- Але перашкаджаць ім сапраўды не варта, - спакойным тонам зазначыў Уладзімір. - Так што вяртацца ў Кіеў не збіраюся. А геолагі трэба паўсюль.

Ціканне ходзікаў пункцірам пракрэслівала цяжкое маўчанне. А зусім разбілі яго дзверы. Расчыніліся з грукатам, нібыта ўпускалі разбойніцкую гурму. Але насамрэч у пакой забегла невысокая дзяўчына ў плюшавым палітончыку і белай пуховай хустачцы. Ясныя сінія вочы, шырокія выліцы, ружовыя шчокі... Хоць зараз на плакат. Праўда, для жыццярадаснага плакатнага тыпажу патрабаваўся кірпаты задзірысты носік, а ў госці нос быў танкаваты і нават з гарбінкай.

- Люцыян Станіслававіч, даслалі адказ на запыт! Пра вашу знаёмую!

Знаўца голаду і пелагры неяк вельмі хутка і зграбна пасунуўся наперад, быццам на хвілю з-пад засяроджанага аблічча паказаўся дужы драпежны звер, прагна выхапіў складзены аркушык з рук дзяўчыны.

- Дзякуй, Лізанька!

Суровы твар мужчыны палагаднеў, вочы хутка бегалі па радках. Худыя шчокі паружавелі, як ад ліхаманкі.

- Яна ўвесь год была побач, у Хантлагу. Каб жа я ведаў! А ў наступны чацвер яе выпускаюць! - голас Люцыяна Станіслававіча трымцеў ад радаснага хвалявання. - Амністыя. Якраз паспею дабрацца да лагера...

Дзяўчына радасна ўсміхнулася, але неяк адразу пасумнела. Сінія вочы зірнулі няўпэўнена.

- Вы ж вернецеся сюды, доктар?

Мужчына няўважна кінуў, думкамі ў іншым.

- Не ведаю, Лізанька... Я даўно ўжо выракся штось планаваць.

Чарнабароды геолаг раптам пляснуў у ладкі, усміхнуўся шырокімі вуснамі:

- Слухайце, таварыш Люцыян, гэта трэба адзначыць! І амністыю, і ўсе перамены... Дзе вы трымаеце спірт?

Доктар нейкі час марудзіў, а потым махнуў рукою:

- Ат, давайце... Экстраных выпадкаў няма, цьху-цьху... Абход увечары Анціпаўна правядзе. У мяне дзесьці сухары яшчэ былі, і нават скрылёк сала.

З абдоймаў змятай, у тлустых плямах “Праўды” сапраўды дастаўся бела-ружовы скрылёк памерам з партсігар.

- Ого, адкуль такое багацце, доктар? - галодна выскаліўся геолаг.

- Той паляўнічы прынёс, у янотавай шапцы, якога я ад заікання вылечыў, - трохі збянтэжана патлумачыў Корвус. - Вы ж ведаеце, я ў хворых нічога не бяру. І яго адправіў з норкавымі скуркамі... А тады агледзеўся - ляжыць скрутак на падваконні. І пахне... Большую частку аддаў людзям, але зграшыў. Пакінуў для сябе лустачку.

Хутка на стале, з якога прыбралі манаграфію пра наступствы голаду, апынуліся тры алюмініевыя кубкі ў кампаніі са згаданымі сухарамі і танютка парэзаным салам на парцалянавым сподку, прыкрашаным чырвоным пеўнікам. За вакном загуў восеньскі сібірскі вецер, сціскаючы ў няветлых абдоймах арабіну, на якой крывавых гронак засталося больш, чым рудога лісця.

- Ну, за волю! - падняў свой кубак чарнявы сіваскроневы Уладзімір.

- За справядлівасць! - строга дадала Ліза. - І маглі б наліць мне больш за чайную лыжку. Пакуль зімой з пасёлка сюды, у санчастку, дабягу, скалею часам так, што толькі глыток спірту ратуе.

Сказана з выклікам, на хмыкание - маўляў, маладая яшчэ вадкі агонь ужываць.

- За тых, хто не дажыў... - ціха прамовіў Люцыян Станіслававіч і кульнуў свой кубак, нібы берсерк перад бойкай адвар з мухаморчыкамі.

- Дзіўна нам будзе, мясцовым, калі вы ўсе з’едзеце, - задумліва прагаварыла расчырванелая Ліза. - Мы прывыклі, а калі ўдумацца... У маленькім сібірскім пасёлку ў доме культуры вядзе гурток заслужаная артыстка, у бальніцы прымае хворых не проста доктар, а доктар навук, у школе выкладае сапраўдны пісьменнік, а ў канторы налічвае працадні прафесар эканомікі. Вы ведаеце, Люцыян Станіслававіч, вас завуць Чараўніком з Затокі.

- Экзатычныя птушкі ў клетцы... - прамармытаў доктар. - Ці перамруць, ці разлятуцца. Нічога, Лізанька, затое колькі ў вас цікавых знаёмстваў бу­дзе па ўсім Савецкім Саюзе! На вашу дабрыню ніхто не забудзецца. Калі я ўсё-ткі вярнуся да даследаванняў... - у Корвуса ажно голас сарваўся ад такога яшчэ нядаўна фантастычнага ўяўлення, - дапамагу вам паступіць у медінстытут. Спадзяюся, не ўсе мае былыя калегі... скурвіліся.

- Дзякую, Люцыян Станіслававіч! - Ліза круціла ў пальцах сухар, так і не надкусіўшы. - Але гэта наўрад. Паходжанне ў мяне не тое. Уладзімір Пятровіч вунь ведае, ён даўжэй за вас тут... - кіўнула дзяўчына ў бок чарнявага, трохі прамарудзіла, але працягнула прызнанне. - Мае бацькі прыехалі сюды яшчэ ў дваццаць сёмым. Бацька быў начальнікам аховы партыі зняволеных, а маці - адной са зняволеных. Ён - з вёскі на Пскоўшчыне, а яна - графіня. Сапраўдная. З Ленінграда. Генрыета Бястужава-Штольц, - іранічна працягнула арыстакатычнае імя дзяўчына. - У мяне, дарэчы, нос - як ва ўсіх гэтых граф’ёў на партрэтах, пачынаючы з чатырнаццатага стагоддзя. І вось - тайга. Партыя контррэвалюцыянераў. У асноўным - раскулачаныя. Пры іх ахова. А тут нічога няма. Трэба будаваць жытло. Здабываць ежу.

Ліза абвяла пальцам валошку, вышытую на абрусе.

Перейти на страницу:

Похожие книги