі момант зусім аднаго.
Красавік, 2010
Галоўны рэдактар Аляшэўскі заскочыў у журналісцкі пакой – шустры, неспакойны. Твар яго праменіўся радасцю, быццам нейкая нябачная лямпачка ўключылася знутры.
– Вы чулі, што робіцца? Нейкі малады герой сарваў дзяржаўны сцяг з Мінгарвыканкама! «Радыё “Свабода”» паведаміла.
Супрацоўнікі рэдакцыі ў здзіўленні застылі, нагадваючы славутую фінальную сцэну гогалеўскага «Рэвізора». Першым ачомаўся Кміціч:
– І што з хлопцам? Затрымалі?
– Вядома, затрымалі, – твар галоўрэда ні на імгненне не зменшыў свой бляск. – Вам, Павел, даручаю даведацца як мага больш пра гэты выпадак: распавесці пра подзвіг гэтага юнака – наш маральны абавязак! Краіна мусіць ведаць сваіх герояў! Пачынайце ўжо з сённяшняга вечара, няма чаго валаводзіцца.