Кміціч загрузіў у браўзеры сайт «Радыё “Свабода”» з пазнавальным значком-паходняй – той самай паходняй, якую трымае статуя Свабоды на Манхэтане. На сайце журналістка Буянава (цікава, няўжо гэта сапраўднае прозвішча? вельмі ж падобна, што псеўданім) распавядала, што маладафронтавец Зміцер Харовіч забраўся на дах будынка Мінгарвыканкама і сарваў дзяржаўны сцяг. Хлопца затрымалі, як і двух ягоных сяброў.
З удзельнікамі «Маладога фронту» Кміціч ужо не раз сутыкаўся. Моладзевая арганізацыя карысталася славай самай адвязнай, самай рызыкоўнай групай палітычнай апазіцыі. Маладафронтаўцы часцей за іншых ладзілі шумныя вулічныя акцыі, а таму, натуральна, больш за іншых сядзелі «на сутках» – пад адміністрацыйным арыштам.
Павел затэлефанаваў кіраўніцтву «Маладога фронту», каб распытаць, што гэта была за акцыя, але ў адказ пачуў: ніякай запланаванай акцыі мы не ладзілі, мяркуем, што гэта была ініцыятыва самога Змітра, з намі ён не раіўся, але мы яго падтрымліваем, каго затрымалі разам з ім – не ведаем.
У міліцыю звяртацца сэнсу не мела, таму Кміціч задумаўся, як атрымаць больш інфармацыі пра здарэнне…
Сітуацыя праяснілася ўжо на наступны дзень: у рэдакцыю прыйшлі два маладафронтаўцы – Вітаўт і Сяргей. Хлопцы распавялі, што менавіта іх затрымалі разам з Харовічам. Усю ноч яны правялі ў міліцыі, адпусцілі іх толькі зранку, бо Зміцер узяў усю віну на сябе.
Разам маладафронтаўцы выглядалі як пара комікаў: нізенькі кругленькі Вітаўт і высокі мажны барадач Сяргей маглі б зрываць авацыі адным толькі сваім з’яўленнем на арэне цырка. Кміціч з пэўным намаганнем прымусіў сябе не думаць пра цырк, а настроіцца на сур’ёзны лад.
Гасцям зрабілі каву, і Павел прысеў каля іх з дыктафонам. З-за дзвярэй вызірнуў круглы твар Аляшэўскага:
– Павел, я разлічваю на ваш грандыёзны матэрыял сёння ўвечары.
– Вы будзеце запісваць? – кругленькі Вітаўт неяк падазрона скрывіўся на дыктафон.
Кміціч супакоіў яго, што дыктафон патрэбны пераважна як дапамога: раптам падчас напісання тэксту забудзецца нейкая важная дэталь.
– Як вас да гарвыканкама ўвогуле занесла? Чыя гэта была ідэя?
– Як бы гэта вам сказаць… – нерашуча працягнуў Вітаўт. – Давайце я вам раскажу, як было, а потым вырашым, што не трэба друкаваць, добра?
…У той вечар прыяцелі адзначалі дзень народзінаў барадача Сяргея. Святкавалі ў адным з бараў на вуліцы Карла Маркса – у цэнтры сталіцы. Увечары пайшлі на вакзал, каб праводзіць юбіляра: Сяргей жыў у Заслаўі, таму пакепліваў, называючы Менск сваім райцэнтрам.
Электрычкі ў бок Заслаўя ходзяць часта, таму кампанія не спяшалася развітвацца, а накіравалася ў вакзальны бар, дзе працягнула «хэпі бёздэй». Потым Вітаўт прыгадаў, што яму тэрмінова трэба адправіць паштовы пераказ, а значыць – трэба зайсці на галоўпаштамт. Балазе гэта недалёка.
Няцвёрдай хадой кампанія рушыла ў патрэбны бок. Дайшоўшы па вуліцы Ленінградскай да корпуса хімічнага факультэта БДУ, хлопцы вырашылі, што ў такі святочны дзень нельга абысціся без музыкі, таму прыпыніліся і хорам урачыста праспявалі «Пагоню». Напэўна, хібы ў іх спевах знайшоў бы не толькі дасведчаны хормайстар, але і звычайны аматар музыкі, якому вушы не адтаптаў мядзведзь, але самім выканаўцам было даспадобы: мы свабодна спяваем
Кажуць, грузіны так шмат пяюць за сталом, бо менавіта гэтыя спевы дазваляюць ім доўга не п’янець. Напэўна, на беларускі арганізм спевы дзейнічаюць не так, як на грузінскі. Прынамсі, тром прыяцелям яны не дужа дапамаглі…
Пасля праспяванай «Пагоні» кампанія завітала ў дворык на задворках Мінгарвыканкама: узнікла натуральная патрэба вызваліць мачавыя пухіры ад лішняй вадкасці, а шукаць прыбіральню на бліжэйшых вуліцах горада-героя не было часу.
Адліваючы, Харовіч узняў позірк угору і пабачыў над гарвыканкамам прыкры сцяг ненавіснай улады і… пажарную лесвіцу, ніжняя прыступка якой заканчвалася не вельмі высока над зямлёй – высокаму чалавеку можна даскочыць. Зашпіліўшы прарэх, ён падзяліўся з карыфанамі ідэяй: а давайце я сарву сцяг? І не паспелі тыя ацаніць палёт думкі, як Зміцер ужо караскаўся па сценцы, як славуты Чалавек-павук.
– Мы яшчэ стаялі аслупянеўшы, калі да нас падляцелі мянты і павялі ў гарвыканкам, – з імпэтам расказваў Вітаўт, жыва перажываючы нядаўнія падзеі. – Заводзяць нас у фае, пачынаюць пытацца дакументы, а тут бачым – па лесвіцы Змітра цягнуць. Мянты трымаюць яго з абодвух бакоў, кашуля на ім ці то расшпіленая, ці то падраная, а ў руках ён камечыць сцяг чырвона-зялёны. І на твары – задаволеная, шчаслівая ўсмешка! Яго валакуць, а ён лыбіцца!
Потым кампанію павезлі ў пастарунак. Вось тут Вітаўт, які меў пры сабе дакументы на нейкія замежныя гранты, устурбаваўся ўсур’ёз, ажно алкаголь з галавы павыветрыўся. У міліцэйскім «малпоўніку» ён некалькі разоў за ноч прасіўся вывесці яго ў прыбіральню – маўляў, ад хвалявання жывот прыхапіла. І кожным разам тапіў ва ўнітазе дакументы, падраныя на дробныя шматкі, ды флэшкі з інфармацыяй.