што ўслед ім пагналася

Залатыя сонца промні

як прадукт каменаломні

За палянкай за далінкай

шлях закрэсьлены галінкай

НА ПОШУКІ ЗЬМЕЯ НАРАТА

О, гэты сьмяльчак, Раул Бопп*,

які накінуў на шыю Зьмею Нарата

пятлю i засіліў гразу сэльвы Амазонкі.

Ён так марыў ажаніцца з дачкою каралевы Лузіі,

што ўлез y скуру сваёй ахвяры

i зьмеям выправіўся на пошукі абраньніцы.

— Куды-ж ты, Зьмей Нарата? — пытаюцца

ў Раула Боппа жыхары сэльвы.

— Хачу я бачыць дачку каралевы Лузіі, —

адказваў усім сьмяльчак Раул.

Няпросты ён выбраў шлях — праз сэльву,

праз балоты, праз выпрабаваньні.

Уладзімер Славук** намаляваў-бы

шыкоўныя ілюстрацыі да гэтай гісторыі.

Зьмей y яго атрымаўся-б як сапраўдны —

блішчыць луска цела пад месячным сьвятлом,

блішчаць вочы Зьмея, выпраменьваючы адвагу i непахіснасьць,

a з пад кожнай купіны, з за кожнага дрэва

сочаць за ім жыхары сэльвы — хіжыя, кіпцюрыстыя, ікластыя;

толькі страшныя абрысы Зьмея Нарата

ратуюць Раула ад нападу кракадзілаў, ягуара i піраней.

О, гэты сьмяльчак Раул Бопп!

Як моцна ён жадае дачку каралевы Лузіі!

Вядома, ён пройдзе праз усе выпрабаваньні,

бо за праважатага ў яго адвага i ўпартасьць,

ён выкрадзе сваю абраньніцу, яны возьмуць шлюб

i будуць жыць, як i марыў Раул, y краі Бязьмежных Земляў.

Там, напэўна, яны жывуць i зараз i там я ix сустрэну

калі наведаю край, дзе горныя ланцугі ўздымаюцца ў неба,

дзе цякуць празрыстыя рэчкі між мулунгу — дрэў з

экзатычнымі кветкамі. Сам Раул будзе маім гідам,

ён пазнаёміць мяне з сябрамі i раскажа праўдзівую

гісторыю пра Зьмея Нарата i дачку каралевы Лузіі,

затым наладзіць выправу ў амазонскую сэльву,

будзе па-сяброўску пахлопваць па гузаватых баках

кракадзілаў, перасьвіствацца з дзіўнымі птушкамі,

частаваць ягуара са свайго паляўнічага нажа.

Ноччу, калі поўня падзеліць сэльву на дзве роўныя часткі,

я прачнуся i старожка выбяруся з намёта, падкіну дроў

y амаль згаслае вогнішча i ўпэўненым крокам пайду ў цямрэчу

зь ліанаў, пальмаў i трысьнягу — клікаць Зьмея Нарата.

* Раул Бопп — бразыльскі паэт пачатку XX стагодзьдзя.

** Уладзімер Славук — сучасны беларускі графік.

Падрыхтаванае на падставе: Алесь Аркуш, Проста ў сярэдзіну: Вершы — Вільня, 2001.

Перейти на страницу:

Поиск

Книга жанров

Похожие книги