Я няўважна павялічыла чырвоны спектр карцінкі, над якой працавала. Во так... Цяпер плакацік што трэба. Чарговае “спасібадзедузапабеду”. Сівы, але яшчэ крэпкі, ветэран, крамяны ўнучак у старой салдацкай пілотцы, якая неадменна прапахла порахам... Як жа афіцыёз губіць нат самае балючае і важнае. І ўражанне, нібыта акрамя апошняй вайны ў беларускай гісторыі нічога істотнага не здаралася. А калі войскі Менглі Гірэя альбо ваяводы Шарамецьева пад Менск прыходзілі, хіба менш мужнасці праяўлялі месцічы, баронячы горад, чым іх савецкія нашчадкі? Хіба менш жорсткімі былі ворагі? Ды ў летапісах толькі і чытаеш, як горад выразалі, пару дзясяткаў пакінуўшы. І абрыдзела мне гэтае постсаўковае “якую дзяржаву развалілі”. Вялікі Савецкі Саюз, разумеет. Бог ты мой, ды што такое семдзесят год існавання нейкай дзяржавы для гісторыі? Змірг павекаў. Былі цывілізацыі, якія існавалі тысячы гадоў - іхнія гарады занесла пяском і бляшанкамі з-пад кока-колы.

Я дадала блакітнага колеру ў вочы гераічнага дзеда. Цікава, мой прадзед, якога немцы спалілі разам з сям’ёй і ўсёй вёскай за дапамогу партызанам і які не дажыў да права на бясплатны праезд і каўбасу сыравэнджаную “Маскоўскую” ў спецзаказах, таксама, здаецца, быў блакітнавокі. Адзіны фотаздымак чорна-белы, але вочы прадзеда светлыя-светлыя. Нібыта ззяюць...

Як у таго таямнічага Люцыяна Станіслававіча Корвуса.

Не, пра гэта я падумаю пасля... Пра Корвусаў, мёртвых і ўваскрэслых... У мяне вось незразумела чые вочы - нешта сярэдняе паміж брунатнымі і зялёнымі.

Гісторыю пішуць пераможцы. Дакладней, ацалелыя. А ў штабістаў ды каптэнармусаў куды болей шансаў перажыць вайну, чым у якога пехацінца. Чым далей, тым больш стракаты кантынгент тых, хто абазначаецца словам “ветэран”. Бабуля расказвала, у нашым доме калісь жыў дзед па мянушцы Сліва. Празвалі яго так за адпаведны колер носа. Высокі, худы, змрочны, маўклівы, але трымаўся заўсёды прама, з вайсковай выпраўкай. Не прасыхаў, вядома. Жонку лупіў. Дзеці яго дражнілі, дзверы кватэры скрэмзвалі непрыстойнымі надпісамі. Але кожны год на Дзень Перамогі Сліву запрашалі ў школу. Ён прыходзіў цвярозы, урачысты, але з нейкім адценнем няўпэўненасці. Расказваў пра візіты ў партызанскі лагер. І як немцы скідалі з самалётаў пустыя каністры, і тыя свісталі больш страшна, чым сапраўдныя бомбы. Калі Сліва памёр, пайшлі размовы, што быў ён энкавэдыстам і шмат “ворагаў народу” ўласнаруча пастраляў. Таму і піў.

Я дадала на плакацік духапад’ёмны лозунг і адправіла начальству. Гэта яшчэ нічога, шэсць балаў па шкале агіды. Вось калі ў нашай транспартнай газетцы вырашылі рабіць рубрыку для аматараў садоў-гародаў, я намучылася. Усё патрабавалі ілюстраваць, а для мяне дасюль слова “мульчыраванне” гучыць, як цытата з шумерскага пісьма без перакладу. Помню, чытала ў паласе артыкул пра малінавых даўганосікаў. Фантастыка! У даўганосікаў ёсць галаватрубка (мутанты). Выбіраюць для харчавання кветкі толькі мужчынскага тыпу, а жаночых пазбягаюць (і каментаваць не хачу). Маладняк адпраўляюць зімаваць у халодную глебу (суровае юнацтва). Хоць фанфік пішы.

Цікава, а кветку чырвоны дракон, альбо магрэтку, у нас хто-небудзь вырошчвае?

У пакоі з маніторамі зноў надрываўся гурт “Любэ”, распавядаючы штосьці пра расейскія бярозкі. Смярдзела чыпсамі са смакам курыцы. Значыць, дзяжурыць мент Паша. На маніторах відэаназірання соўгаюцца людцы. Шэрыя. Бляклыя. Жывыя нябожчыкі. Мае браты і сёстры. Такія ж, як я.

Гарадскі тэлефон заверашчаў, быццам хтось укусіў яго за шнур.

- Ірына Максімаўна, з вамі хоча гаварыць дырэктар. З’ядноўваю.

Голас сакратаркі быў надзвычай падобны да таго, што час ад часу абвяшчаў “Отойдите от края платформы”.

- Ты што вытвараеш? Я цябе пашкадаваў, пакінуў на працы, пад нагляд добрых хлопцаў прыстроіў... А ты мяне падставіла!

Доктар Зло разышоўся не на жарт. У мяне пад лыжачкай заварочаўся халодны слімак. Мы ж усе такія, напужаныя... Кожнаму бюджэтніку ўбілі ў галаву: вытураць з працы, і прападзеш, як рудая мыш. Здаецца, без гэтай працы, хоць ты яе ненавідзіш, жыццё закончыцца. А што можна іншую пашукаць, і, магчыма, лепшую - думка не заходзіць.

- А што такое, Вячаслаў Мацеевіч? Я ж нічога не зрабіла кепскага...

А галасок мой дрыжыць. І падумаць толькі, збіралася калісь маляваць карціны ў стылі Бэнксі, тусавацца на Елісейскіх палях і чхаць на філісцёраў усіх нацыянальнасцяў.

- Што за гешэфты з правінцыйнымі бэнээфаўцамі? Сталічных мала? Што ты там наабяцала цётцы са Старавежска, як яе там, Арыядна Мартынаўна Падпека? Які музей раскрадаюць, якія пікеты?

Я з цяжкасцю сабрала думкі ў больш-менш завершаную ікебану. Ну бібліятэкарка, ваяўнічы верабей... Да майго рэдактара дабралася. З напамінам, што ягоная падначаленая абяцала падтрымку ў аднаўленні гістарычнай справядлівасці. Дык дзе ж тыя матэрыялы пра стварэнне музея слыннага доктара Корвуса? А калі іх не будзе, мясцовыя змагары за праўду пяройдуць на іншыя метады, а ўвесь свет дазнаецца наконт прадажнасці газеткі...

Перейти на страницу:

Похожие книги