Хто з галінак складае свой дом,

Хто ня схібіць у справах ніколі.

Гэты мудры, стары запавет

З малаком мы ўсмакталі аднойчы.

І на гэтым стаяцьме наш сьвет.

І глядзець нам ня сорамна ў Вочы.

ЗАКНЁНАЯ ПРАСТОРА

Вітраж з восеньскай лістоты

прапускае сьвятло толькі патрэбнага колеру:

жоўтае й чырвонае

чырвонае й жоўтае

але йдзе час

і чым менш застаецца ў восені дзён

тым больш цьмянеюць шклінкі-лісьце

тым больш яны пакрываюцца пылам-шэраньню

тым хутчэй памірае знаёмы малюнак

і калі, здаецца, наўкол вось-вось павінна

ўсталявацца цемра

праз голую раму на голую зямлю

абрыньваецца сьляпучае сьвятло

і ты зноў пачынаеш марыць

пра жоўта-чырвоны вітраж

пра сваю замкнёную прастору

* * *

За хмызамі, за лясамі,

Між балотаў і лугоў

Рай птушыны захаваны

Ад хвароб і ганчакоў.

Там ня думаюць пра крыўды,

Там ня клянчуць медзякі,

Там не падразаюць крылы

І ня мнуць слабым бакі.

Вы спытаеце, напэўна:

Як патрапіць ў гэты рай?

Вам жаўрук адкажа сьпевам.

Вам пакажа шлях ручай.

ДЗІЦЯЧЫ ВЕРШЫК

Чыж

аблюбаваў Парыж.

Шпак

марыць пра Ірак.

Журавель

паляцеў ў Брусэль.

Варона

сьцягнула карону

з ангельскага трону.

Бугай –

сэпаратыст,

ён аб’явіў непадлеглым

свой балацяны край.

Верабей,

каб падалей ад радыяцыі,

эміграваў у Бамбей.

Гіль –

у Ізраіль.

Сарока –

у Марока.

Дзяцел –

наадварот,

ён патрыёт,

любіць Нарач і Мядзел.

А гусь --

ведама, тутэйшая,

гаворыць уголас: Расея,

а ў думках гучыць -- Беларусь.

* * *

прачнуліся птушкі – а дзень ужо скончыўся

пець пачалі – сонца клікаць

сонца пабудзілі, ды самі стаміліся

сон змарыў – дзе сядзелі там і паснулі

а тая што ў палёце была

зоркай зазьзяла – вечарніцай

3. Чыгунныя масты па чарзе адпускаюць рукі ад берагоў

ВАВЭЛЬ

Каля абарончых муроў Вавэля бутафорскі дракон

пэрыядычна

дыхае полымем у бок Віслы,

але зусім ня страшна

нават маленькім дзецям,

якія са сьмехам абступілі страшыдлу,

як факіра на сьвяточным кірмашы.

Я зноў блукаю ля тваіх муроў – Вавэль,

здаецца, ведаю цябе зь сівой даўніны

столькі ж, колькі гэтыя Пагоні на тваіх

брамах і сьценах.

Скачуць вершнікі да роднага Полацку,

нясуць весткі з Вавэля --

не загады, бо ня любіць Полацак загадаў, –

толькі весткі пра інтрыгі, балі і фаварытаў,

альбо просьбы аб вайсковай дапамозе;

ня шмат тваіх слаўных сыноў, Полацак,

наведвалі гэтыя шыкоўныя залі,

ступалі на гэты ганаровы брук,

дзівіліся з гэтых шэдэўраў-габэленаў,

якімі шчодра завешаны сьцены палацу;

а хто і патрапляў сюды,

на вочы караля суседняе краіны,

ці заўсёды ён памятаў пра цябе,

вялікі Полацак?

Ці не асьляпляла яго багацьце

і пашанота двара манарха?

Ці не прачыналася тут, сярод бляску

і велічы, пачуцьцё зайздрасьці і сваёй

непаўнавартасьці?

І тады, забыўшыся на гонар,

сьпяшаліся зайздросьнікі засьведчыць

сваю адднасьць чужому каралю,

зракаліся сваіх звычаяў, традыцыяў, мовы,

забыйшыся на цябе, Полацак.

Быў у гэтых краёх, прынамсі, адзін палачанін

які выправіўся юнаком у далёкі Кракаў,

звалі яго Францішак;

толькі не блукаў ён па каралеўскіх залях,

не разглядваў біблійных сюжэтаў

на вялікіх – на усю сьцяну – габэленах,

не частаваўся смажанай алянінай са стала манарха

-- па веды выправіўся ў чужаніцу Францішак.

Я ступаў на тыя самыя сходы,

па якіх хадзіў дапытлівы палачанін,

гукаў у тыя самыя сутарэньні,

якія памятаюць голас юнака зь берагоў Дзьвіны,

дакранаўся да сьценаў храму навукі,

якія захоўваюць цеплыню ягоных далоняў,

пытаўся ў прафэсараў: як пабачыць земляка?

Ды ніхто ня ведаў – толькі паціскалі ў адказ

плячыма.

Усё адно я знайшоў яго.

На хвіліну Скарына адарваўся ад пільнага занятку

і, як сучасны кампутар, імкліва счытаў з майго твару

апошнія навіна з Бацькаўшчыны.

Ня буду доўга замінаць, дружа Францішак,

о! колькі наперадзе ў нас працы!

Да пабачэньня! Плёну дзеля велічы роднага Полацку!

А я сёньня адпачываю.

Вечарам зь сябрам выправімся

ў містычную рэстарацыю “Ружы і кроў”,

дзе замовім чырвонага віна,

якое, перш чым наліць у нашыя фужэры,

даюць пакаштаваць на смак.

Мы вып’ем за Полацак і за тваё здароўе, дружа Францішак!

Я буду па-беларуску

апавядаць сябру пра чароўнае месца,

дзе Палата сустракаецца зь Дзьвіною,

дзе Ян Баршчэўскі напаткаў свае фантастачныя прыгоды,

дзе Ластоўскі шукаў таямнічыя лабірынты…

Мой суразмоўца, які ніколі ня быў у Полацку,

будзе ветліва слухаць,

часам незаўважна пакідаючы цьмяную залю-сутарэньне

дзеля якіхсьці тэрміновых развагаў і думак.

Я гатовы апавядаць гэтым сьценам, манэкену мніха,

які стаіць за маёй сьпіной,

і нетаропкай афіцыянтцы…

Заўтра Вавэль будзе такім самым, якім памятаю яго з мінуўшчыны,

і пазаўтраму, і праз год, і праз стагодзьдзе,

і толькі Полацак будзе мяняцца:

адновіцца ўнівэрсытэт, вярнуўшыся ў муры былога Езуіцкага калегіюму,

адбудуецца сабор сьвятога Стэфана,

паўстануць помнікі героям, якія праславілі места,

народзіцца пантэон выбітных людзей Краіны,

а пад старажытнымі скляпеньнямі ўніверсытэту

зноў галава Дзядка, якая ўмее гаварыць на тузіне

эўрапейскіх моваў, будзе даваць парады полацкім шкалярам.

Калі ты прыедзеш адпачыць да нас у Полацак,

я абавязкова зваджу цябе да гэтай разумнай галавы,

каб ты сам-насам запытаўся ў яе пра ўласнае патаемнае,

пасьля чаго я правяду цябе па полацкіх лёхах

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги