Я ішоў далей. Ноч стаяла светлая. Месяц выкаціўся на неба, але ў вёсцы было цёмна. Вуліца ўяўляла сабой штосьці накшталт яра, на дне якого ўздоўж адхонаў цясніліся хаты. Пад нагамі чвякала суцэльнае балота, з якога дзе-нідзе вытыркаліся, замест ходніка, камяні і дошкі. Відаць, па іх вяскоўцы скакалі і балансавалі, ідучы вуліцай. Я спачатку пераскокваў з каменя на камень, але бачачы, што гэта толькі замаруджвае шлях, боты ж і так меў заляпаныя, пайшоў проста пасярод дарогі. Быў здзіўлены, калі заўважыў, што лягчэй ісці тут, дзе лужыны; было менш балота. Таму шлэпаў напрасткі.
Ззаду, з цемры чуліся злосныя, усхваляваныя галасы. Нейкія людзі ляпалі ў вароты, дзверы і вокны, выгукваючы па імю:
Канец вёскі быў блізка. Мне рупіла акурат пра гэта. Я мог бы звярнуць управа або ўлева, але не хацеў выходзіць на невядомую мне мясцовасць. Ведаў, што на пагорку побач дарогі, паблізу вёскі, ляжыць ва ўпадзіне вялікі камень — даволі зручнае месца для абароны. Я прыкінуў — мясцовыя сяляне маглі мець агнястрэльную зброю, якой даволі шмат накралі і пахавалі падчас вайны і рэвалюцыі. У кожнай вёсцы можна было знайсці некалькі, а можа, і дзесяткі абрэзаў.
Калі выйшаў за вёску, ззаду паўмесяцам атачыў мяне густы ланцуг сялян. Імкнуліся перарэзаць мне дарогу. Пачуліся галасы: «Гэй, ты! тамака! Чакай, ну!» Я крочыў усё хутчэй. Дабраўся да каменя. Развярнуўся да маіх пераследнікаў і некалькіх разоў стрэліў з браўнінга і парабелума. Чакаў адказу, але ніводны стрэл не пачуўся з іхняга боку. Заўважыў у полі толькі адзінокія постаці сялян, якія давалі лататы да вёскі.
Я прыкмеціў даўно, што сяляне жорсткія і любяць здзекавацца з палонных — злодзеем або якім-небудзь бандзюком-уцекачом, асабліва калі іх шмат, а ахвяра слабая і безабаронная. Але яны вялікія баязліўцы, калі сустрэнуцца з сілай, адвагай, упэўненасцю ў сабе. Умеюць альбо здзекавацца, калі іхняя перавага відавочная, альбо подла выцікоўваць, як бы ўкусіць, калі адчуваюць хоць бы найменшую рызыку. Прыніжаюцца і агідным чынам ліслівяць моцнаму, нават тады, калі той ад іх анічога не патрабуе і калі гэта ні да чаго не прывядзе.
У Воўкаўшчыне я вырашыў выспацца. Пачаставалі мяне, як звычайна, яечняй, якая сёння мне падалася выключна смачнай. Калі ўсе разышліся, пачаў, нягледзячы на стому, пісаць
Дзесяць дзён таму, перш чым пайсці за мяжу, бачыў цікавы сон. Я стаяў самотны адзінокі на шырокім полі, свежа заараным у вялікія цёмныя скібы. Зямля была чорная. Неба нада мной шэрае, каламутнае і толькі ў адным месцы над небакраем было трохі яснейшае. Тая светлая паласа пашыралася ўсё больш і больш — быццам паўзла ўгару і раптам, нібы з нейкай ямы, выплыў месяц. Вялікі, светлы. Падымаўся ўгору вельмі хутка. Спыніўся. Раптам я заўважыў, што месяц мае чорныя вусы, закручаныя ўверх а-ля Вільгельм ІІ, чорныя вочы і бровы. Я здзіўлена пазіраў на гэтую праяву. Месяц жа са злосцю глядзеў мне ў вочы, пагрозліва моршчыў лоб і сцягваў бровы. Было мне цяжка. Пачуваўся адзінокім і безабаронным. Калі прачнуўся, засталося ўва мне пасля сна нейкае непрыемнае пачуццё. «Напэўна, гэтая выведка не пройдзе мне шчасліва, — падумаў я. — Здарыцца бяда». Быў амаль упэўнены ў гэтым. Але, уявіце сабе, усё мне спрыяла. Я зусім не блукаў. Ніякіх перашкод не меў. У Менску, Гомелі, Бабруйску ўсё было нармалёва. Вярнуўся таксама шчасліва. Вось вам і сны.
У Гомелі апынуўся на невялікай гулянцы, зразумела з самагонкай, за якую плаціў я. Было там некалькі вайскоўцаў, двое цывільных — савецкіх чыноўнікаў — і тры жанчыны, супрацоўніцы нейкай савецкай установы. Пілі і жартавалі, не саступаючы мужчынам, і паводзілі сябе больш пахабна, чым вулічныя дзеўкі. Заўважу, што гэта быў дзень нараджэння майго асведамляльніка. Вось там, «у сваім коле», пачуў новыя куплеты, якія даволі добра спяваў адзін з вайскоўцаў. Прывяду тут строфы, якія засталіся мне ў памяці:
Надта выхвалялася спевам (больш не мела чым) адна з сябровак; брыдкая, па-мужчынску астрыжаная і якая на 90 працэнтаў нагадвала мужчыну. Спявала пад акампанемент гітары