А чаму мне мусіла быць сорамна? У Мацея ў любым выпадку застанецца прэстыжная праца, слава, грошы. Урэшце, невядома, наколькі ягоная апантанасць мною праўдзівая. Я ж для яго яшчэ са школы - прыз. Пацвярджэнне статусу. Дзяўчынка, якая насміхалася і грэбавала. А ён яе дабіўся.
- Мне т-трэба яшчэ які рукапіс твайго доктара Люцыяна мець, - змрочна прамовіў Мацей, чамусьці не спяшаючыся радавацца маёй міласці. — На гэты раз - чытэльны.
У маёй душы не проста птушка радасці ажыла - а рознакаляровыя калібры затрапяталі крылцамі над слоікам нектару. Ёсць надзея... Ён зробіць. Ён такі, упарты....
- Паехалі ў пятніцу са мной у Старавежск. Сам падбярэш, што трэба.
Я адчула сябе дасведчанай шпіёнкай. Нікому ў галаву не прыйдзе, што планую сустрэцца з былым мужам, раз еду з актуальным каханкам.
- Гэта ж д-дзеля яго, дзеля К-корвуса?
Шэрыя вочы Мацея былі зусім хворыя. Вочы, якія я так часта бачыла побач, прачынаючыся, і ведаю кожную зморшчынку ля іх.
Але ж узор на шпалерах над сваім ложкам я ведаю яшчэ лепей. Шафа, збор твораў Картасара, Мацей Саламярэцкі з ноўтам на каленях... Фон, на якім цеплілася маё жыццё - нецікавае мне самой... Пакуль не гукнуў маё імя Белы Трактарыст.
Мне належала ўсміхнуцца і супакоіць Салому. Але я маўчала, і калібры патроху бляклі, шарэлі і падалі ў сухую траву. Мой позірк быццам дажджом прыбіла да асфальту, на якім была намаляваная белая тлустая паласа, але незразумела, з якога боку ад яе можна ісці, не баючыся патрапіць пад колы.
- Не п-пераймайся. Ты ўсё роўна маніць не ўмееш. Дык і не т-трэба. Зраблю, што магу. П-паедзем у Старавежск, я машыну сваю ўжо забраў.
Зноў моцна заікаецца... Які горкі голас... Быццам палын, што вырастае на падмурку разбуранага дома.
Усё будзе, як раней... Нічога не будзе, як раней.
Што я раблю? Што я ведаю? У што веру?
Ведаю - Корвус у небяспецы. З-за сваёй клятай спадчыны. Дзед Віталя, той самы Люцыян Станіслававіч, герой арыджынала “Апошні прытулак”, здаецца, усё ж зрабіў небяспечнае акрыццё. Магчыма, псіхатропнае рэчыва. І нейкія магутныя сілы (хто канкрэтна, мне лепш не ведаць), упэўненыя, што дзед перадаў рэцэпт у спадчыну ўнуку разам з усім астатнім.
Віталя ледзь не забілі. Падрабязнасці раскажа пасля.
Мусіў хавацца за мяжой, але ўжо не паспявае замятаць сляды.
Пераследнікі паведамілі: атрымаюць рэцэпт - назаўсёды пакінуць у спакоі. Вось і прыехаў, каб разабрацца. Бо вырашыў, што сакрэт у чорным сшытку, які разам з некаторымі іншымі паперамі яму калісь аддаў дзед на захаванне. Сам Віталь не мог даць рады ў расшыфроўцы і падкінуў сшытак назад. Хай забіраюць, хто захоча... Яны ж там усё ператрасаюць час ад часу.
Не дапамагло... Сшытак не забралі. Пакінулі на самым відочным месцы. Відаць, не змаглі прачытаць і падумалі, як і мы, што гэта проста гульня. А можа і адмысловы здзек. Якая сур’ёзная праца будзе выглядаць, як ілюстрацыя да кампутарнага квэсту?
А тут цётка мар’інагорская, адзіная сувязь з мінулым, паведаміла, што я еду па спадчыну... Што не веру ў яго смерць, бо пабачыла і пазнала. І Корвус не мог утрымацца, прыехаў... Прыдумаў трук з рэкламнымі абвесткамі...
Вядома, калі я пачула пра кляты сшытак, адразу ўспомніла пра Мацея. Тым больш сам сшыткам зацікавіўся, і досвед мае ў такіх квэстах. І, аказваецца, ягоная айцішная кампанія настолькі крутая, што Корвус і пра яе чуў, і пра цуд-праграму.
- Павер, ты мне жыццё перавярнула... - шаптаў Віталь голасам, якім не маняць. - Я б з’ехаў назусім, схаваўся - але не магу без цябе. У мяне за гэтыя сем гадоў нікога іншага не было. А каб застацца з табой - трэба пазбавіцца пагрозы.
Нашае спатканне ў Старавежску, пад наглядам гіпсавых гномаў з вампірскімі ўсмешкамі, было абрывістым, быццам сонечным днём едзеш па прысадах, і сонца выглядае між чорных сілуэтаў дрэў, і слепіць цябе да млосці чаргаванне святла і ценяў...
А, так, па пысе я яму заехала. І не адзін раз. За сем гадоў гора. Ён толькі жаласна ўздыхаў, не спрабуючы адсунуцца ці прыкрыцца. А я заўважала ягоныя шнары - адзін забягаў па запясці ў рукаў, другі паказваўся з-пад барады... Ён праўда патрапіў у аварыю... Мог загінуць...
Тая кабета ў метро, цыганка, мусіць, нагадала правільна, што лёс мне цалавацца з нябожчыкам.
Дарэчы, Віталь запэўніў, што ніякіх фанфікаў пра дзеда не піша. Ён увогуле мала пра яго ведае. І лепш бы не ведаў ніколі...
У фанфіках пра патраплянцаў часта сустракаецца няўмелы прыём: сяджу я, фікрайтэрша, нікога не чапаю, раптам бац - цямнее ў вачах, я падаю, стукаюся галавою і прачынаюся ў целе Гары Потэра. Альбо Герміёны Грэйнджэр. І панеслася... Бо патраплянка, вядома, усё пераробіць на свой капыл, каго трэба, пакарае, каго хоча, спакусіць.
Можа, і Корвус - ужо не той Віталь, які вучыў мяне спяваць калядкі, а нейкі падсяленец? Альбо я, калі пастараюся, успомню сябе сапраўдную, якую закінулі ў гэты нязграбны фанфік, у якога нават беты няма...