Былыя аднаклясьніцы Веранікі йшлі правераным шляхам ды шукалі сабе забясьпечаных філёзафаў, але выхаваньне Вераніка ўсё-ткі мела крыху іншае, і таму папросту ня ведала, што рабіць, і, бывала, ціха выла ад роспачы раніцай пад бацькаў храп з-за сьцяны. Цікава, як уладкаваліся яе сакурсьніцы, думала яна, адразу ж трапляючы ў абдымкі пякучай зайздрасьці, бо сакурсьніцам, хутчэй за ўсё, пашанцавала болей. Вераніка з жахам разумела, што з таго дня, як яны адзначылі ў рэстарацыі свае чырванаскурыя дыплёмы, нікога з курсу яна ня бачыла, якія ж нетрывалыя гэтыя чэргі, што калісьці здаваліся вечнымі, – чэргі па вышэйшую адукацыю... Выйсьце было ў тым, каб меней думаць і тапіць адчай у працы, але тут якраз жыцьцё адным махам усё вырашыла за яе: у адзін з адсырэлых ад працы ды непагадзі кастрычніцкіх дзён яна стала чорнай, як котка, брунэткай, і назаўтра йшла на працу з хвалюючым усьведамленьнем перамены... І тады кіраўніца цырульніцкага гуртку кінула Вераніцы на калідоры нешта зьедлівае, а Вераніка не стрымалася, адказала, ды так, як умелі адказваць у Сьвеце: набалела, ведаеце... Як ні ўгаворвала яе дырэктарка застацца ды папрасіць прабачэньня, Вераніка праявіла нечаканую для сябе цьвёрдасьць, дый ня цьвёрдасьць гэта на самой справе была: калі б дырэктарка адпускала яе без пытаньняў ды ўгавораў, можа, тады Вераніка і адступіла б. Але яна ціха паўтарала сваё “не”, і дырэктарка, – як заўсёды, з бурачковага колеру тварам, нібы пасьля лазьні, – уздыхнула й падпісала. А потым падзеі сталі разьвівацца так хутка, што ў Веранікі заняло дух. Ужо на наступным тыдні яна выпадкова спаткала былую сакурсьніцу, адну з тых, хто выконваў усе загады цудоўнай Іны ды называў Вераніку Тролем. Яны папілі кавы, замовілі сабе сухога марціні, сакурсьніца выслухала нешматслоўныя, няўпэўненыя скаргі Веранікі, вылаялася матам ды стала доўга распавядаць пра свае прыгоды, якія можна было б назваць сэксуальнымі, калі б не наяўнасьць у іх мутнаватага, прапахлага мясам кубіка ледзянога разьліку... Вераніка ня слухала, глядзела на вуліцу, ківала галавой. Нарэшце ў сакурсьніцы зазваніў тэлефон, яна нібыта ачуняла пасьля гэтага ды параіла Вераніцы: “Ідзі ў адміністрацыю раёну! Там якраз шукаюць маладога спэцыяліста. Выцерпіш год – значыць, будзеш мець да пэнсіі цёплае месца... Да таго ж там магчымасьці...” – і яна адкрыла рот ды рукамі паказала, якія там магчымасьці.
Назва аддзелу палохала Вераніку, да такіх сур’ёзных справаў яна яшчэ не дарасла, што яна будзе рабіць там, а раптам памыліцца (а яна абавязкова спачатку будзе памыляцца!), а праца ж зь людзьмі, з жывымі, яе памылка можа каштаваць ім многага!.. І ці хопіць ёй бесстароннасьці, ці хопіць вытрымкі, гэта ж пекла – працаваць з такім кантынгентам... Таму яна патэлефанавала толькі празь месяц, калі невыносна стала ўжо пад цяжкімі поглядамі бацькоў, і спадзявалася ўпотай, што малады спэцыяліст адміністрацыі ўжо не патрэбны, што ўжо ўзялі кагосьці. Прыемным мужчынскім голасам ёй прызначылі дзень. “І чаму я не бухгальтар?” – думала яна з прыкрасьцю, падымаючыся па лесьвіцы ды заходзячы ў фае. “Запрашалі ж калісьці дзеўкі зь імі на курсы...”. Ліфт падняў Вераніку на пяты паверх, яна знайшла патрэбныя дзьверы й пабачыла Яго.