- Ты шмат зрабіў... - тонкая рука пагладзіла яго па паголенай шчацэ. - Колькі табе з-за мяне перапала... Калі адцягваў на сябе ўвагу, спецыяльна злаваў следчых... А каб ты зламаўся, распавёў пра нашых нелегальных пацыентаў - усё намі перажытае страціла б цану. Ведаеш, некаторыя з тых, з кім я сядзела, кажуць, лепш усё забыць, - Жэнька апусціла сівую галаву. - Выкрасліць з памяці. Пачаць жыццё нанова. А мне здаецца, гэта несумленна. Як я магу забыць васьмідзесяцігадовую бабку, якую вадзілі кожны дзень на допыты і збівалі гумавымі палкамі, каб нагаварыла на кагось са сваякоў? У яе ўсё цела было сінім. Калі я забудуся на яе і на тых, хто яе збіваў, - гэта будзе паўтарацца, бо каты і іх наступнікі ўпэўняцца: нічога ім не пагражае, а значыць, усё правільна. І я баюся, баюся забыць... І баюся насіць з сабою ў памяці...

- Распусці валасы... - раптам папрасіў Корвус. Яўгенія трохі прамарудзіла і пацягнулася рукой да вузла на патыліцы. Белыя пасмы ўпалі на плечы.

- Ты проста казачная прынцэса!

Ён асцярожна крануў гэтую бель.

- Здымі швэдар, Магістр... - яна не папрасіла - загадала. Ён паслухмяна сцягнуў праз галаву свае вязаныя “даспехі”, застаўшыся ў белай кашулі, і цярпліва замёр пад вывучаючым позіркам. Жэнька павольна расшпіліла на ягонай кашулі верхні гузік, яшчэ адзін, агаліўшы ключыцу.

- Я памятаю, як у цябе з’явіўся гэты шнар...

- А я памятаю, як у цябе з’явіўся гэты...

Корвус крануў пальцам белы пасак ля краёчка яе рота.

- Нашы целы - як дзённікі, перажытае запісана на скуры...

За вакном зашамацеў вецер, быццам віж прабіраўся бліжэй да шыбы, за якой стваралася штось неналежна вольнае і светлае.

- Я не змагу нарадзіць дзіця, - горкі шэпт. - Ты мог бы з іншай... Тая сінявокая дзяўчыначка, Ліза... Яна так на цябе закахана пазірае...

- Гэта мы яшчэ паглядзім, пра дзяцей, - абарваў Корвус, цалуючы шыю сваёй Гаёўкі. - Я ж навуковы канкістадор, як мяне празвалі ў інстытуце. Вунь магрэтка чароўная дапаможа... А не атрымаецца - пражывем удвох... Доўга і шчасліва.

- Можа, нядоўга. Можа, не заўсёды шчасліва. Але ўдвох.

...Пад мікраскоп быў падкладзены яшчэ нечытаны часопіс “Новый мир”. Гэта было няправільна, але гаспадар мікраскопа і часопіса славіўся сваёй апантанасцю падчас навуковых доследаў, ясна, што пад руку трапілася - тое і скарыстаў. Вока да акуляра, вусны падціснутыя, адна рука падкручвае колца прылады, другая спрабуе штось накрэмзаць на верхнім аркушы ў россыпе скрэмзаных, да таго ж захляпаных нейкімі рэактывамі і расчыннямі.

- Люцыян, хопіць! Пайшлі вячэраць!

Прыгожая, як кіназорка, жанчына ў бумазейным зялёным у белыя гарохі халаціку, цёмна-каштанавыя валасы, на карэньчыках якіх здрадліва паблісквала сівізна, заплеценыя каронай, ласкава правяла даланёй па напятай спіне даследчыка.

- Жэнька, ты не ўяўляеш... Гэта сапраўды выклікае паскораную рэгенерацыю клетак. Калі трохі павялічыць канцэнтрацыю... Ды каб абсталяванне сучаснае... Як прыедзем у Ленінград, першай справай у лабараторыі паўтару гэты дослед.

Мужчына мармытаў, не мяняючы позы.

- Магістр, ахалонь! - жанчына ўскудлачыла чуб мужчыны - скроні ў яго сівыя, але залысін няма, валасы светлай густой хваляй падаюць на лоб з невынішчальнай пячаткай вышэйшай адукацыі. - Калі ты так зацяўся з-за мяне... То супакойся: мой выпадак безнадзейны. Рэпрадуктыўная функцыя страчаная незваротна.

Апошняя фраза прагучала з выпакутаваным спакоем. Даследчык адразу павярнуўся і прытуліў жанчыну да сябе, прыціснуўся шчакой да яе жывата.

- Ніколі не гавары так. Я веру, што нават смерць не з’яўляецца незваротным працэсам.

- Самы раз з такімі думкамі - у Наўе, да айца Серафіма па духоўныя настаўленні... Ці лепш да ксяндза Станіслава? Кім хочаш быць - каталіком ці праваслаўным?

Жанчына гаварыла жартам, але мужчына адхінуўся, не выпускаючы яе з абдоймаў, і адказаў вельмі сур’ёзна:

- Вечны выбар беларуса. Здавалася б, на фоне ваяўнічага атэізму павінны суціхнуць спрэчкі... Аж не. Баба Параска на бабу Ядзвігу: “Пшэчка!”, тая на яе - “Маскалька!” А абедзва спаконвек беларускія сялянкі, сем’і цераз адзін плот два стагоддзі ўжо лаюцца. Маці хрысціла мяне ў праваслаўе. Там і застануся. Не ўсё, што я назіраў за жыццё, усоўваецца ў матэрыялізм, Гаёвачка.

- Глядзі, Корвус, пры старонніх такое не ляпні, - трывожна прамовіла кабета. - Пайшлі, бульба стыне... Ноч на двары.

Але гэтаму сямейству не суджана было мірна павячэраць. У шыбу хтосьці пастукаў. Па-добраму, папярэднічаць гэтаму мусіў сабачы брэх. Але гаспадары не жадалі трымаць на ланцугу нават сабаку. А зачыненая брама і плот для начнога госця, падобна, не былі перашкодай.

У сенцы ўваліўся чалавек у чорным паліто і картузе з нізка апушчаным казырком, з кульбачкай, на якую моцна прыпадаў.

- Стахевіч! - узрадвана ўскрыкнула жанчына. - Як я рада, што вы жывы. І нават ходзіце...

- Хаджу... - адвёў вочы госць. - Дзякуючы вам. І жывы, дзякуючы вам. І вось... Зноў трэба дапамога.

Перейти на страницу:

Похожие книги