Ускрайчык лесу быў увесь запаскуджаны сьветаўскімі аматарамі ўік-эндаў на прыродзе або іншымі нецьвярозымі натурыстамі ды школьнікамі, паўсюль выскоквалі небясьпечныя прагалы, аксамітнае вугольле блішчэла сярод заседжаных пнёў, ярка паблісквалі ў мёртвай траве пакеты й бутэлькі, сярод гэтай пачварнай прыземістай архітэктуры вар’яцелі дэградуючыя насякомыя... Фашысты памкнулі далей, у гушчар, і Вераніка рушыла за імі, кароткімі перабежкамі, лёгкі цень, павуцінка... Нарэшце яны дасягнулі чыстай ды схаванай ад вачэй паляны, якая спускалася да таго ж з узгорку, так, што на яе можна было толькі натрапіць, але не знайсьці... Фашысты трохі прыцішана пагаварылі, седзячы ў нізкай траве, потым дзяўчына ўпала на сьпіну, хлопец паваліўся на яе – сярод галаваломкі кустоўя дзьвюма налітымі сонцам ягадамі гарэлі вочы Веранікі. Яна бачыла, як дзяўчына прыўзьнялася, каб сьцягнуць зь сябе футболку, а потым ужо нічога не магла разгледзець толкам, толькі белыя ногі, якія даверліва прыціскаліся да азадку хлопца, раз-пораз выпростваліся, чорныя пяткі трохі пабоўтваліся ў паветры й зноў апускаліся, каб праз імгненьне сутаргавым рухам прагнаць ні ў чым не вінаватага авадня... Вераніцы гэта стала надакучваць, але ўнутры ў яе кіпела нешта зусім незнаёмае, яна шкадавала, што ня можа паклікаць зараз кагосьці, бо яна ж ведала, што пакуль дабяжыш да бліжэйшага дому, дзе жылі некалькі аднаклясьніц, фашысты ўжо скончаць свае справы; усё гэта было ня так цікава назіраць, як перажываць унутры, усьведамляць, рыхтаваць аповед на заўтра. Але вачэй Вераніка не адводзіла, ажно пакуль фашысты не заціхлі й не расчапіліся, утаропіўшыся ў неба. Ногі зацяклі, і трэба было вяртацца, аднак усе вайскова-спартовыя навыкі кудысьці зьніклі, і цяпер Вераніка баялася паварушыцца.

Парачка між тым сядзела ды кугікала, зусім не зьбіраючыся вызваляць Вераніку, ім было добра, бачыла Вераніка, добра на яе зямлі. Яна ўсё ж паварушылася, і трэск, які пачуўся пад яе анямелай нагой, трэск на ўвесь лясок, здавалася, выкрые Вераніку, пакажа яе ва ўсёй красе... – але не, фашысты не зьвярнулі на яе ўвагі ды працягвалі перамаўляцца на сваёй сьмешнай мове. Фашыстка нават ня стала нацягваць футболку, сядзела ды зь відавочным задавальненьнем падстаўляла грудзі сонцу. Вераніка раззлавалася, і гэта дапамагло ёй супакоіцца, яна паднялася, стараючыся ўсё ж заставацца ў засені куста, – і тут дзяўчына рассунула ногі, і хлопец апусьціўся туды, у вузкі загон між гэтых белых ног, якія нецярпліва падрыгвалі, і Вераніка не паверыла сваім вачам... Яна павінна была ўспрыняць гэтае шоў як вялікую ўдачу, але глядзець чамусьці не хацелася, яна адчувала, што няздольная, што не вытрымлівае, і з палёгкай адвярнулася, хаваючы вочы ў далонях, а потым пайшла, ня думаючы ўжо пра тое, заўважаць яе ці не, – не, усё ж маючы гэта на ўвазе: таму яна рушыла не назад, а ўбок, упэўненая, што знойдзе дарогу, ёй стала чамусьці холадна, рукі пакрыліся гусінай скурай, і бязьлітасна сьвярбеў укус на назе... Але па родным, знаёмым сьветаўскім лесе йшлі колы ад эпіцэнтру нядаўняй падзеі, трохі блытаючы каардынаты, і Вераніка заблудзілася, некалькі разоў спатыкнулася аб карчы, а потым паляцела галавой уніз зь нейкага схілу, які задаволена ссыпаў ёй усьлед цэлую кучу шэрага пяску – Вераніка прызямлілася на нешта мяккае, падобнае да моху, і не было моцы падняцца, так яна й ляжала колькі хвілінаў, у вузкай, накрытай ценем навіслых дрэваў лагчыне, пасярод якой стаяў забыты экскаватар, – парваная сукенка прысыпаная пяском, вуха ўтульна ўладкаванае на мяккім моху, лыткі павольна астываюць, і да іх дакранаюцца прахалодныя расьліны... Урэшце яна паднялася і, зь цяжкасьцю вырашаючы, як яна будзе ўсё тлумачыць бацькам, азірнулася навокал... Тое, на чым толькі што ляжала яе галава, прыцягнула ўвагу Веранікі – яна нахілілася ды ўзяла зь зямлі кудлаты, крыху вільготны ком, яна панюхала яго й запусьціла не бяз страху ў яго пальцы, а калі дапяла нарэшце, што трымае ў руках ня што іншае, як кучаравы, цёмнавалосы ды поўны заклапочаных малюсенькіх істотаў парык, кінула яго вобзем ды пачала няўмела таптаць.

***

Перейти на страницу:

Похожие книги