Я гляджу на сваю руку… На парце рука школьніка, зацягнутая цёмна-сінім рукавом школьнай формы. Люстэрка побач няма. Бяру заплечнік, скідаю туды падручнікі, пенал, а затым, крыху падумаўшы, дастаю ручку, хаваю яе ў кішэню. Я паднімаюся, іду да выхаду з кабінета… Ах, наш стары клас, з раслінамі ў кутку, плакатамі пад шклом. Пах вільготнай, як ламанцін, дошкі, стаптаны лінолеўм, жудасныя бальнічныя лямпы на столі, рудыя плямы на шпалерах. Паламанае крэсла, ляжыць мёртвым целам на змятым самалёціку, зробленым з сшыткавага лісціка. Вось і вялікае, трэснутае люстра ля абшараванага ўваходнага партала, які быццам абліты шараватай, некалі белай, эмаллю. Гляджу на сваё адлюстраванне. Зблытаны чуб, сіняя кашуля васьмікласніка, але праніклівы погляд дарослага чалавека. Зрэшты, у мяне ўжо быў глыбокі позірк у тыя гады.
Выходжу ў школьны калідор. Шум галасоў — дзясяткаў калі не сотняў. Паўзмрок, зняволеныя школьнай папраўчай установы, храма ведаў фармальна, фабрыкі дзіцячых траўмаў на палях рэальнасці. Дзіцячая агрэсія — безупынная і бязлітасная. Бясконцы, страшны сон дзяцінства і юнацтва, які трэба, калі можна так выказацца, пераспаць. Так выкоўваюцца дарослыя людзі, душа якіх поўная незалечаных ран: прабачце за прэтэнцыёзнасць. Этапы школьнай сацыялізацыі — усходы ў царстве Аіда. Хаця, ёсць асобныя індывіды, якім пашанцавала больш. Яны любяць школу, а школа iх.
Ну а вось ён, Святаслаў.
— Слава, — паклікаў я.
— Чаго табе? — адазваўся чорнавалосы хлопчык, з калючымі вочкамі.
У вачніцы быццам былі ўстаўлены цёмныя шарыкі оніксу. Ён прыкладна майго росту. Хуліган, але ў адрозненне ад мяне з поўнай сям'і. Ягоны бацька прадпрымальнік, як і мой. У нашай элітнай школе гэтая норма.
— Я б хацеў, каб ты перастаў лезці да мяне на перапынках.
— Хм… Яшчэ чаго? — выпаліў Слава. — Я раблю, што хачу.
— Ты бачыш, дружа, — мае словы былі цвёрдыя як панцыры смаўжоў, — табе падабаюцца бойкі, а мне не, я ўжо занадта дарослы для гэтага. Ты прыходзіш да мяне і штурхаеш, я штурхаю цябе, мы быццам бы квіты, але ты ад гэтага атрымліваеш задавальненне, а я не.
Пасля гэтых слоў Слава як быццам умёрз у абшарпаную, светла-карычневую падлогу нашага школьнага калідора, свідруючы мяне сваімі вострымі вачыма-кінжаламі. Яшчэ пару імгненняў і аднакласнік кінуўся наперад. Я штурхнуў тулава адстаўленай назад нагой, папярэдне крыху прысеўшы. Правая нага пракручваецца на пальцах. Мае плечы мяняюцца месцамі: левае назад, правае наперад. Ударная рука вылятае да суперніка з максімальнай хуткасцю, я дакручваю шчыльна сціснуты кулак, пакуль левая засланяе падбародак. Як на малюнку, нібы ідэальны механізм, які выконвае адзіную задачу для якой ён створаны, ну вось як гэта робяць дзіракол і шчаўкунок. Пум! Мае косткі ўваходзяць у кантакт са сківіцай Слаўкі. У васьмікласніка невялікая вага, але пры такім тэхнічным удары гэтая вага ўлятае ў галаву ворага. Святаслаў падае на падлогу, а я гляджу на яго навюткія, аранжавыя красоўкі, якія адчайна выскокваюць з мяшка для зменкi.
Хлопец аглушаны, і па правілах бокса яму б залічылі накдаўн. Але, вядома ж, ён не скалануты па-сапраўднаму, бо вучань восьмага класа, выхаванец элітнай школы не самага маленькага горада, гэта яшчэ не чэмпіён свету па боксе ў суперцяжкай вазе, і не можа адправіць у глухі накаўт свайго маленькага таварыша па вучобе і даволi вялікага нягодніка.
І вось Слава ўжо хоча падняцца, хоць у вачах цень страху, аднак ён не зламаны цалкам — яшчэ не. Прага барацьбы яшчэ не пакінула майго жаданага апанента — усё яшчэ не. Ён павінен па-сапраўднаму спалохацца і ўсвядоміць, што цяпер ці ў будучыні, ад гэтага псіхаванага Тэта лепш трымацца далей. Я ніколі не рабіў з ім такога раней, але гэта яшчэ не ўсё — яшчэ не. Эх, калі б я ўмеў так біцца ў школе. Гады заняткаў не прайшлі дарма. Я выхопліваю ручку, якую раней схаваў у кішэню, і прыстаўляю яе да горла Славы.
— Яшчэ раз ты будзеш мне дакучаць і я ўскрою табе горла!
Вось зараз страх у вачах Славы дасягае апагею. На гэта можна глядзець вечна, як на працу старога, вадзянога млына на ўскраіне нашага горада. Прыбіраю ручку, а хлопчык паднімаецца з падлогі і галапуе на ўрок, я нават не ведаю на які. Яго штаны запэцканы калідорным пылам, ён атрасне штаны пазней. Атрасці пыл прыніжэньня са свайго эга яму будзе трохi больш складана, але паразіт заслужыў лупцоўку. Варта паглядзець на расклад. Таблiца на другім паверсе, побач з настаўніцкай, з пахкай прыбіральняй, з кабінетам літаратуры. А, зрэшты, хутка я вярнуся назад, можна проста прагуляць урокі — у гэтыя гады я быў прагульшчык.
Падарожнічаю ў сваё любiмае месца па рыпучых масніцах. Кут каля кабінета гісторыі. Там я часта хаваўся ў час прагулаў.
Ледзяное шкло аддзяляе мяне ад прасторы ўнутранага двара, у які загнана старая, абшарпаная калымага, а калісьці гэта было чымсьці накшталт школьнага аўтобуса. Я дакранаюся падушачкамі пальцаў да празрыстай лушчаковай перапонкі — цягучы холад акуратна кусае мезенец і ўказальны.