Жэньку зноў калаціла... Люцыян умольна падняў рукі, быццам здаючыся ў палон.

- Яўгенія, дазвольце пагаварыць з вамі! Не праганяйце мяне! Я цяпер бачу, што вінаваты перад вамі куды больш, чым мог падумаць...

- Адчапіцеся! Што вам трэба?

Жанчына дыхала цяжка, быццам прабегла цэлую вярсту. Па ілбе каціліся кроплі поту.

Корвус стаяў нерухома пад яе напружаным позіркам.

- У вас звычайная рэакцыя псіхікі на моцную траўму. Я з гэткім сустракаюся часта. Такое праяўляецца праз месяц, праз год, і без лячэння не праходзіць. Свядомасць не можа прымірыцца з перажытым. Чалавек не хоча ўспамінаць страшны момант, заганяе ўспамін глыбей... Але калі трапляе ў падобную сітуацыю - пра яе можа нагадаць гук, дотык, пах - прыступ панікі. Некантраляваны.

Люцыян падбіраў словы асцярожна, як друзачкі каляровага шкла для складанага вітража.

- Вы ўжо дыягназ мне паставілі. Ну так, я ж здуру прызналася вам, што Рыгор мяне біў.

Голас Жэнькі быў хрыпаты і перарывісты, быццам яна толькі што доўга крычала, зрываючы горла.

- І цяпер я, такая вось зацюканая, запалоханая кабета, шугаюся любога дотыку... Вартая жалю, ці не так?

- Мне ў галаву такое не прыходзіла! - Корвус гаварыў ціха і мякка. - Урэшце, тут у нас з вамі шмат агульнага - Рыгор і на мне кулакі выпрабоўваў, а я не супраціўляўся. Не будзем казаць пра ягоную хваробу. Пагаворым пра вашую. Сітуацыя з мужам - гэта працяг, а пачатак сапраўды ў сорак трэцім...

- Я не павінна была вас вінаваціць, прабачце, - прамармытала Жэнь­ка. - Вы рабілі, што мусілі...

Але Корвус закруціў галавой.

- Гэта якраз і ёсць - адмаўляць сапраўдныя перажыванні... Вы - разумная, ураўнаважаная жанчына. Ведаеце, як належыць ацэньваць сітуацыю. Але ваша траўмаваная ўнутраная сутнаць гэтага не ведае. Уявіце - у вашай душы жыве дзіцё, яму балюча і страшна, для яго зноў і зноў паўтараецца жах... І пакуль вы, дарослая, не пражывеце тую жахлівую сітуацыю, не прымеце, не агучыце пачуцці ўнутранага дзіцяці - яны будуць раз’ядаць вас знутры...

Яўгенія сунула рукі ў кішэні і злосна пасміхнулася. Да ніжняга гузіка яе халата прычапілася зялёная травінка, быццам лясныя русалкі паслалі візітоўку будучай сяброўцы.

- Што вы ад мяне хочаце, калега? Споведзі? Маральнага распранання?

- Вось, вы адразу згадалі наконт распранання... - тужліва ўздыхнуў Люцыян. - Той жах, які вы перажылі па маёй віне. Выкажыце мне тое, што стрымліваеце. Вы павінны ўпэўніцца, што я бяспечны для вас, што вы можаце справіцца са мной!

Корвус гаварыў амаль умольна.

- З чаго гэта вы вырашылі, што я вас баюся? Пасля таго, як састаўляла вашы паламаныя косці і месяц сузірала ваш амаль труп у ложку свайго шпіталя? Не шмат пра сябе думаеце?

Жэнька гаварыла скрозь зубы, з выклікам, мімаволі нагадаўшы Стахевіча. Корвус раптам зрабіў хуткі крок наперад, працягнуўшы руку, і жанчына інстынктыўна адхінулася, адступіла, ледзь не паваліўшыся на нейкай купінцы. І зараз жа раззлавалася за гэтую сваю слабасць.

- Бачыце, фобія мацней за вас... Вы ж доктар, Яўгенія! Павінны разумець, што нельга саромецца хваробы! І нельга яе замоўчваць.

Люцыян зноў адступіў назад, душачы чаравікамі пыльна-чорныя чарніцы, якім ужо не лёс быў патрапіць у бальнічны кампот.

- Вы хочаце, каб я зноў пражыла тую сітуацыю, калі мяне схапілі нем­цы, а вы мяне прывязвалі амаль голую да плота? - нават вусны Жэнькі дрыжэлі. - Вы адгадалі, самае страшнае для мяне было не пагроза смерці, не холад, а тое, як вы здзіралі з мяне адзежу. Кофту, сукенку... Абыякава, груба... Як быццам я прадмет, рэч. А потым... Потым вы сцягнулі з мяне панчохі...

Жэнька пачала задыхацца...

- Ціха, ціха... - Корвус раптам укленчыў, схаваўшы рукі за спіну. - Паглядзіце, вось ён я - цяпер вы маеце нада мной уладу. Вы моцная. Вы можаце ўсё выправіць.

- Балаган нейкі... - загадчыца шпіталя страсянула галавой у кароне каштанавых кос. - Я разумею, што каб вы не выканалі загад нямецкага афіцэра, гэта ўсё са мной зрабіў бы іншы, і было б куды горш... Але... Я помню вашы рукі на сабе... Халодныя мужчынскія пальцы... А я ж нават не цалавалася да гэтага ні разу!

Яўгенію перасмыкнула.

- І вось цікава - да мяне дакраналіся іншыя... Фашысты, паліцаі... Штурхалі, білі... А ўрэзаліся ў памяць менавіта вы, які мяне пасля выратаваў.

- Таму і ўрэзаўся... Што нібыта свой, а раблю ганебнае... — з горыччу зазначыў Люцыян.

- А потым, калі ўсё скончылася, вы неслі мяне на руках у партызанскі лагер, расціралі, каб не абмарозілася... А мяне ванітавала ад агіды да вашых дотыкаў. Я дрыжэла не ад холаду, а ад вашай блізасці.

Корвус на імгненне прымружыў вочы, як ад сляпучага сонца, але працягваў сваё лячэнне.

- Як часта вы гэта ўспаміналі?

Жэнька адвярнулася:

- Часам... Звычайна ў сне... І не трэба пытацца, ці не перашкодзіла мне гэта ў зносінах з Рыгорам.

Корвус прамовіў вельмі асцярожна:

- Але ў вас была падобная да сённяшняй рэакцыя на дотык мужа, ці калі ён... замахваўся на вас?

Яўгенія за імгненне захінула твар тонкімі рукамі.

- Я не хачу пра гэта гаварыць. Пакіньце мне хаця б лапік самапавагі. У нас з ім усё было проста цудоўна. Пакуль ягоная хвароба ўсё не сапсавала...

Перейти на страницу:

Похожие книги