Як ведама, старая беларуская літаратурная мова - мова гаспадарствавая Вялікага Княства Літоўскага, што разьвівалася на аснове паўночна-заходніх гаворак беларускага сярэдняга дыялекту і ўжо ў першай палавіне XV стг. сталася літаратурнай мовай[67], у сувязі з палітычным і нацыянальным заняпадам Беларусі ў XVII і XVIII стг. таксама ў гэным часе спыніла сваё існаваньне, як мова жывая. Новая беларуская літаратурная мова, што пачалася ў XIX стг. у выніку беларускага нацыянальнага адраджэньня, разьвівалася на аснове заходніх гаворак сярэдняга дыялекту беларускай мовы[68]. Як у сваім зараджэньні, гэтак і далейшым разьвіцьці яна ўжо не карысталася старой літаратурнай мовай, зь якой была страчаная ўсякая цягласьць разьвіцьця, але фармавалася й узбагачвалася на базе беларускай народнай мовы, чэрпала зь яе ўсе патрэбныя ёй словы й выразы, а таксама, як бывае нармальна ў разьвіцьці кажнае мовы, тварыла для новых паняцьцяў патрэбныя нэалягізмы згодна із законамі беларускае мовы. Гэткі кірунак разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы трываў да пачатку 30-ых гадоў, калі ў сувязі із русіфікацыйным палітычным курсам у СССР ён быў раптоўна спынены. Пачынаючы ад гэнага часу, асноўнай крыніцай і базай далейшага разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы сталася, як мы бачылі, вылучна расейская мова.
Пры гэтым расейская мова сталася ня толькі крыніцай далейшага разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы, як цьвердзіць савецкая лінгвістыка й як афіцыйна вымагаюць ад нерасейскіх моваў партыйныя дырэктывы, але навет, як мы бачылі на мностве прыкладаў, зь беларускай мовы выкідваюцца тыя ейныя граматычныя формы й словы, якія ў ёй існавалі й былі агульна замацаваныя ўжо раней, але розьніліся ад адпаведных формаў і словаў расейскае мовы. Такім парадкам русіфікацыя йдзе ня толькі ў пары з разьвіцьцём беларускай літаратурнай мовы, але й расьцягваецца на той ейны стан, у якім знаходзілася яна перад русіфікацыйнай кампаніяй, аб чым ані савецкая моваведа, ані партыйныя дырэктывы ў галіне мовы зусім не ўспамінаюць.
Беларуская літаратурная мова, разьвіваючыся перад русіфікацыйным пэрыядам на базе народнае мовы, як і наагул кажная мова, для абазначэньня ўводжаных у мову новых паняцьцяў багата папаўняла свой лексычны запас словамі міжнароднага паходжаньня, якія ў сучасных мовах цывілізаванага сьвету набылі інтэрнацыянальны характар. У сувязі з тым, што беларуская культура ў сваім разьвіцьці арыентавалася на заходнюю культуру, дык і запазычаньні беларускай мовай словаў інтэрнацыянальных адбывалася за пасярэдніцтвам моваў Захаду. Такія словы, лучыўшы ў беларускую літаратурную мову, або й надалей захоўвалі ў сабе некаторыя фанэтычныя й марфалягічныя элемэнты тых заходніх моваў, зь якіх былі запазычаныя, або, будучы раней запазычанымі й агульна пашыранымі, поўнасьцяй засыміляваліся, так што іхны іншамоўны характар пачаў зусім зацірацца.
Вось-жа яшчэ ў самым пачатку русіфікацыйнага працэсу ў СССР як савецкая моваведа, гэтак і партыйная палітыка пачалі тарнаваць прынцып, што ўсякія іншамоўныя словы могуць запазычвацца нерасейскімі мовамі толькі й вылучна за пасярэдніцтвам расейскае мовы. Інакш кажучы, было пастаўленае перад нерасейскімі мовамі патрабаваньне, што ўсе запазычаныя імі раней словы іншамоўнага паходжаньня, як і запазычаныя ў будучыні, павінны захаваць у кажнай нерасейскай мове ўсе тыя фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці, якія яны маюць у расейскай мове. Вышэй цытаваны савецкі мовавед М.Каммары выразна гаворыць, што агульная тэндэнцыя да моўнай інтэрнацыяналізацыі ў разьвіцьці моваў народаў СССР, побач з уплывам на гэтыя мовы расейскае мовы, выяўляецца «ў засвойваньні асноўнага фонду інтэрнацыянальнай лексыкі цераз пасярэдніцтва расейскае мовы»[69].
Пытаньня русіфікацыі іншамоўнага лексычнага матарыялу ў беларускай мове мы ў гэтым артыкуле не разглядаем з тае простае прычыны, што яно было тэарэтычна й у бальшыні выпадкаў практычна разьвязанае ўжо моўнай рэформай 1933 году, якая выходзіць за межы нашага разгляду. Адно варта прыпомніць, што ў самым пачатку русіфікацыйнай кампаніі, у пачатку 30-ых гадоў, у дачыненьні да нерасейскіх моваў народаў Савецкага Саюзу галоўная ўвага якраз была ськіраваная на раптоўнае й поўнае спыненьне моўных працэсаў, празь якія нерасейскія мовы папаўнялі свой лексычны запас інтэрнацыянальнымі словамі, арыентуючыся ў асноўным на мовы Захаду, абмінаючы пасярэдніцтва расейскае мовы. Прыкладам, у дачыненьні да ўкраінскай мовы, як паказаў праф. Р.Смаль-Стоцкі на падставе багатага матарыялу, русіфікацыйная кампанія фактычна й пачалася ад патрабаваньня ўніфікацыі на расейскай базе тэхнічнай і навуковай тэрміналёгіі, як і наагул усіх словаў іншамоўнага паходжаньня[70]. Таксама ў Беларусі галоўным аб'ектам бальшавіцкіх нападаў сталася дзейнасьць Тэрміналягічнай Камісіі Беларускай Акадэміі Навук з прычыны апрацоўваньня ёй беларускай навуковай і тэхнічнай тэрміналёгіі ў адрыве ад расейскае мовы.