Я н (нечакана). Подпісы на ўказах не каралеўскія, хоць пячаткі і сапраўдныя.

С к а р ы н а. Мне так і падумалася...

Я н (знянацку). Курва!

С к а р ы н а. Хто?

Я н. Бона Сфорца Арагонская... Еду ў Кракаў! Разам з Раманам еду! Вазьму яшчэ адзін грэх на душу...

С к а р ы н а. Вазьміце і не пашкадуеце... Святы Пётр залічыць вам яго як подзвіг. Я ж у сваю чаргу пастараюся сваім лекарскім майстэрствам як мага

далей адцягнуць вашу сустрэчу са святым Пятром каля райскіх варот.

Я н ( па-свецку падаючы руку на развітанне). Калі б у вас, шаноўны, так ныла печань, як у мяне, вы не жартавалі б.

С к а р ы н а. Пазайздросціў лысы пляшываму...

Я н (Раману). Пашапчыся э дзядзькам, а я войта папільную. (Выходзіць і вяртаецца.) Наконт дзяцей, Францыск, не турбуйся - пры мне яны. (Зачыняе за сабой дзверы.)

С к а р ы н а (Раману). Каб не сутана, цаны б не было пану Яну. (Абдымае пляменніка. ) Ну што табе ўдалося? У каго быў? Каго бачыў?

Р а м а н. Пакуль чакаў біскупа Яна, усё зрабіў, як вы ў пісьме пісалі: наняў паверанага; з ім жа наведаў суд, дзе перад радцамі, войтамі і лаўнікамі заявіў, што з'яўляюся прамым спадчыннікам свайго бацькі Івана Скарыны, а доктар Францыск Скарына нічога не вінен ліхвяру Мойшу і што я за гэта магу не толькі паручыцца, але і ўступіць у спрэчку з самім ліхвяром. Па маім патрабаванні суд выклікаў

Мойшу старога, але ні ён сам, ні яго павераныя да ўстановы не з'явіліся. Тады я запатрабаваў ад суда прызнаць мяне паручыцелем і пасрэднікам свайго дзядзькі, а дзядзьку на падставе гэтага аб'явіць свабодным і з турмы вызваліць.

С к а р ы н а. Разумна.

Р а м а н. Суддзі абяцалі абмеркаваць гэта і даць адказ, але так і не далі. Тады я заявіў, што гатовы даць задатак за дзядзьку, і патрабаваў прызначыць суд для ацэнкі задатку. Больш таго, я сказаў, што разам з ацэненым задаткам гатоў быць

падуладным самім іудзеям аж да канчатковага вырашэння справы. А дзядзька, натуральна, павінен быць аб'яўлены вызваленым з турмы.

С к а р ы н а. Ты проста малайчына!

Р а м а н. Суд рашыў, а іудзей на задатак спакусіўся і праз свайго ўпаўнаважанага Якаба Бжоску атрымаў яго. Атрымаў і падаўся. Наш павераны

так і кажа: паколькі іудзей уступіў са мною ў судовую спрэчку і прыняў задатак ад мяне, а не ад доктара Скарыны, то сам доктар зрабіўся свабодным ад турмы.

С к а р ы н а. Цудоўна! Толькі чаму я ў такім выпадку тут?

Р а м а н. Чаго не ведаю, што не ведаю.

С к а р ы н а. У тым і справа, што мы не ведае, дзе сабака закапаны... Будзеш з епіскапам у Кракаве - вуха трымай востра і ні пры якіх абставінах нідзе і нікому, акрамя караля, не прызнавайся, што ты мне сваяк. Гульня наша з каралевай не на жыццё, а на смерць.

Абдымаюцца на развітанне.

Сцэна зацямняецца.

ХV

Кракаў. Чалавек у чорным і Бона.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Хто ўчора быў у караля?

Б о н а. Гаштольд і біскуп Ян.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Паасобку ці разам?

Б о н а. Паасобку.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А мне падумалася...

Б о н а. Але з Янам быў яшчэ і нейкі юнак.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Юнак?

Б о н а. Так.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Значыцца, здарылася горшае... Пра што гаварыў кароль з Янам і з юнаком?

Б о н а. Ён прымаў іх у спальні.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Які гонар! Які этыкет!

Б о н а. Хворы кароль мог прыняць сына і ў спальні.

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. А нейкага невядомага нам юнака?.. Пра што гаварылі?!

Б о н а. У спальню караля адзін уваход. Там няма вокнаў - кароль ратуецца там ад чужога вока і бяссонніцы...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Бона Сфорца Арагонская не мае доступу да каралеўскай спальні?.. І пры гэтым выхваляецца, што магла б паслужыць і

французскай каралевай.

Б о н а (аж ускіпае ). Санта Мадонна! Гэта ўжо праз край! Вы не лічыцеся са мною, як з каралевай, але не забывайце, што я яшчэ і жанчына!

Ч а л а в е к у ч о р н ы м (здзекліва). Жанчына, вам бы ведаць, што каралеўскі сынок Ян ратуе доктара Скарыну! Усе нашы старанні, даруйце, кату пад хвост! І цяпер яго вялікасць спытае вашу вялікасць за ўказы, падпісаныя ад яго імя...

Б о н а ( перапалохана ). Але да гэтага часу ніхто не мог адрозніць мой подпіс ад каралеўскага!..

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Да гэтага часу...

Б о н а. Вы палохаеце мяне, майстар?!. Пры чым тут доктар Скарына? Епіскап Ян не так ужо рэдка пакідае Вільню і прыязджае ў Кракаў...

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. Кучар епіскапа сказаў, што яны прыехалі з Познані, дзе святы айцец наведаў бурмістра, суд і турму!

Б о н а. Санта Мадонна! Калі ў вас кучар ведае больш, чым каралева, наступны раз пытайцеся ў кучара і пра караля!

Ч а л а в е к у ч о р н ы м. У біскупа свой кучар, у караля свой, а калі каралева не давярае свайму кучару, то няхай ходзіць пешкі. ( Знікае.)

Бона доўга глядзіць услед Чалавеку ў чорным.

Сцэна зацямняецца.

XVI

Познань. Гарадскі суд - бурмістр Скаргардыян, Войт, радцы і лаўнікі. У пакоі епіскап Як, павераны Скарыны Мацей Лонгій і пляменнік Францыска Скарыны Раман. Вартаўнік прыводзіць Скарыну. Ён усё ў тых жа лахманах.

С к а р г а р д ы я н. Падыходзьце бліжэй, падсудны...

С к а р ы н а. Я не падсудны, хоць і закаваны, а таму пратэстую!..

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Все книги серии Заслона

Похожие книги