Пасьлейшая моўная практыка ў СССР пасьля рэформы 1933 году працэс русіфікацьй словаў іншамоўнага паходжаньня ўжо поўнасьцяй завяршыла, так што беларускім элемэнтам у гэтай катэгорыі словаў астаўся адно правапіс, ды й той моцна зрусіфікаваны гэтай рэформай. Сяньня навет асабовыя собскія імёны разглядаюцца ў беларускай літаратурнай мове, як словы іншамоўнага паходжаньня й ужываюцца з расейскімі моўнымі асаблівасьцямі. Найбольш пракуднае для беларускай мовы ёсьць і тое, што ў яе цяпер мэханічна ўведзеныя з расейскай мовы зусім раней ня ўжываныя як у літаратурнай мове, гэтак і ў народных дыялектах імёны па бацьку («отчества»).
Савецкая сучасная моваведа згары залічае да расейскіх слоўных запазычаньняў наагул усе бяз вынятку словы іншамоўнага паходжаньня ў нерасейскіх мовах СССР, пры гэтым навет і такія словы іншамоўнага паходжаньня, якія ані фанэтычна, ані сваей словатворнай будовай нічым ня розьняцца ад расейскае мовы, а для дадзеных моваў усімі сваімі элемэнтамі становяць зусім незалежныя ад расейскае мовы запазычаньні. Гэтак успомнены беларускі савецкі мовавед М.Крукоўскі ўсе словы беларускае мовы інтэрнацыянальнага паходжаньня, якія ацэньвае на 13-15% усяго моўнага стану беларускае мовы, мэханічна адносіць да расейскіх запазычаньняў[71]. Такім парадкам савецкая моўная палітыка ськіраваная на спыненьне адначасна двух раўналежных працэсаў нармальнага й прыроднага разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы: ейнага базаваньня на беларускай народнай мове й ейнай арыентацыі на Захад у галіне прысвойваньня патрэбных інтэрнацыянальных словаў, прымусіўшы ў першым і другім выпадку арыентавацца вылучна на расейскую мову.
Галоўным лёзунгам беларускага нацыянальнага адраджэньня было захаваньне роднае мовы. Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя першым Францішак Багушэвіч кінуў славуты лёзунг: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі». Пасьлей Янка Купала, пераняўшы на сябе духовае правадырства беларускага народу, у шмат якіх сваіх праграмных вершах вызначаў ролю роднае мовы, як найважнейшага й наймагутнейшага фактару нацыянальнага йснаваньня беларускага народу. Гэтую ідэю падхоплівалі й разьвівалі іншыя беларускія нацыянальныя паэты, як у пэрыяд нашаніўскага адраджэньня, гэтак і пасьля - у пэрыяд нацыянальна-вызвольны. Сяньня, у часох найжахлівейшага нацыянальнага паняволеньня, гэтае пачэснае гістарычнае заданьне захаваньня роднае мовы ўзялі на сябе таксама беларускія паэты й пісьменьнікі, будучы поўнасьцяй сьведамымі, што йснаваньне мовы зьяўляецца раўназначнае з нацыянальным існаваньнем беларускага народу й ягонай нацыянальнай культуры.