У гэтай Лёлькі я, сам таго не жадаючы, забіў вожыка. Яна па ім гэтак плакала і мне самому зрабілася вельмі шкада ні ў чым непавіннага звярка. А здарылася наступнае. Пасварыліся мы з-за драбязы, з-за поўнага глупства. Яна ў пасцелі пачала дэманстраваць ногі, залётна пытаючыся: «Ну як, прыгожыя?» Я скрывіўся: «Што тут прыгожага? Лапы як лапы». Яна ў адказ засмяялася і спытала: «А чаму так ты горнешся да іх?» Не ведаю чаму, але гэта мяне раз’юшыла. Слова за словам — пачалася сварка. Сказаў ёй штосьці крыўдлівае. Страшэнна абурылася і пачала спіхваць мяне з ложка. Я устаў, сцягнуў коўдру, разаслаў яе на падлозе, паклаў пад галаву некалькіх кніг і накрыўся сваім плашчом. Амаль заснуў, калі пачуў, што каля мяне штосьці поўзае і варушыць плашч; памацаў — вожык; калючы, зараза. Адпіхнуў яго. Зноўку лезе... Быў гэта спешчаны ўлюбёнец Лёлькі. Я раззлаваўся; намацаў на падлозе Лёлькін чаравік і некалькі разоў стукнуў у цемры наўздагад, хочучы адпудзіць вожыка, каб не перашкаджаў мне спаць. Аніяк не меркаваў, што можна такім чынам яго забіць. І ніколі б гэтага не здарылася, калі б небарака не верыў залішне людзям. Не згарнуўся ў клубок і, відаць па ўсім, адзін з маіх удараў патрапіў яму ў нос. Раніцой я прачнуўся ад Лёльчынага плачу. Усхапіўся на ногі. Што здарылася? Гляджу, а вожык ляжыць лапкамі набок. Небарака спруцянеў. Я ніяк не мог суцешыць Лёльку. Мажліва, гэта быў адзіны, бескарыслівы ейны сябар. Мушу абавязкова даведацца, дзе можна купіць вожыка... Шкада Лёлькі, шкада і вожыка. Колькі благога людзі робяць жывёлам. Адны праз жорсткасць, другія здуру, іншыя праз няўвагу. Я люблю жыўнасць, і гэткае зверства над вожыкам адтрымалася выпадкова, ад няўважлівасці.
Трэці дзень у Лідзе. Паабяцаў братам Сноўскім прыехаць да іх і стрымаў слова. У Баранавічах было сумнавата. Лёлька ўсё плакала па Ерыку (так звала вожыка), а Палкоўнік і Уладзік усё імкнуліся адвесці мяне ў «лепшае таварыства», каб утаймаваць мае буянствы. А я гэтага не жадаю... Ісці да прыстойных дзяўчат, дык я не ўмею ні элегантна апранацца, ні казаць гладкіх фраз. Манеры мае жадаюць лепшага, магу на бяду ляпнуць такое глупства, што... ого-го! Навошта мне гэта?.. Не ўсе памяркоўныя... Таму сеў я на цягнік і гайдануў у Ліду.
Браты Сноўскія вельмі ўсцешыліся майму прыбыццю. Гэта мае выпрабаваныя сябры, а з Янкам я меў нават агульныя, даволі цікавыя прыгоды.
Бавімся цэлымі днямі, а потым ідзём на вячоркі, дзе збіраецца вясёлая, непрэтэнцыёзная моладзь. Калі занудзімся, выпраўляем настрой гарэлкай. Я заляцаюся да Гэлі, дачкі гаспадара, у якога яны жывуць. Частую яе цукеркамі, ходзім у кіно, чулліва сціскаю ёй ручку. І гэта ўсё — не ведаю навошта. Абы нешта рабіць, што робяць і іншыя.
Дні ляцяць. Толькі часам, як у дзікім карагодзе, перад вачыма праносяцца абрысы людзей «адтуль». Прыгадаецца мяжа, праца, якую неўзабаве буду працягваць. І зноў — піць, гуляць, пакуль жывы. У мяне неблагі голас, і я люблю спяваць. Часта, падпіты, бяру ў рукі гітару і спяваю песенькі — пераважна турэмныя. І не прыдуманыя шлягеры, але даўнія, які ўзніклі на катаргах, астрогах, цэнтралах. Заўважыў, што найболей мне падабаецца адна, некалькі пачатковых строф якой прывяду:
Калі быў п’яны, а слухачоў меў непераборлівых, спяваў так выдатна, што ўкладваў у выкананне шмат пачуцця. Гэлька захаплялася гэткімі песнямі і заўжды прасіла, каб я абавязкова перапісаў для яе адну, якая асабліва ёй падабалася